Установы культуры Мастоўскага раёна далучыліся да абласной акцыі “Зорка герояў”.
У Мастоўскім дзяржаўным музеі “Лес і чалавек” у зале, прысвечаным партызанскаму руху на Мастоўшчыне, з’явілася фотазона ў форме чырвонай зоркі.
– На яе кожны жадаючы можа прымацаваць таблічку ці фотаздымак з імем свойго дзядулі, прадзядулі ці іншага члена сям’і, які прайшоў дарогамі Вялікай Айчыннай вайны, – тлумачыць дырэктар музея Наталля Пуцілоўская. – А затым тут жа можна зрабіць сумеснае фота на памяць.
Тэматычная фотазона з выкарыстаннем выявы зоркі аформлена і ў Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі. Аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны з ліку мясцовых жыхароў тут нагадвае сумесны фотаздымак і спіс землякоў. Папоўніць яго можа любы наведвальнік музея.
Крэатыўныя ідэі і пасыл да моладзі памятаць і захоўваць мір – такімі прынцыпамі кіраваліся падчас афармлення фотазон у раённай бібліятэцы, раённым цэнтры культуры, дзіцячай школе мастацтваў.
Аб’ядноўваючая сіла нашай памяці і ўдзячнасці пакаленню Пераможцаў, якія выстаялі ў складаны час жыццёвых выпрабаванняў, прынеслі на родную зямлю мір і спакой, не мае межаў і часавых абмежаванняў. І сёлета, у год 75-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, гэтая тэма набывае асаблівае гучанне і значэнне.
Мастоўшчына памятае! Мастаўчане памятаюць сваіх родных і блізкіх, сваіх землякоў, якія не шкадавалі сіл і ўласнага жыцця дзеля агульнай Перамогі. “Зоркі герояў” на працягу юбілейнага года будуць ззяць на Мастоўшчыне ў іх гонар.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара і прадастаўлена Гудзевіцкім музеем, Мастоўскай ДШМ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад