04 мая 2026 — 10:21
Вясна 1986 года падзяліла жыцці сотняў тысяч людзей на “да” і “пасля”. У адзін дзень звыклы свет - з квітнеючымі садамі Палесся і сямейнымі рэліквіямі - ператварыўся ў “зону адчужэння”, а самі жыхары сталі перасяленцамі. Тады, у цесных аўтобусах, якія везлі іх у невядомасць, здавалася, што жыццё абарвана назаўжды.
Аднак праз дзесяцігоддзі гэтая гісторыя набыла іншае гучанне. Нягледзячы на горыч страты і нябачны цень радыяцыі, людзі, якія страцілі ўсё, здолелі здзейсніць ціхі подзвіг: яны пусцілі карані на новай зямлі. Гэта аповед пра тое, як учарашнія бежанцы з Прыпяці і палескіх вёсак будавалі дамы, выхоўвалі дзяцей і станавіліся неад'емнай часткай новай супольнасці. Пра тое, як памяць аб пакінутым доме перастала быць адкрытай ранай, ператварыўшыся ў падмурак для новага, стваральнага жыцця.
Сям’я маіх бабулі і дзядулі па лініі маці належыць да ліку тых, каго кранула адна з самых страшных катастроф чалавецтва. Пасля аварыі на ЧАЭС жыхары вёскі Валаўск Ельскага раёна Гомельскай вобласці былі вымушаны пераехаць і пакінуць свае дамы.
Маёй бабулі Пяцюлька (Бернатовіч) Марыі Віктараўне тады быў 31 год, а дзядулю Пяцюлька Вацлаву Іосіфавічу –34. Разам з маленькімі дзецьмі яны жылі ў вёсцы Валаўск Ельскага раёна. Маёй маме тады было 12 гадоў.
Мой дзед добра памятае той дзень, 26 красавіка 1986 года.
“Я тады быў механізатарам саўгаса “Валаўскі” Ельскага раёна і працаваў на сяўбе, – успамінае Вацлаў Іосіфавіч. – Прайшоў лівень з градам, які пазбіваў усё азімае жыта на палях. Толькі пасля майскіх свят жыхары даведаліся, што ўзарваўся рэактар на ЧАЭС. Але тады ніхто яшчэ не ведаў пра маштабы катастрофы.
У Ельск сталі прыязджаць камісіі, з'явілася спецыяльная тэхніка, прыбыло шмат вайскоўцаў, якія праводзілі дэзактывацыю, здымалі грунт. Ад прадчування бяды ў душах людзей пасяліўся страх. Яшчэ праз два гады жыхары даведаліся, што іх вёска падлягае адсяленню. Як жа зараз быць? Напэўна, не было ў той час чалавека ў нашым раёне, які б не задаваў сабе гэта пытанне. Вяскоўцы з'язджалі з родных месцаў, пакінуўшы ўсё. Моладзі трохі лягчэй было змірыцца са стратамі. Складаней было людзям старэйшага ўзросту, многія засталіся.”
Жыць у “зоне” ім прыйшлося чатыры гады. Потым мой дзед з жонкай і пяццю малымі дзецьмі пераехаў у вёску Струбніца Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці, адкуль сам быў родам. Тут у 1990 годзе пачалі новае жыццё. Перасяленцы атрымалі новы дом на вуліцы Садовая.
“Было ўжо лягчэй, – расказваў дзед, – быў дах над галавой, была работа, былі людзі, якія падтрымалі маладую сям’ю перасяленцаў”.
Вацлаў Іосіфавіч і Марыя Віктараўна працавалі ў КСУП “Імя А.Міцкевіча”, трымалі гаспадарку, агарод. Зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Дзеці ўжо выраслі, маюць свае сем'і, трое з іх засталіся жыць і працаваць у Струбніцы.
У былую сваю вёску Валаўск яны ездзілі восем год таму. Наведалі магілы родных. Сваякі, якія зараз жывуць на Гомельшчыне, не адразу іх пазналі, але пасля разам плакалі па згубленай радзіме. Пазней да нас прыязджалі бабуліны сёстры, а ў бліжэйшыя дні на Гомельшчыну збіраецца ехаць мая цёця Раіса, старэйшая дачка бабулі і дзядулі, са сваёй сям’ёй. Сувязь паміж блізкімі людзьмі не губляецца.
Прайшло 40 год, а чорны дзень Чарнобыльскай трагедыі працягвае хваляваць маіх дзядулю і бабулю. Гэты дзень будзе заўсёды аб'ядноўваць усіх нас аднымі ўспамінамі, адным смуткам, адной надзеяй.
Абярэгам сямейнага дабрабыту нашай сям’і на працягу амаль ста гадоў з’яўляецца вясельны ручнік, вытканы і вышаты прабабкай Бернатовіч Агнешай. Гэты ручнік перадаецца ў час вясельнага абраду, на ім бацькі трымаюць хлеб- соль, калі сустракаюць маладых. Самае каштоўнае для нас – “Евангелле ад Матфея” 1891 года выдання, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне па жаночай лініі. Гэту сямейную рэліквію набыла прабабуля ў кніжнай лаўцы. Святыня беражэ ўжо пятае пакаленне сям'і. Мы молімся за кожнага з нас, за нашых родных, якія жывуць у вёсцы Валаўск.
Праз дзесяцігоддзі пасля катастрофы гісторыя перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны перастала быць хронікай адных толькі страт. Гэтыя людзі даказалі, што дом - гэта не толькі кропка на карце або сцены, пакінутыя ў зоне адчужэння. Дом - гэта ўнутраная сіла, здольнасць чалавека сагрэць сабой прастору вакол, дзе б ён ні апынуўся.
Вядома, памяць аб “той” вясне ўсё яшчэ жыве ў старых фотаальбомах і ціхіх размовах за чаем. Але сёння гэта ўжо не крык аб дапамозе, а спакойны гонар тых, хто выстаяў. Чарнобыльская трагедыя засталася ў падручніках гісторыі, а ў рэальнасці засталіся людзі - жывыя, моцныя, якія сталі на новай зямлі сваімі. Яны не проста выжылі, яны прараслі ў новае жыццё, пацвярджаючы старую ісціну: жыццё заўсёды аказваецца мацнейшым за самы магутны атам.
Настаўніца ДУА “Пескаўская сярэдняя школа
ім. Героя Савецкага Саюза В.І.Яронькі”
Юлія Чарніцкая
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад