Днямі 30-гадовы юбілей сваёй творчай дзейнасці адсвяткаваў народны вакальны ансамбль Гудзевіцкага цэнтра вольнага часу і культуры з прыгожай назвай “Зараначка”, якая сугучна з назвай нашай раённай газеты.
Радасць значнай падзеі разам з калектывам раздзялілі намеснік старшыні Мастоўскага райвынканкама Марына Давыдзік, дырэктар раённага цэнтра культуры Анастасія Купрыян, галоўны спецыяліст сектара культуры Ганна Пужаль, старшыня Гудзевіцкага сельсавета Вікторыя Палойка, настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы аг. Гудзевічы айцец Мікалай Сень, а таксама аднавяскоўцы і ўсе аматары іх творчасці. Не прамінулі павіншаваць юбіляраў былыя вакалісты ансамбля, а таксама таленавітая гудзевіцкая моладзь з эстраднай студыі “Мара”.
Якая ж яна, “Зараначка”? Добрая, пяшчотная, прыветлівая, душэўная, якая дорыць радасць сустрэчы з цудоўным светам музыкі. І калі дванаццаць жаночых галасоў (а менавіта столькі чалавек налічвае калектыў) зліваюцца ў адзін – нараджаецца песня. Яна – верная спадарожніца іх думак і настрою, адлюстраванне іх насычанага і шматграннага жыцця.
– Больш за два дзясяткі гадоў не здраджваюць “Зараначцы”, песні і гледачу Валянціна Сырэль, Лілія Ценкуш, Алена Бергель, Наталля Ралейнік, – расказвае кіраўнік калектыву і яго творчы натхняльнік, загадчыца Гудзевіцкага цэнтра вольнага часу і культуры Антаніна Чэрнік. – Сваімі яркімі чаруючымі галасамі ўпрыгожылі “Зараначку” Іна Каспшак, Святлана Трацяк, Вольга Занеўская, Яніна Рагацэвіч, Жанна Жук, Святлана Шчарбіна, Таццяна Прудзілка. Падтрымку, і не толькі ў творчых пытаннях, мы заўсёды знаходзім у нашага акампаніятара Уладзіміра Чэрніка.
Каб выклікаць сімпатыю ў гледача, заставіць яго смяяццца ці плакаць, суперажываць і разважаць, трэба пастаянна развівацца і здзіўляць. У “Зараначкі” гэта атрымліваецца. Ды і як іначай, калі песня ў іх выканананні ідзе з глыбіні душы, а песня гэтая пра любоў – паняцце вечнае і ўсеабдымнае.
– Свой юбілейны канцэрт мы, па добрай даўняй традыцыі, адкрылі “Песняй аб добрым настроі” з вядомага савецкага кінафільма, дзе яе выконвае Людміла Гурчанка. Гэтым самым мы задалі станоўчы тон, стварылі даверлівую атмасферу, у зале адразу стала святлей і цяплей ад шчырых усмешак, якія “ўпрыгожылі” твары нашых слухачоў, – расказвае Антаніна Мікалаеўна.
Трэба сказаць, што на гэты раз на суд сваіх надзейных прыхільнікаў “Зараначка” падрыхтавала канцэртную праграму “Музыка любові”, якую склалі песні з рэпертуара розных гадоў.
Дарэчы, акрамя любімых усімі «Молитвы», «Путников в ночи», «Не торопись», ёсць ў канцэртным лісце калектыву таксама кампазіцыі на англійскай, польскай і нават італьянскай мовах. Жанравая характарыстыка таксама вельмі розная: ад народных матываў і папулярных мелодый да духоўнай і акадэмічнай музыкі. І тут галоўны прынцып – каб “зараначкам” самім падабалася і, так казаць, клалася на душу.
Наш расказ пра гэты творчы калектыў не будзе поўным, калі мы не ўспомнім, што “Зараначка” – актыўны ўдзельнік фестываляў праваслаўных песнапенняў і іншых творчых конкурсаў і канцэртных праграм як у аграгарадку Гудзевічы, так і ў Мастах. Песні ў выкананні гудзевіцкіх “зараначак” нават самы спакуслівы слухач заўсёды ўспрымае на “ўра”, падмацоўваючы свае добрыя стасункі дружнымі апладысментамі.
Дарэчы, далоні гледачоў юбілейнага выступлення таксама балелі ад апладысментаў у адрас таленавітых жанчын і іх душэўнай, такой па-хатняму цёплай і добрай творчасці. Тым больш прыемна, што такі знак увагі як апладысменты былі на гэты раз падмацаваны ўзнагародамі, падарункамі і добрымі пажаданнямі. За шматгадовую творчую дзейнасць вакальны ансамбль “Зараначка” быў узнагароджаны Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра і Падзякай старшыні Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта.
А добрым напамінкам аб значнай падзеі для ўсіх удзельнікаў святочнага мерапрыемства сталі кішэнныя календары з выявай удзельнікаў “Зараначкі”, падараваныя старшынёй сельвыканкама.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота прадастаўлена Гудзевіцкім цэнтрам вольнага часу і культуры
Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале
Подписывайтесь по ссылке
#творчество #Гудевичи #Мостовщина
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад