У музеі “Лес і чалавек” адбыўся раённы тур экалагічнага конкурсу “Экалогія. Чалавек. Будучыня”. Інтэлектуальны і творчы паядынак паміж юнымі абаронцамі прыроды з гімназіі №1, другой гарадской школы і Пескаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа завяршыўся перамогай каманды “Эка-віта” з Песак.
Калі чалавек такімі ж тэмпамі будзе забруджваць смеццем моры, акіяны і палі, атручваць паветра шкоднымі газамі, бяздумна знішчаць “лёгкія” Зямлі – лясы і балоты, што становіцца прычынай гібелі раслін і жывёл, -- нашай планеце пагражае экалагічная катастрофа.
“Хутка толькі ў кіно можна будзе любавацца світанкам і заходам сонца, радавацца ранішняй расе, спевам птушак і грыбному дажджу. Толькі ў музеях захаваецца чыстае паветра і гаючая вада”, -- такую вось невясёлую карціну-папярэджванне намалявалі ўдзельнікі конкурсу. А яшчэ расказалі, як яны берагуць і ахоўваюць родную прыроду і любімы край, з’яўляючыся прыкладам для сваіх равеснікаў, малодшых рабят і дарослых.
Напрыклад, вучаць законы лесу, каб зберагчы яго ад агню і насякомых-шкоднікаў, стараюцца эканоміць электраэнергію, цяпло і ваду, сартыруюць смецце, удзельнічаюць у разнастайных акцыях па пасадцы лесу і добраўпарадкаванні сваіх населеных пунктаў, праводзяць конкурсы творчых работ, якія вырабляюць з прыроднага матэрыялу і бытавых адыходаў.
Важкае слова ў абарону навакольнага асяроддзя падчас конкурсу выказалі каманды “Прыродны дазор” з другой гарадской школы, “Эка-віта” з Пескаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы, “Захавальнікі прыроды” з гімназіі №1 г.Масты. Сваімі выступленнямі рабяты пацвердзілі катэгарычнае “Не!” усяму, што можа пашкодзіць планеце і чалавеку, а таксама ўпэўненае “Так!” -- міру і спакою, любові і павазе, асцярожнасці і мудрасці ў гарманічных адносінах з прыродай.
У тым, што на Мастоўшчыне падрастае надзейны экалагічны дазор, журы пераканалі конкурсныя заданні, з якімі рабяты спраўляліся якасна і творча. Адзін толькі “Танец з мяцёлкамі” ад дзяўчат з Песак чаго каштуе! А адмысловыя мадэлі экалагічнай моды з выкарыстаннем старых газет, аднаразовых пальчатак і падкладкі пад ламінат? Гэта было па-сапраўднаму прыгожа, крэатыўна і неардынарна!
Таксама юныя эколагі прадэманстравалі сваё выдатнае веданне птушак і раслін роднай мясцовасці, пераканалі журы, што змогуць без праблем пражыць некаторы час на бязлюдным востраве, бо ежа і адзенне, лекі і сродкі гігіены – усё гэта ў нас пад нагамі і над галавой у выглядзе кветак, каранёў, кары, лісця ці галін кустарнікаў, дрэў і лекавых траў.
У будучым, несумненна, рабятам будуць карысны новыя цікавыя звесткі пра заранку -- прыродны сімвал Мастоўскага раёна. Іх яны атрымалі з відэафільма, падрыхтаванага супрацоўнікамі музея.
Словы ўдзячнасці за падрыхтоўку і ўдзел у музейным экалагічным конкурсе яго ўдзельнікам і педагогам выказалі навуковы супрацоўнік музея “Лес і чалавек” Марына Сяргееўна Жвірбля, а таксама члены журы. Дарэчы, памятныя сувеніры камандзе-пераможцы і прызёрам экалагічнага паядынку былі набыты за сродкі Мастоўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”. Яго старшыня Ала Рыгораўна Зябліцава пажадала рабятам далейшых поспехаў і новых перамог, у тым ліку і ў справе абароны прыроды.
Н.ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад