Аб слаўным мінулым і сённяшнім дні свайго пасёлка расказвае намеснік дырэктара Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Ірына Мікалаеўна Сільвановіч.
На Гродзеншчыне нямнога мясцін з такой колькасцю гістарычных помнікаў, як у Лунна. Адных дамоў пачатку мінулага стагоддзя тут каля паўсотні. У Мастах іх, напрыклад, было ўсяго два. І на гістарычныя падзеі пасёлак вельмі багаты.
Яцвягам спадабалася гэтае месца
Сваёй назвай Лунна абавязана яцвягам, расказвае І.М.Сільвановіч. Менавіта прадстаўнікі гэтага балцкага племя выбралі для свайго пасялення забалочаную мясцовасць пры ўпадзенні невялікай рачулкі ў Нёман і ўмацавалі яго. “Люнас” на балцкай мове азначае балота. А магчыма, такую назву паселішча атрымала ад птушкі лунь, якая селіцца ў балотах. Ад тых старажытных часоў захаваліся ў нашым музеі свідраваныя каменныя сякеры і касцяная іголка. Калісьці адну свідраваную сякеру нашы школьнікі ўбачылі ў мясцовага жыхара, які прывязаў яе да калодзежнага вядра. Занеслі яму кавалак металу, а каменную сякеру забралі ў музей. Спецыялісты пацвердзілі потым, што яна з бронзавага веку.
Каралева Бона і князі Сапегі
Наша Лунна вельмі старажытнае, працягвае Ірына Мікалаеўна. Упершыню ўпамінаецца ў гістарычных дакументах з 16 стагоддзя. У 1531 годзе каралева польская і вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца загадала закласці мястэчка і пабудаваць касцёл. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай дзяржаўныя землі сталі прадавацца ў прыватную ўласнасць. На іх быў створаны маёнтак Лунна, а за ранейшым паселішчам замацавалася назва Воля. На працягу стагоддзяў Воляй валодалі прадстаўнікі роду Сапегаў.
Эліза Ажэшка любіла Лунна
Праводзячы летнія месяцы ў Мінявічах, Багатырэвічах, Паніжанах, пісьменніца наведвала і Лунна, нагадала І.М.Сільвановіч. У нашым касцёле захавалася ложа Элізы Ажэшкі. Падзеі, якія разгарнуліся ў час паўстання 1863 года і пасля яго, знайшлі адлюстраванне ў творы “Над Нёманам”. Кіраўнік Лунненскай паўстанцкай арганізацыі Ян Каменскі, сядзіба якога была ў Мінявічах, паслужыў прататыпам вобраза Анджэя Карчынскага.
Трагічны лёс яўрэяў
Напрацягу стагоддзяў у мястэчку жылі беларусы, палякі і яўрэі. У гады вайны вельмі трагічна склаўся лёс апошніх. Вось як аб гэтым расказвае І.М.Сільвановіч:
У 16 стагоддзі ў Лунна з’явіліся яўрэі, і хутка паселішча ператварылася ў тыповае яўрэйскае мястэчкаштэтл. Напярэдадні вайны тут быў 21 магазін, працавалі цагляны завод, пошта, дзясяткі рамесных майстэрняў, былі 4 гасцініцы. Найбольшую славу Лунна прыносілі вядомыя на ўсю ваколіцу кірмашы, якія праходзілі два разы ў месяц. Лунненскія рамеснікі выраблялі гліняны посуд, абутак, конскую збрую, тут працавалі шаўцы, краўцы, гарбары, нават быў фатаграфічны салон мешчаніна Рубіновіча. З яго фотаздымкаў на нас глядзяць жыхары вёскі, а адным з каштоўных экспанатаў з’яўляецца скрутак Торы.
З прыходам немцаў у час вайны змянілася жыццё яўрэяў. Спачатку загадалі нашыць жоўтыя латкі на адзенне, затым перасяліцца ў гетта. У лістападзе 1942 года жыхароў гетта пасадзілі на вазы і вывезлі ў транзітны лагер Калбасіна, з якога шлях ляжаў у Асвенцым. Амаль усіх яўрэяў Лунна немцы знішчылі. Халакост удалося перажыць толькі 15 яўрэям. У нас у Лунна ўстаноўлены помнік 1549 бязвінна загінуўшым жыхарам вёскі.
“Ёсць небяспека ўдара немцаў на Лунна і Масты…”
У час размовы Ірына Мікалаеўна адзначыла, што падзеі ліпеня 1944 года па фарсіраванні Нёмана і вызваленні Лунна савецкімі войскамі чытачам газеты ў асноўным вядомы. Сем салдат Савецкай Арміі атрымалі званне Герояў Савецкага Саюза. Гэта слаўная старонка нашай гісторыі. Не за кожны населены пункт на Нёмане ішлі такія жорсткія баі, і такая колькасць воінаў адзначана зоркамі Герояў. Але ёй больш хочацца расказаць аб трагічных падзеях чэрвеня 1941 года, якія яшчэ мала вывучаны.
Суботнім вечарам 21 чэрвеня 1941 года ў Лунна быў баль. Яго арганізавалі лётчыкі Чарлёнскага аэрадрома і афіцэры 25 особнага мотапантоннага батальёна. Салдаты батальёна знаходзіліся ў былым панскім доме ў Чарлёне, афіцэры жылі ў Лунна. А раніцай наступнага дня немцы ўжо бамбілі аэрадром.Неўзабаве падышлі да Лунна і адступаючыя часці 3й арміі, якой камандаваў генерал У.І.Кузняцоў. 24 чэрвеня ён напісаў у баявым данясенні: “Считаю, что противник, обходя правый фланг армии, наносит удар в Лидском направлении. Есть опасность удара его на Лунно и на Мосты. Мы никаких резервов не имеем и парировать удар нечем”. Знішчыўшы драўляны мост праз раку Нёман, войскі 3й арміі адступілі. У Лунна памятаюць подзвігі воінаў, якія былі здзейснены ў першыя дні вайны – лётчыкаў Данілава , Пратасава і іншых, якія абаранялі нашу мясцовасць ад ворага.
Такой забудовы няма нідзе
Такой забудовы, як у нас, няма ні ў адным населеным пункце Гродзеншчыны, сцвярджае Ірына Мікалаеўна. У Лунна захаваўся архітэктурны ансамбль дарэвалюцыйнага і міжваеннага часу. У адным з такіх старадаўніх дамоў жыве наша сям’я і многія лунненцы. Нядаўна мастоўскія будаўнікі адрамантавалі двухпавярховы жылы дом у цэнтры аграгарадка, узведзены ў 1910 годзе, захаваўшы яго архітэктурную і гістарычную ідэнтычнасць. Цяпер тут будуць жыць працаўнікі ААТ “Чарлёна”. Ёсць у нас касцёл святой Ганны, пабудаваны ў 1782 годзе, і царква святога Іаана Прадцечы, якая дзейнічае з 1889 года. І разам з тым новыя вуліцы ўпрыгожваюць прасторныя дамы, пабудаваныя ААТ “Чарлёна”. Так што мінулае і сучаснае ў нас тут на кожным кроку.
Аграгарадок Лунна жыве і развіваецца. Пакуль мы з Ірынай Мікалаеўнай ішлі па яго вуліцах, людзі спяшаліся на пошту, у аптэку, магазін, што належыць гаспадарцы, аддзяленне ашчаднага банка і многія іншыя ўстановы. У школе, дзе працуе Ірына Мікалаеўна намеснікам дырэктара, дзейсна рыхтаваліся да новага навучальнага года. Жыццё працягваецца.
С.ЗВЯРОВИЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад