Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія дыяцэзіяне!
Падчас велікодных святаў разам з усім Паўсюдным Касцёлам мы спяваем старажытны гімн праслаўлення: “Узрадуйцеся, мноствы анёлаў, у небе; весяліцеся, слугі Бога. Няхай загучаць званы, што абвяшчаюць збаўленне, бо такі вялікі Кароль святкуе перамогу”. Праз сваю муку, смерць і ўваскрасенне Сын Божы раз і назаўсёды скрушыў кайданы зла, перамог адвечнага ворага нашага збаўлення, а ўсяму чалавецтву аб’явіў бязмежнасць Божай любові і ўказаў шлях да жыцця вечнага.
Перажываючы радасць велікодных святаў, жадаю вам, дарагія браты і сёстры, каб пасланне надзеі, якое Уваскрослы Збаўца нясе ўсяму чалавецтву, апраменьвала кожны дзень жыцця святлом Божай праўды. Няхай Хрыстус Пан напоўніць вашы сэрцы мірам і даверам, умацуе ў іх веру і любоў, адорыць моцай і адвагай. Няхай Божая ласка вядзе кожнага з вас шляхамі штодзённасці да хвалы будучага ўваскрасення.
Дарагія дыяцэзіяне, яднаюся духоўна з кожным з вас у радасным святкаванні Пасхі, жадаю Божага благаслаўлення, добрага здароўя, шчодрасці ўсялякіх ласкаў і дароў ад Хрыста Уваскрослага, а таксама запэўніваю ў маёй памяці ў малітве.
Вясёлага Аллелюя! Хрыстус уваскрос!
Аляксандр Кашкевіч.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад