Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизнь

І дача ў прыдачу

І дача ў прыдачу30 апреля 2013 — 10:00

Хоць надвор’е яшчэ  не радуе  вясновым цяплом, дачнікі ўжо гатовы ў любы момант «рынуцца ў бой”. Насенне закуплена, інвентар адрамантаваны, расада радуе дружнымі ўсходамі…

А мы, напярэдадні сезона, вырашылі пацікавіцца ў дачнікаў са стажам, чым для іх з’яўляецца дача. Гэта праца, адпачынак ці сродак папаўнення харчовых запасаў?

 

Таццяна Уладзіміраўна:

— Мы любім бываць на дачы ўсёй сям’ёй, з дзецьмі і ўнукамі. Для нас гэта і магчымасць папрацаваць фізічна, і адпачыць на свежым паветры, пабыць разам, падзяліцца навінамі і планамі на будучае. Без перабольшвання, дача для нас – гэта зарад энергіі на прадстаячы працоўны тыдзень.

 

Мікалай Іванавіч:

— Ну, адпачынак тут такі, а вось працы сапраўды хапае. Ускапаць, падкарміць, пасадзіць, даглядзець – усё адразу і пералічыць цяжка. Затое, якое потым задавальненне пахрусцець свежанькім агурчыкам з уласнага агароду, пачаставацца наліўнымі яблычкамі і іншай садавінай ды агароднінай!..

Так што дача – гэта тры ў адным: і праца, і адпачынак, і сродак папаўнення харчовых запасаў сям’і.

 

Ала Антонаўна:

— Я ўжо чакаю-не дачакаюся, каб хутчэй пацяплела, і паехаць на дачу. А летам мы з мужам увогуле выяз-джаем з душнага горада ў наш невялічкі дачны домік. Паблізу – лес, дзе ёсць і ягады, і грыбы, рэчка, а таксама ўласная, без хіміі, агародніна. Што яшчэ трэба?! Сяброўкі клічуць у санаторый, а мне лепшага адпачынку, як на дачы, і жадаць не хочацца.

 

Сяргей Міхайлавіч:

— Гэта маладыя мараць мець усё і адразу і каб не працаваць. А куды сёння без працы?! Вось і працуем мы ўсю вясну, лета ды восень на сваіх дзесяці сотках, каб мець у запасе джэмы, сокі, марынады. Што ні кажыце, а смак уласна прыгатаванага варэння ні ў якае параўнанне не ідзе з купленым. Таму, усе – на дачу, за вітамінамі і добрым настроем.

 

Вось такія адказы мы атрымалі на наша пытанне. Па праўдзе кажучы, слухаючы суразмоўцаў, захацелася…на дачу. Тут табе і чыстае паветра з пахам хвоі, і спеў птушак, і сонца, і фізічная разрадка пасля працоўнай мітусні і напружання.

 

Гутарыла Н. СВЯТЛОВА

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио