“Мне цікава ўсё”, – так гаворыць Андрэй Солтан, вучань 7 класа Гудзевіцкай сярэдняй школы. Ён цікавіцца інфарматыкай, мастацтвам, літаратурай, геаграфіяй, біялогіяй і гісторыяй. У школе Андрэй зарэкамендаваў сябе як дапытлівы, усебакова развіты вучань. Яго адрознівае арыгінальнасць мыслення, нестандартнасць падыходу да вырашэння задач і праблем. Логіка спалучаецца ў ім з творчымі здольнасцямі і ўменнем самаарганізаваць сваю дзейнасць.
У вольны час Андрэй будуе беларускія замкі ў папулярнай камп’ютарнай гульні Minecraft. Лідскі замак стаў першым у яго калекцыі. Затым з’явіліся Мірскі, Навагрудскі, Крэўскі, Любчанскі, Ружанскі, Смалянскі замкі. Фотаздымкаў і апісанняў хлопцу хапае для таго, каб адлюстраваць у віртуальнай мадэлі не толькі знешнюю архітэктуру, але і асаблівасці інтэр’ера. На замках школьнік не спыніўся. Тут жа з кубікаў выраслі Нацыянальная бібліятэка, “Мінск-Арэна”, а пасля – Чырвоная плошча, Нотр-Дам…
Усе пабудаваныя славутасці Андрэй здымае і выкладвае на свой YouTube-канал. Яму хочацца, каб людзі маглі ацаніць яго намаганні і звярнулі ўвагу на вядомыя мясціны Беларусі.А наша краіна вельмі багата на іх! Бацькі і аднакласнікі хобі Андрэя падтрымліваюць.
Яшчэ Андрэй займаецца рэдагаваннем фотаздымкаў. Многія яго работы дэманструюцца па тэлебачанні (Ліда ТВ).
А цяпер да яго захапленняў дадаўся і відэамантаж – гэта чараўніцтва і логіка, азарт і інтэлект, творчасць і дакладны разлік. Гэта дзіўны працэс тварэння.
Нядаўна Андрэй Солтан стаў пераможцам відэа-конкурсу “Па следах праектаў ПБУ”. Конкурс арганізаваны з нагоды 30-годдзя Interreg Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польша-Беларусь-Украіна” 2014-2020. Мэта конкурсу – пашырэнне еўрапейскага супрацоўніцтва з дапамогай дэманстрацыі вынікаў праектаў, рэалізуемых на польскай, беларускай і украінскай тэрыторыях Праграмы “Польша-Беларусь-Украіна” на працягу апошніх 15 гадоў.
«Чаму я вырашыў удзельнічаць у гэтым конкурсе? На нашай Гудзевіцкай зямлі праходзілі дадзеныя праекты. Я сам у іх удзельнічаў, таму мне было не цяжка асвятліць гэтыя мерапрыемствы. Для стварэння свайго відэа выкарыстаў відэарэдактар і сайт для стварэння рэалістычнага голасу пры суправаджэнні відэа. Работа была не толькі цікавай, але і карыснай. Для мяне стала прыемнай навінай мая перамога ў конкурсе. Я адчуў гонар, што, як адзіны прадстаўнік з Рэспублікі Беларусь, атрымаў дыплом I ступені”, – расказвае пераможца.
Дарэчы, пазнаёміцца з відэа Андрэя Солтана можна па спасылцы: https://www.youtube.com/watch?v=qC0fwJbrFuc&feature=youtu.be
Мы ганарымся нашым вучнем і віншуем яго з такой важнай перамогай. Жадаем яму заўсёды быць на вышыні сваіх магчымасцей, сваіх здольнасцей. Няхай кожная мэта і кожнае імкненне абавязкова азначаецца перамогай!
Марына Батвіноўская,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Гудзевіцкая сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад