Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Таленавітых майстроў сабрала свята ў аграгарадку Мікелеўшчына

Таленавітых майстроў сабрала свята ў аграгарадку Мікелеўшчына05 июля 2019 — 11:15

Прыгожыя вырабы з бісеру, ладныя вязаныя рэчы, шэраг прадметаў хатняга ўжытку з дрэва. Чаго толькі не было на свяце “Майстар – залатыя рукі”, якое выхадным днём ладзілася ў аграгарадку Мікелеўшчына.

Раней нашы продкі амаль што ўсё маглі зрабіць сваімі рукамі. Тады гэта была жыццёвая неабходнасць, якая у наш час згубіла сваю актуальнасць. Аднак цікавасць да народных промыслаў і магчымасці навучыцца рамяству не памяншаецца. І пацвярджэнне таму – свята ў Мікелеўшчыне, якое сабрала нямала таленавітых майстроў і ўдзячных гледачоў.

Па прыгожай сядзібе, дагледжаным двары, што патанае ў вясёлцы кветак, арыгінальным аздабленні хатняга інтэр’ера беспамылкова можна вызначыць руплівага і майстравога гаспадара ці гаспадыню. Сярод іх – Міхаіл Маскевіч, які свае творчыя крэатыўныя ідэі ўвасабляе ў драўляных вырабах.

У Міхаіла Мар’янавіча ёсць свая майстэрня, дзе ён не толькі працуе, але і перадае набытыя веды і вопыт маладым. Сам жа ён выдатна валодае рамяством разьбы па дрэве, актыўна прадстаўляе свае работы на святах, выставах і кірмашах. Створаныя майстрам вобразы святых ўпрыгожваюць многія касцёлы Беларусі. А яшчэ М. М. Маскевіч захапляецца вывучэннем гісторыі свайго краю і збірае этнаграфічны матэрыял пра Мастоўскі раён.

Не любіць сядзець без справы і маці майстра Станіслава Міхайлаўна Маскевіч, якая ў свае 80 з лішкам гадоў яшчэ і дроў сама насячэ, а калі сядзе адпачыць, дык і песню ціхенька заспявае. Старанная гаспадыня не ўяўляе свайго жыцця і без кветак, якія ўпрыгожваюць яе двор ад вясны да восені.

Прыкладам працавітасці і дбайнасці як для родных, так і для аднавяскоўцаў з’яўляецца Ірына Міхайлаўна Маскевіч. Любоў да роднай зямлі і стараннасць яна прыдбала ад маці, разам з якой калісьці і ткала, і шыла, і вязала, і пляла карункі для ручнікоў. А з мужам яны сумесна плялі кошыкі і карзіны.

Нястомнай працай, любоўю да жыцця, творчым падыходам да справы, няўрымслівасцю характару вызначаецца сярод жыхароў Мікелеўшчыны  Людміла  Станіславаўна Лучко. Яна складае вершы, песні, байкі і гумарэскі, а некалькі гадоў таму асвоіла бісерапляценне і зараз аддае гэтай справе ўвесь вольны час.

Дарэчы, гэтае захапленне у Людмілы Станіславаўны на дваіх з дачкой Кацярынай, якая і далучыла маці да свету прыгожага. Сама Кацярына мае таксама добрыя навыкі ў шыцці і вязанні, чаму вучыць і сваіх дачушак.

З цікавасцю пазнаёміліся вяскоўцы і з творчасцю мастаўчанкі Наталлі Аляксандраўны Лупач, якая прадставіла свае вырабы з фоамірану – дэкаратыўнага матэрыялу, што выкарыстоўваецца ў розных відах рукадзелля. Вырабы са “штучнай замшы”, як яго яшчэ называюць, вельмі прыгожыя і даўгавечныя.

Такім разнастайным і творчым атрымалася свята, на якім прысутнічала старшыня Мастоўскага сельскага Савета Людміла Рагацэвіч. Свой музычны падарунак для жыхароў аграгарадка падрыхтавалі творчыя калектывы Мікелеўшчынскага сельскага клуба, Струбніцкага цэнтра вольнага часу і культуры, а таксама народны ансамбль песні і танца “Цвецень” Ваўкавыскага гарадскога дома культуры.

Н. ШЭЎЧЫК


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио