Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

Знаўцы мовы і роднага краю

Знаўцы мовы   і роднага краю08 декабря 2017 — 12:43

 

Жыццё чалавека не стаіць на месцы. Яно імкліва дзень за днём бяжыць наперад… Наперад нечаму новаму, дагэтуль яшчэ неспазнанаму…


А жыццё ў школе не прыпыняецца амаль што ўвогуле: урокі, перапынкі, мерапрыемствы, алімпіяды, конкурсы…
Вось і ў нашай школе мінулы тыдзень быў вельмі багаты на розныя мерапрыемствы: праходзіў інтэгрыраваны тыдзень беларускай, рускай і нямецкай моў.


У панядзелак з васьмі гадзін раніцы працавалі літаратурныя вароты “Залацінкі народнай мудрасці”. Каб прайсці праз іх, як вучням, так і настаўнікам школы неабходна было адгадаць загадку, патлумачыць значэнне фразеалагізма, працягнуць прыказку, прагаварыць скорагаворку. За правільны адказ кожны атрымаў салодкі пачастунак-цукерку.


А ў аўторак у актавай зале праходзіў вясёлы кірмаш “Пакаштуйце, людцы, калі ласка!” Члены аб’яднання па інтарэсах “Этнаграфічны гурток “Спадчына” падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне. Усім было весела і цікава. Затым быў арганізаваны сапраўдны торг-кірмаш: адны прадавалі -- другія куплялі. У рамках дабрачыннай акцыі “Падзяліся сваёй дабрынёй” вучні школы сабралі грошы і набылі канцылярскія тавары для выхаванцаў раённага дзіцячага сацыяльнага прытулка.
Цікавымі і пазнавальнымі былі для вучняў этнаграфічны турнір “Беларуская даўніна” і інтэлектуальная гульня “Хто хоча стаць мільянерам?”, якія праходзілі ў чацвер і пятніцу.


А вось суботу -- шосты школьны дзень -- усе чакалі з вялікім нецярпеннем. Для вучняў 4-8 класаў была арганізавана экскурсія. Першым прыпынкам была дзяржаўная ўстанова адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета”, дзе мы наведалі музей баявой славы. Хочацца яшчэ раз сказаць “дзякуй” адміністрацыі гэтай навучальнай установы за цёплы прыём і за цікавую і змястоўную экскурсію, якую правяла для нас настаўнік беларускай мовы і літаратуры Л.У. Эйсмант.


Далей наш аўтобус накіраваўся ў аграгарадок Гудзевічы ў дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. На парозе “Беларускай хаткі” нас гасцінна сустрэла М.А. Сідар. З вялікім задавальненнем і прыемнымі ўражаннямі дня мы вярталіся дадому. А ў гэты час вучні 9-11 класаў ужо збіраліся ў школе для правядзення літаратурна-музычнай кампазіцыі “Імя тваё -- Марына!” У чарговы раз было ўспомнена імя Марыны Цвятаевай, чыталіся вершы паэткі, гучала музыка.


Т. ГАЛАВАЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
дзяржаўнай установы адукацыі
“Азёркаўская сярэдняя школа”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио