Часта памяць міжволі вяртае многіх з нас у школьнае маленства, бо ўсе мы родам адтуль. А ў 88-гадовага Івана Дзям’янавіча Лявонава сёлета асаблівая нагода, каб успомніць далёкія, але такія незабываемыя і мілыя сэрцу школьныя гады.
Восемдзесят гадоў назад, першага верасня 1937 года, адчыніла перад вучнямі дзверы новая школа, сёння гэта гімназія №1
г. Масты. Іван Лявонаў стаў першакласнікам гэтай школы.
Каб падзяліцца ўспамінамі, Іван Дзям’янавіч не выпадкова зайшоў да нас у рэдакцыю. З “Зарой над Нёманам” ён сябруе ўсё свядомае жыццё, выпісваў і чытаў раёнку яшчэ тады, калі яна выходзіла пад назвай “Путь Победы”.
-- Нас першакласнікаў сабралася многа. Парты ў класе стаялі ў тры рады. У кожным радзе па пяць ці шэсць штук, і ўсе былі заняты. На жаль, ніхто з маіх аднакласнікаў не дажыў да сённяшніх дзён. Вучыліся мы на польскай мове. Школа насіла імя Юзэфа Пілсудскага. Імя і імя па бацьку свайго настаўніка не памятаю, бо мы звярталіся да яго “пан Якімчык.”Абавязковым было выкладанне закона Божага. У вучняў-католікаў заняткі праводзіў ксёндз, а ў праваслаўных -- бацюшка, -- з прыемнай настальгіяй успамінае Іван Дзям’янавіч пачатак свайго школьнага жыцця і шкадуе, што няма ўжо аднакласнікаў, з якімі можна было б падзяліцца ўспамінамі.
Іван паспеў закончыць два класы польскай школы. У трэці -- ісці не давялося, першага верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Замест школьных урокаў хлопчык запомніў, як немцы бамбілі завод. Пашанцавала, што бамбёжка адбылася ў перапынку паміж зменамі. Работнікі першай змены пакінулі завод, а другой -- яшчэ не прыйшлі на працу, а так ахвяр магло б быць больш. Літаральна праз некалькі дзён, сямнаццатага верасня, у горадзе ўжо сустракалі чырвонаармейцаў. Прыкладна на тым месцы, дзе сёння будынак раённага суда, упрыгожылі браму, падрыхтавалі хлеб-соль. Тады тут быў цэнтр мястэчка, толькі сённяшняя вуліца Савецкая насіла назву Доўгая. Неўзабаве аднавіліся заняткі ў школе, але ўжо на рускай і беларускай мовах. Івана і яго аднакласнікаў яшчэ на год пакінулі ў другім класе. Школа цяпер насіла імя Іосіфа Сталіна.
Іван Дзям’янавіч доўга і з усімі падрабязнасцямі распавядаў пра тагачаснае мястэчка, дзе чый дом быў пабудаваны, у якім месцы жылі настаўнікі, дзе -- інжынеры завода. Не абышоў у сваім расказе і трагічных момантаў жыцця: як у сорак чацвёртым годзе падарваўся на міне і ледзь не трапіў на той свет, як пасля вайны перапраўляючыся праз Нёман, патануў паром з людзьмі. А на тым пароме была і яго маці Марфа Еўламп’еўна. Успамінаў наш субяседнік, як вучыўся ў вячэрняй школе, а пазней усё жыццё працаваў на ФанДОКу электрыкам.
Лёс не песціў, але жыццёвыя выпрабаванні Іван Дзям’янавіч прымаў дастойна. Аптыміст па натуры, гэта дапамагае яму ў 88 гадоў без старонняй дапамогі ўпраўляцца дома, пяшком дабірацца ў магазін, аптэку, бальніцу і куды яшчэ патрэбна. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, ён імкнецца быць у курсе апошніх навін, а таму заўсёды выпісвае раённую газету “Зара над Нёманам”. Аператыўная інфармацыя, карысныя парады, інтэрв’ю з кампетэнтнымі спецыялістамі – тут можна знайсці шмат цікавага. Іван Дзям’янавіч -- чалавек рознабаковых інтарэсаў. Яго бадзёрасці і энергіі можна толькі па-добраму пазайздросціць.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
На здымку: Іван Дзям’янавіч ЛЯВОНАЎ амаль усё жыццё сябруе з раённай газетай і адтуль даведваецца пра самыя цікавыя мясцовыя навіны.
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад