
Падведзены вынікі раённага этапа рэспубліканскага конкурсу работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі – 2020”. Сярод пераможцаў – навучэнцы Лунненскай, Азёркаўскай, Гудзевіцкай сярэдніх школ і Рагозніцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа.
Сёлета арганізатарамі конкурсу было прапанавана ў свабоднай, індывідуальна-аўтарскай манеры выкладання ў жанры эсэ падрыхтаваць творчыя работы на тэму “Міфы і легенды Беларусі”. Дазвалялася выкарыстоўваць легенды, паданні, міфы аб краіне, замкавых збудаваннях, паходжанні гарадоў, рэк і азёр, матэрыялы аб містычных і анамальных мясцінах, сказанні пра неверагодныя і загадкавыя з’явы. Конкурсныя работы ацэньваліся ў катэгорыях “Навучэнец”, “Студэнт”, “Аматар” і “Прафесіянал”.
– Усяго на раённы этап конкурсу было даслана 12 работ, – расказвае спецыяліст па арганізацыйных пытаннях і рабоце з дакументамі Мастоўскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Галіна Глуткіна. – Па рашэнні журы, якое узначальваў старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Валянцін Ціхановіч, пераможцамі прызнаны чатыры творчыя работы канкурсантаў, якія прымуць удзел у абласным этапе конкурсу.
Першае месца прысуджана дзевяцікласніцы Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Валерыі Пабежка. Сваё эсэ “Усё пачынаецца з любві” дзяўчына прысвяціла паданню пра Яна і Цэцэлію, іх каханню адзін да аднаго, любві да сваёй сям’і і роднай зямлі.
Другое месца заваявала шасцікласніца Гудзевіцкай сярэдняй школы Марыя Шчарбіна з работай “Сляза Гудзі”. У эсэ раскрываецца паходжанне назвы аграгарадка Гудзевічы. Па словах аўтара, пайшла яна ад назвы цудадзейнай крынічкі з гаючай вадой, якую ў народзе называюць “Слязой Гудзі”. І зараз прыязджаюць да яе людзі, каб на ўлонні прыроды адпачыць ад паўсядзённых клопатаў, пасядзець у цішыні, наталіць смагу і, магчыма, вылечыцца ад хвароб.
Трэцяе месца раздзялілі адзінаццацікласнікі Азёркаўскай сярэдняй школы і Рагозніцкага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Кірыл Пчэльнік і Крысціна Раманенка адпаведна.
Кірыл у сваёй рабоце “Куточак блакітных азёр” творча апісаў паданні пра паходжанне азёр, якіх нямала ў наваколлі аграгарадка Вялікія Азёркі.
Яшчэ адной вадзяной артэрыі нашага раёна – рэчцы Юхнаўка, што працякае праз аграгарадок Вялікая Рагозніца, прысвяціла эсэ Крысціна Раманенка.
– Куды б мяне не закінуў лёс, я ўпэўнена, што нідзе мне не будзе так добра, як тут, у родным краі. Ніякія іншыя краіны не заменяць мне сціплую прыгажосць маёй вёсачкі, роднай зямлі, што адорвае маё жыццё крыламі натхнення, – робіць вынік наша юная зямлячка.
І пад гэтымі словамі можна паставіць свой подпіс кожны з дванаццаці ўдзельнікаў конкурсу, бо кожная работа – гэта гімн сваёй малой радзіме, месцу, дзе нарадзіўся, спазнаў радасць сяброўства і першага кахання, дзе ўсё так міла і дорага сэрцу.
Наталля ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад