Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМестное управление и самоуправлениеГод малой родиныГод малой родиныСоциумБелорусский союз женщин - 30 лет вместеГод исторической памятиГод исторической памятиГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовНаталья Шевчик

У Мастах частавалі прысмакамі з водарам лесу

У Мастах частавалі прысмакамі  з водарам лесу18 мая 2019 — 17:57

Верашчака, пячыста, жур, кулеш, бабка, мачанка, макалоўка, вушкі, узбіцень, узвар і яшчэ шмат якіх страў беларускай кухні былі прадстаўлены на “Фэсце мастоўскіх прысмакаў з водарам лесу”, што ладзіўся ў музеі “Лес і чалавек” у Міжнародны дзень музеяў.

 

Наш раён мае адметную спадчыну, у тым ліку і кулінарную. З даўніх часоў для прыгатавання той ці іншай стравы выкарыстоўвалі дары лесу, якія збіраліся нашымі продкамі ў некранутых куточках Ліпічанскай пушчы. Некаторыя з іх знаёмы нам з дзяцінства, а многія несправядліва забыты. Вось супрацоўнікі музея і вырашылі правесці гістарычны кулінарны экскурс, накіраваны на папулярызацыю нацыянальнай кухні і захаванне сямейных кулінарных традыцый.

Цікава даведацца, з чаго гатавалі верашчаку, і што ўваходзіла ў склад узбіценя, а яшчэ цікавей – паспрабаваць іх на смак і пасля занатаваць рэцэпт. Бо смачна! Як кажуць, можна язык праглынуць!

З мастоўскімі прысмакамі, якія гаспадыні гатавалі з душой і любоўю, можна было пазнаёміцца на чатырох тэматычных пляцоўках. Першая была прысвечана хлебу, які ўсяму галава, і “другому хлебу” беларусаў – бульбе. Госці даведаліся пра даўнюю культуру хлебапячэння, ацанілі смачныя стравы з бульбы – бульбяную бабку, дранікі, запяканку, клёцкі, а таксама прадэгусціравалі навінкі, якімі радуе мастаўчан мясцовы хлебазавод.

– Хлебам “Мужчынскі” з водарам цыбулі і сушанай цыбуляй у складзе, пэўна, зацікавіцца моцная палова, а іржаны хлеб “Дзіўны колас” без глютэна для тых, хто клапоціцца пра сваю фігуру і здароўе.  Таксама карыстаюцца попытам пірог “Асалода” з курагой і чарнаслівам, булачка “Камея з разынкамі”, бісквіт “Агеньчык”, пячэнне “Ласкавае шакаладнае”, – расказала намеснік начальніка аддзела прамысловасці Мастоўскага філіяла аблспажыўтаварыства Жанна Пракаповіч. Тут жа можна было пазнаёміцца з узнагародамі мастоўскіх хлебапёкаў і кандытараў, прадстаўленых на сімвалічным “Дрэве росту”.

На другой пляцоўцы пад назвай “Прырода роднага краю” госці мерапрыемства змаглі даведацца пра традыцыйныя для нашай краіны араматычныя расліны, якія выкарыстоўваліся ў выпечцы, народнай медыцыне і ў прыгатаванні напояў. Яны надаюць асаблівы смак і стравам з мяса, і першым блюдам. Вельмі смачнымі ўдаліся гаспадыням халаднік і шчаўе, мачанка з мясам і грыбамі, рыба, шчодра аздобленыя прыправамі. А як прыемна пасля сытнага абеда выпіць асвяжаючага ўзвару, пачаставацца ўзбіценем, гарбатай на травах ці бярозавікам. На дэсерт – варэнне з маліны і чарніц, мёд.

Не абышлі супрацоўнікі музея і актуальную сёлета, у год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, тэму Вялікай Айчыннай вайны. На пляцоўцы “Смак хлеба вайны” усіх зацікавіў расказ пра ваенна-палявую кухню, “блакадны хлеб” і хлеб канцлагераў, які меў назву остен-брод. А частавалі тут гасцей “салдацкай кашай” – куляшом, які гатаваўся з тушонкі, круп, морквы і цыбулі.

Бабуліны прысмакі на смак можна было пакаштаваць на аднайменнай пляцоўцы, дзе сваімі сямейнымі кулінарнымі сакрэтамі дзяліліся гаспадыні з Пескаўскага, Гудзевіцкага, Лунненскага, Курылавіцкага і Мастоўскага сельскіх Саветаў.

– Усе мае рэцэпты ад бабулі, якая калісьці працавала ў пана, ды матулі, якую часта запрашалі гатаваць на вяселлях. Я ж зараз з задавальненнем гатую для ўнукаў. Дарэчы, “вушкі” з грыбамі – адна з галоўных страў нашай сям’і на Каляды, – расказала Ірэна Адольфаўна Жукоўская з Гудзевіч.

Некаторыя сакрэты выпечкі духмяных і смачных пірагоў прыадкрыла Ніна Іванаўна Кавалевіч з Азёрак, а Валянціна Пятроўна Якубік і Ніна Уладзіміраўна Пуцілоўская з Песак – шчыра дзяліліся рэцэптамі дамашняга сыра так знаёмага многім з дзяцінства. На “ура” разышліся верашчака, прыгатаваная гаспадынямі з Лунна, і піражкі, што былі спечаны ў Правых Мастах.

Трэба сказаць, удала дапаўняў расказы супрацоўнікаў музея сваімі шчырымі і пранікнёнымі вершамі паэт Мікалай Іваноўскі. Цікавую выставу кніг “Стравы беларускай кухні” падрыхтавала раённая бібліятэка. Адным словам, свята атрымалася цікавым, пазнавальным, і, па словах гасцей, вельмі смачным. Нагадваць аб ім юудуць сувеніры, якія былі выйграны ў бяспройгрышнай латарэі.

– Мы пакідаем мерапрыемства з пачуццём удзячнасці за тое, што ўсё было зроблена з розумам і сэрцам. Сёння нам нагадалі, што ў ежы, прагатаванай з любоўю, на самой справе закладзена мудрасць жыцця. Дзякуй за цудоўнае свята і гэтую выснову, – дзяліліся ўражаннямі мастаўчане на развітанне.

 

Н. ШЭЎЧЫК

Фота аўтара   

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио