Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньСоциумКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныЧто? Где? Когда?

Свята фальклору ў Вялікіх Азёрках распачало Тыдзень традыцыйнай культуры на Мастоўшчыне

Свята фальклору ў Вялікіх Азёрках распачало Тыдзень традыцыйнай культуры на Мастоўшчыне05 июня 2023 — 11:45

Што мы ўкладваем у сэнс словазлучэння “наша спадчына”? Гэта родная зямелька і цёплае сонейка над ёю. Гэта нашы бацькі, дзядулі і бабулі, а  таксама таленавітыя людзі, майстры, якія працягваюць справу продкаў і далучаюць да яе моладзь. Гэта народныя песні, байкі, танцы, звычаі і традыцыі, якімі мы моцныя.

У Вялікіх Азёрках ужо шэраг гадоў у пачатку лета ладзіцца надзвычайнае падарожжа “Па сцежках спадчыны” – свята беларускага фальклору, песень, танцаў і добрага настрою.

Сёлета на свята да вяскоўцаў завіталі старшыня Курылавіцкага сельвыканкама Сяргей Каспяровіч і загадчык сектара культуры райвыканкама Анастасія Палуйчык, якія цёпла прывіталі ўдзельнікаў, артыстаў і гасцей аграгарадка. А трэба адзначыць, што колькасць жыхароў гэтага населенага пункта павялічылася ў некалькі разоў за кошт хлопчыкаў і дзяўчынак, што прыехалі да бабуль і дзядуль на канікулы. Салодкая вата і ліманад, батут, цікавыя дробязі, гульні і забавы – прыемныя ўражанні малодшым жыхарам  Азёрак былі забяспечаны.

Ды і старэйшаму пакаленню было з чаго падзівіцца. Хоць бы яскраваму выступленню народнага паэтычнага тэатра “Волат” з Астрынскага дома культуры і тэатральнай творчасці Шчучынскага раёна. Упрыгожваннем свята стаў прыгожы абрад “Бабулін куфэрак” у выкананні нашых таленавітых суседзяў. А за завадныя песні і дасціпныя жартоўныя байкі гледачы аддзячылі артыстам шчырымі дружнымі апладысментамі.

Пра лепшы на свеце Азёркаўскі край, яго хараство і прывабнасць у сваіх творчых нумарах расказалі вакальны гурт “Азяраначка”, Лізавета Боцька і Валерыя Кузняцова, Валянціна Мармыш, Дар’я Дзядовіч, Алена Чудзілоўская. У кожным слове, у кожнай песні выканаўцаў чыталіся любоў да сваёй малой радзімы, надзеі на яе шчаслівы далейшы лёс.

А колькі прыемных хвілін падарыў мясцовай публіцы фальклорны гурт “Крынічка” з брэндам Мастоўскага раёна, танцам “Котчынская кадрыля”! Як правільна зазначыла загадчыца сельскага клуба “Азёркі” і кіраўнік калектыву Ірына Шэлястовіч, “гэта наш скарб, якім мы ганарымся і які беражліва захоўваем, перадаём, як казалі раней, з нагі ў нагу”.

Сёння гэты вясёлы танец развучвае ўжо шостае пакаленне мясцовых жыхароў. Ад старэйшых вяскоўцаў ён пераходзіць да іх дзяцей. Выконваецца “кадрыля” заўсёды весела, выразна, з запалам, з іскрыстым народным гумарам. Трэба нямала пастарацца, каб запомніць, а пасля паўтарыць усе дванаццаць элементаў, ці “кален” танца.  Дададзім, што танцавальны стыль “Котчынская кадрыля” ў 2010 годзе быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як узор нематэрыяльнай культуры.

Атрымаўшы пазітыўны запал ад мясцовых танцораў, госці свята засяродзіліся на праграме “Гульні нашых продкаў”, якую прапанаваў сельскі клуб “Глядавічы” і яго таленавітыя юныя артысты з фальклорнага гурту “Маладзічок”.

Парадаваў гледачоў сваёй творчасцю і народны ансамбль народнай песні “Ярыца”. У выкананні нашага славутага калектыву прагучалі як вядомыя мелодыі, так і прэм’ера песні. Калі меркаваць па тых дружных апладысментах, якімі яна была падтрымана, нумар будзе мець поспех.

Развітваліся ўдзельнікі свята з Вялікімі Азёркамі на пазітыве і, як кажуць у свеце музыкі, на добрай ноце. Усіх аб’яднала любоў да роднай зямлі і народнай творчасці, да нашых вытокаў, з якіх мы чэрпаем сілы, талент і натхненне.

А між тым Тыдзень традыцыйнай культуры на Мастоўчшыне працягваецца. Так, 5 чэрвеня мастаўчан чакае знаёмства з выставай ткачыхі Тарэсы Копач з вёскі Капачы і майстроў аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў РЦК. У сераду, 6 чэрвеня, тут жа чакаюць аматараў спіральнага пляцення з травы, салома- і лазапляцення, выцінанкі і ткацтва на майстар-класы.

Мастоўскі музей “Лес і чалавек” запрашае 7 чэрвеня сваіх юных наведвальнікаў на музейна-педагагічны занятак “Традыцыйны беларускі ручнік”.

Хочаце ведаць больш беларускіх гульняў, загадак, песень, прыказак, прымавак і танцаў? Тады вам на анімацыйную праграму “У Лявоніхі і Сымоніхі”, якая 8 чэрвеня будзе ладзіцца ў Гудзевіцкім  дзяржаўным музеі.

На наступны дзень, 9 чэрвеня, тут збяруцца ўдзельнікі Летняй школы “Майстэрня падвойнага ткацтва”, а ў сельскім клубе “Глядавічы” рабят запросяць на пазнавальна-гульнёвую праграму “Бабулін куфар”.

Завершыць Тыдзень традыцыйнай культуры “Струбніцкі фэст”, які будзе арганізаваны 11 чэрвеня.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара



Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио