05 июля 2026 — 10:33
Вось ужо 36 гадоў жыве ў Лунна настаўніца Алена Бандарэнка. Усе гэтыя гады гарыць унутры яе ды мужа жаданне зрабіць свой край яшчэ прыгажэйшым, пакінуць штосьці пасля сабе.
Падапечныя Алены Віктараўны, якая сустрэла нас ля ганка, ‒ вучні пачатковых класаў. Як жартуе педагог, у адрозненні ад настаўнікаў-прадметнікаў ёй прыходзіцца ведаць усё. Але ж гаворка сёння пойдзе не пра яе настаўніцкую кар’еру. Дарэчы, з-за яе жанчына 36 год таму аб’яднала сваё жыццё з Мастоўшчынай. Сама яна ‒ ураджэнка Гомельшчыны, нарадзілася ў Хойніках.
‒ 2025 год наш Прэзідэнт абвясціў Годам упарадкавання. Мая малая радзіма далёка. І хоць я стараюся ездзіць туды часцей (бо там жывуць мае бацькі), бываю я там значна менш, чым у Лунна. Я вырашыла: калі не атрымліваецца навесці парадак на малой радзіме, то няхай ён будзе там, дзе мы жывём, ‒ пачынае размову жанчына.
Гэтае жаданне і падштурхнула яе зрабіць першы крок на сцежку дабрабыту свайго наваколля ‒ сцежку, з якой яна разам са сваім мужам … ніколі яшчэ не збочыла.
Зараз мы ідзём ужо па сцежцы літаральнай. Лунненцы добра ведаюць гэты закуток мястэчка: з правага боку раскінуўся парк, злева з-за дрэваў выглядае будынак старой школы, якая была пабудавана на падмурку панскага маёнтка. Побач з ім ‒ здзірванелая паляна, у якой ледзь згадваюцца рысы невялікага азярца.
‒ Вось тут смецце выкідалі часценька, ‒ паказвае туды жанчына. ‒ Прыязджалі, тачку ўзялі, чык ‒ і выкінулі. І так, смеццявоз сюды кожны чацвер прыязджае, а яны ўсё роўна выкідалі ў кусты.
Алена Віктараўна разам з мужам Анатолем вырашылі вычысціць гэты кавалак зямлі, а потым засадзілі яго дрэвамі. Выйшла ў некаторым сэнсе кранальна, бо кожнае дрэва прысвечана нейкаму чалавеку.
‒ Спачатку пасадзілі вішню. Ведаеце, як у вершы: «Всё равно я вишню посажу!» Няхай хтосьці прыйдзе, паесць тых вішань. Потым і грушу пасадзілі: няхай падарожнікі ці мінакі і грушамі падсілкуюцца. З гэтай жа нагоды і яблыню пасадзілі. Мікалай Канстанцінавіч, наш педагог-хімік, царства яму нябеснае, некалі гартэнзію выкідаў. Пытаў, ці патрэбная яна нам. “Патрэбная, канешне”, ‒ кажу. Колькі ўжо гадоў яго няма, а гартэнзія ёсць. Вось, гэта мая гаспадарка.
І за кожным дрэвам стаіць пэўны чалавек, пэўная гісторыя. Хтосьці выкідаў саджанцы, хтосьці дзяліўся раслінамі. Некаторых людзей ужо няма на свеце, а вось дрэвы засталіся, нават імя носяць у гонар сваіх “бацькоў”. Яліны, акацыі, ліпы, абрыкосы, слівы, бэз, зёлкі ‒ Алена ўсім знойдзе месца на гэтай імправізаванай алеі.
‒ Потым ужо зрабілі лавачку, то дзякавалі за яе мінакі. Кажуць, можна сесці і ўсю вуліцу відаць ‒ ад крамы да парка, хто куды ідзе і па што, ‒ смяецца настаўніца.
Побач стаіць старэнькі ровар, адзін з першых “складанчыкаў” Мінскага мотавелазавода. Яму таксама свяціла месца на сметніцы, але зараз ён на “пенсіі” ‒ стаў маленькай інсталяцыяй. Стаіць, падміргвае бліскучым алюмініем ды прапаноўвае зазірнуць у кошык, што стаіць на задняй сядушцы: там позірк цешаць браткі.
Людзі часцей за ўсё падтрымліваюць намаганні сям’і Бандарэнка зрабіць Лунна прыгажэйшым месцам для жыцця, нават калі гаворка ідзе толькі пра адзін куточак мястэчка. Але ж ёсць і тыя, хто ставіцца да гэтых учынкаў як да належнай дробязі. Хіба яны не працавалі да знямогі: калі вяртаешся дахаты з жаданнем легчы і ўстаць толькі наступным ранкам. Як гэта праяўляецца? Адну сметніцу банальна зламалі, другую ўвогуле ўкралі. Аднак Алена з Анатолем не складваюць рукі і працягваюць сваю дабрачыннасць.
‒ Мабыць, тут арэлі зробім, як калісьці ў дзяцінстве: глядзіце, якая галіна у гэтага прыгажуна-клёна моцная! ‒ кажа жанчына. ‒ Будзем адказваць за тое, што побач з намі. Раней прасцей было: узяў дзесьці лейцы ‒ вось табе і арэлі. А зараз ні лейцаў не знойдзеш, ні коней.
Яшчэ больш дрэў пасадзіла Алена Віктараўна разам са сваімі вучнямі ў парку, які разбіты насупраць яе дома. Галоўная матывацыя вельмі падобная да радкоў, што агучыла раней гераіня артыкула. Гэты верш Міхаіла Ісакоўскага стаў для яе сапраўдным крэда, па якому жанчына разам з мужам жыве ўсё жыццё: зрабіць штосьці на карысць іншым, каб успаміналі добрым словам.
А калі не ўспомняць ‒ не бяда! Герой верша разам з лунненцамі адказвае на гэта так:
… а не вспомнят – экая досада,–
Я об этом вовсе не тужу:
Не хотят – не вспоминай, не надо,–
Все равно я вишню посажу!
Віктар МОХАНЬ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад