Дзе нарадзіліся, там і хрысціліся. Тут умеюць і працаваць, і адпачываць таксама умеюць. У нядзелю ў аграгарадку Вялікія Азёркі адбылося фальклорнае свята “Па сцежках спадчыны”.
Шчыра віталі гасцей работнікі сельскага клуба “Азёркі”. Менавіта яны запрасілі на свята, галоўным элементам якога стала выкананне Котчынскай кадрылі, уключанай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Упершыню танец выконваўся ў 1960 годзе ў вёсцы на хрысцінах Ларысы Брыгадзір. Ён вельмі спадабаўся дырэктару Котчынскага Дома культуры Калбасенкавай Марыі Вікенцьеўне, якая і вырашыла аднавіць яговыкананне. З гэтага часу танец карыстаецца вялікай папулярнасцю ў жыхароў мясцовых вёсак і гледачоў. Сёння ўжо шостае пакаленне моладзі з задавальненнем танцуюць гэты цудоўную Котчынскую кадрыль.
У 1969 годзе танцавальны калектыў упершыню прымаў удзел у аглядзе фальклора і атрымаў поспех.
А ў 1971 годзе прыехалі запісаць “Котчынскую кадрылю” харэограф М.І. Хвораст, пісьменнікі Янка Брыль , Мікалай Аўрамчык у кнігу “Беларускія танцы.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 верасня 2010 г № 1351 мясцовы танцавальны стыль “Котчынская кадрыля” уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як узор нематэрыяльнай культуры з катэгорыяй каштоўнасці “А” (гісторыка-культурныя каштоўнасці, поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якіх безумоўныя і нязменныя).
Песнямі, танцамі, казкамі і байкамі славілі сваю малую радзіму прадстаўнікі творчых калектываў з Галубоў, Курылавіч, Мілявіч, Глядавіч. Усе яны былі прысвечаны родным прасторам, сялянскай працы, бацькоўскаму дому. Гучалі “Родная хата”, “А я ўсё дзіўлюся”, “Папараць кветка”, “Домик у дороги” і іншыя.
А колькі жартаў, сатырычных прыпевак, гісторый было прысвечана сялянскаму жыццю! Усе прысутныя адзначылі, што такога вясёлага свята даўно не было. Іна Машкала і Алёна Касач з Мілявіч падзяліліся шматлікімі жартамі пра сялянскіх мужчын. Творчы калектыў з Глядавіч расказаў і паказаў як жыве ў сваім краі, як у раі. Вакальны гурт “Азяраначка” спяваў пра сваю вёску, пра яе людзей.
У гонар мясцовых жанчын Аліны Паўлаўны Кузняцовай і Марыі Аляксандраўны Васілеўскай, якія святкавалі дзень нараджэння, прагучалі словы віншавання, а падарункам стала песня.
Але усё ж такі галоўным элементам была Котчынская кадрыль. У Азёрках яе танцуюць людзі рознага ўзросту, пачынаючы ад 10 год і да самых сталых год. Існуе нават тры групы – “Рэчанька”, у ёй займаюцца дзеці ад 10 да 13 год, якія толькі пачынаюць, “Крынічка” – дзе танцуюць вучні старэйшых класаў азяранскай школы і “Вытокі” – у якую уваходзяць дарослыя.
Калі жывуць народныя традыцыі, калі падрастаючае пакаленне захоўвае народную спадчыну, будзе жыць не толькі вёска, будзе жыць памяць народа. А памяць – гэта аснова самасвядомасці и самаідэнтыфікацыі кожнага прадстаўніка беларускага этнасу.
І. Бочко
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад