На пачатку 2021 года Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры аб’явілі Рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году народнага адзінства. Конкурс праводзіўся ў 7 намінацыях: “Песні нашага краю”, “Вершы і апавяданні пра свой край”, “Краязнаўчымі сцежкамі”, “Мова маёй зямлі”, “Выяўленчае мастацтва”, “Фота- і відэавідарысы”, “Творы народных майстроў”.
На конкурс было прадстаўлена больш за 1500 твораў розных жанраў: песні, вершы, апавяданні, эсэ, проза, літаратурныя нарысы, навуковыя даследаванні, творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фатаграфіі, відэаролікі, а таксама кароткаметражныя фільмы па арыгінальных сцэнарыях.
І вось 22 снежня 2021года ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу творчых работ.
Наша зямлячка, вучаніца 6 класа ДУА “Гімназія №1 г. Масты”, Дар’я Івановіч стала пераможцай у намінацыі “Вершы і апавяданні пра свой край”. Дар’я ўзнагароджана Дыпломам ІІІ ступені і каштоўнымі прызамі. Дзяўчынка прадставіла на конкурс верш на беларускай мове “Масты”.
Што ж так узрушыла членаў журы ў гэтым вершы? І што думае сама Даша пра сваю перамогу ў конкурсе, як адносіцца да сваёй малой радзімы?
Вось што яна адзначае:
– Мой горад… У кожнага чалавека ёсць месца, дзе ён нарадзіўся, дзе пакінуў частку сваёй душы. У Мастах нарадзілася я і мае бацькі, тут ярчэй свеціць сонейка і зелянейшая трава. Для кагосьці горад – гэта любімыя вуліцы, будынкі, а для мяне мой горад – гэта мой унутраны свет. Тут я жыву, вучуся, займаюся ў музычнай школе, творча развіваюся. Таму і вырашыла прыняць удзел у конкурсе, каб расказаць усім пра мой горад. Разам з маёй настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Наталляй Вацлаваўнай Хіхол вырашылі апрануць думкі ў вершаваную форму, і ў нас гэта атрымалася. Я вельмі люблю свой горад, ганаруся ім, яго прыгажосцю і чысцінёй, шчырымі і працавітымі людзьмі.
Мой родны горад, дарагі
На ўсё жыццё, я не забуду
Тваіх дарог і вуліц тых,
Дзе я шчаслівай вечна буду.
Дзе Нёман хвалямі кране
Твае працоўныя далоні,
І сонца радасць прынясе,
Калі спаткаюся з табою.
Люблю я вас, мае Масты,
І сэрца радасцю палае,
Калі я бачу ўсе масты,
З якімі воды Нёмна граюць.
У водах тых жыццё цячэ
Тваіх людзей, якія знаюць,
Што даражэй і прыгажэй
Няма для іх другога краю.
Вельмі каштоўна, што нашы дзеці ганарацца малой радзімай, шчыра любяць свой край, захапляюцца яго прыгажосцю, натхняюцца ім і ствараюць свае першыя маленькія творы.
Наталля Хіхол,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія №1 г. Масты”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад