Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиГод исторической памятиБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Як мясцовае насельніцтва Мастоўшчыны дапамагала партызанам

Як мясцовае насельніцтва Мастоўшчыны дапамагала партызанам29 июня 2019 — 07:42

Цэнтрам партызанскага руху ў нашай мясцовасці была Ліпічанская пушча. Тут, у міжрэччы Нёмана і Шчары, у непраходных балотах і векавых барах мясціліся базы і штабы партызанскіх атрадаў. Жыхары Шчары, Шымкоў, Шасцілоў, Сліжоў, Маскалёў і многіх іншых вёсак дапамагалі партызанам, чым маглі.

Народныя мсціўцы з’явіліся ў тамтэйшых лясах яшчэ ў 1941 годзе. У Ліпічанскай пушчы першыя партызанскія групы скаладалі 8 – 15 чалавек. Вельмі патрэбнай была зброя. Моладзь з Мілявіч перадала партызанам два ручныя кулямёты, два аўтаматы, 18 вінтовак, некалькі пісталетаў і наганаў. І што вельмі важна – рацыю, якую знялі з падбітага нямецкага танка. Падпольшчыкі з Дубна перадалі партызанам 5 вінтовак, тры скрынкі патронаў і радыёпрыёмнік.

Мясцовае насельніцтва таксама ратавала савецкіх воінаў, якія трапілі ў акружэнне, аказвала дапамогу параненым. Калі акружэнцы пачалі ствараць партызанскія атрады, туды пачалі ўступаць жыхары навакольных вёсак. Сталі партызанамі Аляксей Сухоцкі са Стукалоў, Антон Валчкевіч з Шымкоў, Іван Лягеза з Чарлёнкі, Васіль Дубіцкі з Баяраў. А жыхар вёскі Вострава Павел Булак быў адным з арганізатараў партызанскага атрада “Перамога”. Іх родныя, блізкія, што засталіся на месцы, дзяліліся з партызанамі адзеннем і абуткам, перапраўлялі ў атрады медыкаменты, прадукты, разведданныя аб дзеяннях акупантаў, іх перамяшчэннях.

Адным з першых прыйшоў да партызанаў сяржант Чырвонай Арміі Мікалай Панін. Параненага Мікалая знайшла ў лесе ля пераправы камсамолка Алена Мацеевіч. З мамай Ганнай Іосіфаўнай яны перанеслі байца да дому, перавязалі рану. Лячылі народнымі сродкамі. Тры месяцы не адходзілі жанчыны ад параненага, але выхадзілі яго. З часам Мікалай стаў адным з лепшых партызанскіх камандзіраў.

Многія вяскоўцы сталі сувязнымі партызанскіх атрадаў. Так, карыснай інфармацыяй забяспечваў партызан С. Карповіч з вёскі Стукалы. Потым сам пайшоў у партызаны, быў падрыўніком. На хутары ў Рыгора Сяргейчыка ў свой час хаваўся ад немцаў Павел Булак. Яго, як актывіста савецкай улады, немцы хацелі расстраляць. Калі П. Булак стварыў партызанскі атрад, туды пайшлі Рыгор Сяргейчык, Іван Сідар, Уладзімір Рыбак, Давід Макарчук, Канстанцін Татарын.

Актыўна дапамагала партызанам сям’я Кароль з Галынкі. Вясной сорак другога года браты Кароль стварылі партызанскую групу, збіралі зброю, выходзілі на невялікія дыверсіі і засады. Потым яны ваявалі ў атрадзе Паўла Булака.

Але партызаны не толькі змагаліся з ворагам. Аднойчы Павел Іванавіч Булак сабраў свой атрад. Усе думалі, што размова пойдзе пра чарговую баявую аперацыю. Але ён загаварыў зусім пра іншае. Вось як аб гэтым успамінае памочнік камісара атрада па камсамолу Іван Падваркаў:

– Селянін корміць сваю сям’ю і нас з вамі, – сказаў камандзір. – Не будзе ў яго хлеба – наступіць голад. Тады і нам змагацца будзе немагчыма. Мы павінны сказаць селяніну: “Убірай ураджай, следам малаці і зерне, хавай у зямлю. А мы табе дапаможам падвезці салому ці зжатае жыта ў гумно, бо ў асобных вёсках толькі жанчыны ды старыя засталіся”. Тут жа на сходзе замацавалі за ротамі населеныя пункты. Я з групай партызан дапамагаў убіраць ураджай у Вялікіх Азёрках. Немцы туды заязджалі рэдка.

Сумесная праца і агульныя справы гуртавалі насельніцтва вакол партызан, у якіх яно бачыла сваіх абаронцаў.

С. ЗВЯРОВІЧ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио