У суботу першага верасня расквітнеў аграгарадок Лунна. Прыгожа адзетыя, з букетамі кветак у школу на ўрачыстую лінейку ішлі дзеці з дзевяці населенных пунктаў. А разам з імі бацькі, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый. У Лунненскай сярэдняй школе навучаецца каля паўсотні дзяцей. Гэта адна з буйнейшых навучальных устаноў нашага раёна.
Адкрыў урачыстую лінейку, прысвечаную пачатку новага навучальнага года, дырэктар школы В.М.Чэрнік. Віктар Мечыслававіч павіншаваў прысутных з гэтай знамянальнай падзеяй, выказаў шчырую падзяку райвыканкаму, упраўленню адукацыі, калектыву ААТ “Чарлёна”, бацькам вучняў за значны ўклад у падрыхтоўку школы, у тым ліку і набыццё спартыўнага інвентару. Больш як тысячу рублёў пералічыў на гэтую добрую справу былы выпускнік школы С.Чэрнік.
Лепшым вучням школы былі ўручаны ўзнагароды. У прыватнасці, іх атрымалі пераможца спартакіяды школьнікаў Павел Макей, пераможца першага міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка Вікторыя Язерская і іншыя.
З добрымі словамі віншавання звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстасці дырэктар ААТ “Чарлёна” А.К.Свістун. Анатолій Канстанцінавіч уручыў школе сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Павіншавалі вучняў, бацькоў і настаўнікаў, выказалі ім добрыя пажадання метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета М.С.Цыбульская, кіраўнік справамі Лунненскага сельвыканкома В.А.Каранеўская, прадстаўнікі аддзелаў міліцыі і надзвычайных сітуацый.
Удзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі першакласнікаў, слова атрымалі і тыя вучні, хто прыйшоў у апошні раз на вераснёўскую школьную лінейку.
Мерапрыемства прайшло па-святочнаму прыгожа, цікава і пазнавальна. Многія гаварылі кранальныя словы пра сваю родную школу, малую радзіму.
Па традыцыі былі ўскладзены кветкі ля бюста Івана Шарамета і помнікаў воінам і землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айыннай вайны.
Затым школьнікі прыступілі да заняткаў.
С.ЗВЯРОВІЧ
Фото аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад