Час ляціць птушкай. Не паспееш азірнуцца, а твае вучні, якія сталі блізкімі і роднымі за гады вучобы, ужо ўпэўненыя ў сабе, перспектыўныя, таленавітыя юнакі і дзяўчаты. Выпускнікі 2020 года ДУА “Рагозніцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” – пераможцы алімпіяд, конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый, спартсмены, крэатыўныя маладыя людзі. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна развітваліся з дзяцінствам, а ўжо сёння ў іх актыўнае студэнцкае жыццё.
Крысціна Раманенка – адна з яркіх і таленавітых выпускніц. Старанна вучылася ў школе, змагалася і атрымлівала перамогі. У яе скарбонцы ўзнагарод шмат дасягненняў: дыплом І ступені ў раённым этапе і ІІ ступені ў абласным этапе Рэспубліканскага інтэрнэт-конкурсу літаратурных работ “Зямля пад белымі крыламі”, дыплом І ступені раённага этапу конкурсу юных журналістаў “Ты ў эфіры”, дыплом ІІІ ступені ў раённым этапе конкурсу “Выратавальнікі вачыма дзяцей”, дыплом І ступені раённага этапу і дыплом удзельніка абласнога этапу конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка”, дыплом ІІІ ступені ў раённым фотамарафоне “Жывёльны свет малой радзімы”, грамата ў арт-эстафеце “Слова першае ў жыцці”. Займалася даследчай дзейнасцю. Неаднаразова была ў ліку пераможцаў раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Пошук. Творчасць. Пазнанне”. Узнагароджана Дыпломам ІІ ступені ў абласным конкурсе навукова-даследчых работ “Хрустальная Альфа-2019”, дыпломам І ступені абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”. Крысціна актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці класа і школы, праяўляла лідарскія якасці, была членам валанцёрскага атрада “Сузор’е”, уваходзіла ў зборную каманду школы па валейболе. Дабрыня, спагада, увага да акружаючых – галоўныя якасці дзяўчыны.
Сёння былая выпускніца з’яўляецца студэнткай другога курса эканамічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, асвойвае спецыяльнасць “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў галінах аграпрамысловага комплексу”. “Вучоба і студэнцкае жыццё праходзяць насычана і ярка. Усе дысцыпліны цікавыя і пазнавальныя”, – зазначае Крысціна. Студэнтка наведвае навуковыя семінары, піша артыкулы, адзін з якіх змешчаны ў выданні “Зборнік навуковых артыкулаў па матэрыялах ХХІІІ Міжнароднай студэнцкай навуковай канферэнцыі. Эканоміка”. З ахвотай уключылася Крысціна ў спартыўнае жыццё ўніверсітэта. Прымала ўдзел у першынстве па шашках сярод універсітэтаў г. Гродна і ў першынствах Ленінскага раёна г. Гродна. Самыя галоўныя перамогі гэтай ініцыятыўнай дзяўчыны яшчэ наперадзе. Вучоба ва ўніверсітэце – гэта новыя гарызонты для крэатыўных і таленавітых выпускнікоў школ.
Хочацца пажадаць Крысціне, каб выбар яе аказаўся правільным, каб тая справа, якой вырашыла прысвяціць сваё жыццё, працягвала служыць натхненнем і матывацыяй ісці наперад, пакараючы новыя і новыя вяршыні.
Вольга Панкевіч,
настаўнік
ДУА “Рагозніцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад