Чарговая сустрэча з таленавітай асобай, творчым чалавекам і цікавым суразмоўцам адбылася ў музеі “Лес і чалавек”. Госцем мерапрыемства стаў пісьменнік Мікалай Пятровіч Іваноўскі, які прэзентаваў мастаўчанам дзве свае новыя кнігі “Сцяжынка дзяцінства” і “Загадкі на ўсе выпадкі”.
З цікавасцю слухалі прысутныя вершы ў прачытанні аўтара. Асаблівую атмасферу стварала лірычная мелодыя і карціны, выстаўленыя ў зале. Пачэснае месца займала работа “Скарбы зямлі маёй”, напісаная братам пісьменніка Дзмітрыем Пятровічам Іваноўскім. 5 снежня споўніцца пяць гадоў, як яго ўжо няма з намі. Д.П. Іваноўскі напісаў больш як тры тысячы карцін. Менавіта смерць роднага чалавека і стала тым штуршком для Мікалая Пятровіча, каб пачаць пісаць. Так узнікла кніга “Нашчадкі роду Іваноўскіх”.
Яе прадставіла слухачам дырэктар музея Н.А. Пуцілоўская. Наталля Анатольеўна пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з жыццёвым і творчым шляхам гэтага таленавітага чалавека, абазначыла жанравае багацце яго творчасці.
Гасцямі мерапрыемства сталі выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ЦСАН, а таксама ветэраны працы. Сустрэча праходзіла ў цёплай абстаноўцы за кубачкам гарбаты. Кожнае вершаванае слова кранала за душу і выклікала незабыўныя эмоцыі.
- Такія сустрэчы радуюць і натхняюць мяне, прыемна, калі бачыш водгук у вачах людзей, - дзеліцца Мікалай Пятровіч. - Мая малая радзіма – в. Пачуйкі Ваўкавыскага раёна, ёй я прысвяціў шмат сваіх вершаў. Сельская атмасфера і з’яўляецца крыніцай майго натхнення.
У творчай скарбонцы М.П. Іваноўскага філасофскія, лірычныя, грамадзянскія вершы, байкі і жарты. У іх закранаюцца самыя розныя тэмы, створаны разнастайныя вобразы. Менавіта з нараджэннем дзвюх унучак-блізнятак у пісьменніка з’явілася жаданне пісаць для самых маленькіх. Цяпер дашкаляты з цікавасцю разгадваюць загадкі з новай кнігі аўтара, прычым першыя літары адгадак утвараюць алфавіт. Усе творы напісаны на прыгожай беларускай мове. У такой цікавай форме чытачы спасцігаюць новыя веды і асвойваюць грамату.
Госці мерапрыемства разам з лірычным героем вершаў перанесліся ў невялікую вёсачку, паразважалі над паняццямі “дабро” і “зло”, успомнілі бацькоўскія наказы, палюбаваліся мясцовымі краявідамі. Мастоўшчына дарагая і блізкая сэрцу аўтара, у свой час ён скончыў Гудзевіцкую школу. Менавіта тут яго настаўнік А.М.Белакоз прывіў яму любоў да мілагучнага беларускага слова. А таму творчасць Мікалая Пятровіча блізкая і зразумелая мастаўчанам. Удзельнікі сустрэчы выказвалі шчырыя словы ўдзячнасці арганізатарам і з задавальненнем дзяліліся ўражаннямі.
- Нас вельмі ўразілі творы М.П. Іваноўскага, а таксама карціны яго брата, - расказвае Т.А.Лагвіненка, якая прыйшла разам са сваімі выхаванцамі. – Гэта вельмі таленавітыя людзі. Вершы аўтара вучаць лепшым маральным якасцям, а таму такая сустрэча была вельмі карыснай для наведвальнікаў, яна надоўга застанецца ў нашай памяці.
В.ЦІШКО
Фота аўтара
При использовании авторских материалов гиперссылка на сайт www.mosty-zara.by обязательна.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад