Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

Зноў гучыць званок...

Зноў гучыць  званок...05 октября 2018 — 11:29

У народзе кажуць: ”Калі цябе хвалюе заўтрашні дзень - сей зерне, калі будуеш планы на дзесяць год наперад - садзі сад, калі ж на сто гадоў- выхоўвай дзяцей…”. Вось і я ўжо трыццаць сем гадоў выхоўваю сваіх вучняў, з дня ў дзень ходзячы знаёмай сцяжынкай у родную Азёркаўскую школу, якую сама закончыла ў 1980-ым годзе…

 

Ужо тады я вызначыла прынцыпы, якімі кіруюся ў сваёй дзейнасці і сёння: дапамагаць, разумець, падтрымліваць, супрацоўнічаць і, вядома ж, любіць. Толькі той, хто любіць дзяцей, любіць сваю справу, можа дарыць любоў іншым. Праз любоў, узаемапавагу, дабрыню, міласэрнасць ідзе станаўленне маленькай чалавечай асобы.

 

Для сябе вызначыла, што вельмі важна не толькі даваць веды па прадмеце, але весці і краязнаўчую работу, займацца этнаграфічнай дзейнасцю, развіваць творчыя здольнасці, выхоўваць патрыятычныя пачуцці, культуру здаровага ладу жыцця, фарміраваць маральныя якасці, светапогляд навучэнцаў.

 

Для мяне, як настаўніка роднай мовы, прыдатнай глебай для рэалізацыі выхаваўчай задачы з’яўляецца этнаграфія і краязнаўства. Праз пазакласную, навукова-даследчую дзейнасць знаёмімся з самабытнасцю беларускага народа. А вандроўкі! Колькі іх было за гэты час! Думаецца, што вучні, якія шчыра любяць сваю Радзіму, ведаюць яе гісторыю, з павагай адносяцца да сваіх землякоў, не здольны здзяйсняць дурныя ўчынкі.

 

І вось зноў гучыць званок. Гэта значыць, што прыйшла восень - час збору ўраджаю. Які ён, мой ураджай? Гэта, безумоўна, вынікі працы. А яны былі за ўсе гады маёй прафесійнай дзейнасці. Мае вучні з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі разнастайных конкурсаў. Разам з імі мы пішам сачыненні, вершы, распрацоўваем сцэнарыі, арганізуем выступленні, удзельнічаем у канферэнцыях. На працягу некалькіх гадоў мае дзяўчынкі былі прызёрамі алімпіяд. Слёзы радасці з’яўляюцца на вачах, калі бачыш станоўчыя эмоцыі, якія перажываюць вучні ў такія хвіліны шчасця. Тады разумееш, што толькі дзеля гэтага варта працаваць.

 

Так, перамогі заўсёды радуюць. Але жыццё не стаіць на месцы. Надыходзіць час, калі я павінна зрабіць прамежкавы вынік сваёй дзейнасці. Гэта перыяд роздуму, асэнсавання памылак. Гэта яшчэ адна прыступка да ўсведамлення таго, што я на правільным шляху, што не збілася з яго.

 

Не магу ўявіць сваё жыццё без школы, без сваіх выхаванцаў. Навучаючы, выхоўваць - вось галоўнае прызначэнне педагога. Быць настаўнікам - гэта не толькі павышаць інтэлектуальны ўзровень вучняў, але і ўзбагачаць іх духоўна.

 І так за годам год…Будуць новыя зімы, новыя вёсны. Такія ж падобныя, але  ўсё ж кожны раз новыя…

 

Т. Галавач,

 настаўнік беларускай мовы і літаратуры

дзяржаўнай установы адукацыі 

“Азёркаўская сярэдняя школа”

 

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио