Нядзельны дзень 23 жніўня ў в. Задвор’е быў з дробным летнім дожджыкам, якога даўно чакалі ўсе сяльчане. Гэты дожджык не перашкодзіў усім гасцям і жыхарам в. Задвор’е, навакольных вёсак Пясчанка і Баяры сабрацца на свята вёскі “Зямля бацькоў – зямля святая”.
У вёсцы з даўніх давён любяць і паспяваць, і патанчыць, і паслухаць добрую песню. А сёння можна і свята адзначыць, і канцэрт добры паслухаць.
Вёска Задвор’е раскінулася ў маляўнічым куточку Ліпічанскай пушчы на беразе ракі Сіпа, аднаго з прытокаў ракі Шчара. Першыя звесткі аб вёсцы датуюцца 1816 годам. Тады тут было 14 двароў, у якіх пражывала 98 вяскоўцаў, а перад Вялікай Айчыннай вайной тут ужо мелася 75 двароў з 260 жыхарамі.
75 гадоў прайшло з дня Пермогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а людзі памятаюць і шануюць памяць 260 яе жыхароў і навакольных вёсак, якія былі спалены і закатаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гэтая мірная вёсачка і яе насельнікі ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе “Хатынь” і “Шымкі”. У самой вёсцы на магіле ахвяр фашызма пастаўлены помнік-скульптура партызана з аўтаматам. Памяць аб усіх загінуўшых аднасяльчанах прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання. Жыхарка вёскі а Аліна Васільеўна Мазайла пажадала ўсім аднавяскоўцам здароўя, дабрабыту і мірнага неба над усёй нашай беларускай зямлёй, за якую пралілося столькі слёз і крыві нашых дзядоў і прадзедаў.
На свяце ўшанавалі самага старэйшага жыхара в.Задвор’е Максіма Канстанцінавіча Дубіцкага, якому ў верасні спаўняецца 90 гадоў, і самую юную жыхарку вёскі Ангеліну Ісенаву, якая пойдзе ў першы клас.
Услаўлялі працавітых, руплівых даглядчыкаў жывёлы М.У. Сарвас, П.А.Пузач, В.А. Прэдка, Р.В. Гнаявы, загадчыка фермы Ч.С. Кахновіча, ветурача С.І. Цярэшку, вартаўніка А. М. Сарваса.
Много шчырых слоў гучала за любоў да працы і стараннасць загадчыку зернесклада, а заадно і старасце вёскі, Міхаілу Васільевічу Мазайлу. Ушанавалі і як лепшых гаспадароў Л.К. Новік, М.А. Новік, В.М. Дубіцкага, Л.А. Намойлік. Для ўсіх іх прагучалі добрыя, задушэўныя песні ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Курылавіцкага дома культуры.
І, хоць дождык ціхенька церушыў, ніхто не разыходзіўся. Са сваімі песнямі і танцамі выступілі госці са Шчучынскага раёна.
Свята вёскі Задвор’е надоўга запомніцца яе жыхарам.
Галіна САЎЧУК,
загадчык філіяла
“Курылавіцкі цэнтр вольнага часу
і культуры”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад