Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

... І плятуцца ўзоры з духмянай травы

... І плятуцца ўзоры  з духмянай травы09 февраля 2018 — 09:42

Нядаўна адкрыла для сябе надзвычай арыгінальнае рамяство – спіральнае пляценне з травы. Уяўляеце: хлебніцы, падносы, сухарніцы, бочачкі, падстаўкі пад гарачае, вазы, сумачкі, капелюшы, сувенірныя падвескі і гаршчочкі, што пахнуць ... летам.

 

Так-так, усе гэтыя рэчы, сплеценыя з травы, захоўваюць у сабе не толькі цяпло чалавечых рук, але і ўспаміны пра летнюю пару. А з таямніцамі духмяных вырабаў і сакрэтамі творчасці нас пазнаёміла майстар раённага цэнтра рамёстваў Вольга Вайтовіч.


Хто б сумняваўся, што навыкамі пляцення з траў ці саломы добра валодалі нашы продкі. Напэўна, і зараз дзе-небудзь у каморы дзядулінай хаты захоўваецца вялізная сплеценая бочка, куды сыпалі зерне. Дастаткова працяглы час гэты від рамяства быў несправядліва забыты, пашырылася пляценне з саломкі і лазы. І вось два гады таму ў раённым цэнтры рамёстваў пачалі аднаўляць страчаныя навыкі.


-- Спачатку я таксама займалася саломапляценнем. Гэта было маім захапленнем, хобі, якое паступова перарасло ў прафесійную дзейнасць. А аднойчы ў інтэрнэце натыкнулася на работы майстра Людмілы Гаравой, якія настолькі ўразілі і запалі ў душу, што вырашыла паспрабаваць, -- расказвае Вольга. Некалькі онлайн-заняткаў і шматлікія самастойныя спробы прынеслі жаданы вынік. Зараз, дасягнуўшы пэўных вышынь у авалоданні тэхнікай спіральнага пляцення з травы, наша суразмоўца ўжо сама праводзіць майстар-класы.


Падзяліцца сакрэтамі гэтай карпатлівай работы Вольга пагадзілася і са мной. Вось на стале – папярэдне высушаная і крыху змочаная перад пляценнем трава, ільняная нітка і іголка... Першы пучок і нясмелыя рухі... Аднак, дзякуючы ўмелым рэкамендацыям майстра, на змену няўпэўненасці і напружанасці паступова прыходзіць радасць удалай першай спробы, якая павялічваецца з кожным новым шыўком і завітком спіралі. І вось ты ўжо адчуваеш, як трава становіцца ў тваіх руках больш паслухмянай, аддаючы табе сваё цяпло і водар, а рэч паступова набывае акрэсленасць. Без малога гадзіна – і ты трымаеш падстаўку пад гарачае, сплеценую ўласнаручна. Гэта прыводзіць у сапраўднае захапленне і надае надзвычай яркія эмоцыі!
Між тым, пакуль мы працавалі, Вольга працягвала даваць карысныя практычныя парады:


-- Калі саломку трэба нарыхтоўваць толькі ў пэўны перыяд, дык з травой усё прасцей: выйшаў у поле ці паблізу балота, і зразай патрэбнай даўжыні. Толькі беражыце рукі, бо можна парэзацца. Для пляцення падыходзіць абсалютна любая трава – рагоз, сітнік, аер. Пасля яе трэба высушыць у добра праветрываемым і пажадана цёмным памяшканні, каб не згубіла свайго зялёнага колеру. І ўсё, матэрыял для рэалізацыі вашых творчых задумак гатовы. Застаецца толькі настроіцца на станоўчыя думкі, запасціся цярпеннем, заклікаць на дапамогу жаданне і натхненне – і пачынаць тварыць.


Майстар упэўнена, што рэчы, зробленыя сваімі рукамі, валодаюць нейкай патаемнай гаючай сілай і пазітыўнай энергетыкай. Вось і сплеценыя з травы вырабы не толькі надаюць хатняму інтэр’еру своеасаблівы каларыт і ствараюць атмасферу ўтульнасці, але і, кажуць, прыносяць у дом лад і згоду, засцерагаюць ад нягод. Існуе меркаванне, што плеценыя ўзоры зачароўваюць сваімі супакойваючымі рытмамі і тым самым абараняюць ад стрэсаў. У ліку іх станоўчых вартасцей, несумненна, экалагічнасць, лёгкасць, трываласць і практычнасць. Пры беражлівых адносінах прадметы быту не губляюць сваіх уласцівасцей дастаткова доўга.
Ад сябе дадам, што не толькі самі плеценыя рэчы, але і работа над імі, прыносіць заспакоенасць і добры настрой. Гэта выдатны сродак абстрагавацца ад хатніх клопатаў і працоўных будняў, прывесці ў парадак думкі і знайсці гармонію з прыродай. А ўсяго толькі і трэба, што пучок травы, жаданне і майстар, які дапаможа і падкажа...

Н.ШЭЎЧЫК
Фота аўтара


 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио