Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Штогод напярэдадні Старога новага года работнікі Мастоўскага раённага цэнтра культуры адпраўляюцца ... калядаваць

Штогод напярэдадні Старога новага года работнікі Мастоўскага раённага цэнтра культуры адпраўляюцца ... калядаваць09 января 2020 — 09:16

З даўніх часоў на Беларусі распаўсюджанай забавай узімку былі калядныя вандраванні. Гэтай традыцыі нашых продкаў ужо не адно дзесяцігоддзе застаюцца вернымі работнікі раённага цэнтра культуры.

Калядная праграма, з якой калядоўшчыкі, па папярэдняй дамоўленасці, наведваюць дамы мастаўчан, насычана каляднымі песнямі, добрымі зычэннямі і вясёлымі забавамі.

Адной з галоўных дзеючых асоб каляднага гурта з’яўляецца Каза. Чаму менавіта яна? Нашы продкі верылі, што прысутнасць гэтай жывёлы ў двары адпуджвае розных нячысцікаў, прыносіць добры ўраджай, радасць і дабрабыт у хату.

– Хто з Казою патанцуе, таму ў гэтым годзе пашанцуе! – запрашаюць калядоўшчыкі да ўдзелу ў калядных забавах.

Разам з Казою ў карагод становяцца Дзед, Баба, Зорканоша, Дзед Мароз і Снягурачка. Часам да іх далучаецца і Цыганка, якая прапануе паваражыць аб будучым. А яно ў гаспадароў – шчаслівае і шчодрае на добрыя падзеі і шчырыя сустрэчы, прыемныя знаёмствы і цікавыя сюрпрызы.

Сустракаюць калядоўшчыкаў у Мастах гасцінна, з радасцю і пачастункамі за падараваны добры настрой, мудрыя зычэнні, магчымасць далучыцца да звычаяў нашых бабуль і дзядуль. Асабліва гасцям радуюцца дзеці, з ахвотай яны ўдзельнічаюць у прапанаваных гульнях.

Звычайна людзі загадзя рыхтуюцца да сустрэчы калядоўшчыкаў, шырока адкрываюць вароты, калі дом уласны, ці дзверы кватэры, а пасля шчодра дзякуюць за тое, што не прамінулі іх жылля, запрашаюць прыйсці і на наступны год.

Дарэчы, існуе даўняе павер’е, што адмовіцца прыняць у сваім доме калядоўшчыкаў – гэта тое ж самае, што наклікаць на сябе няміласць нячысцікаў, пазбавіцца дабрабыту на ўвесь наступны год. Таму і адчыняюцца шырока дзверы і душы мастаўчан у адказ на магічную фразу: “Калядоўшчыкаў сустракайце!”.

Час мяняецца, аднак сутнасць каляднага абрада, які беражліва захоўваюць работнікі культуры Мастоўшчыны, застаецца нязменным. Гэта шчырасць, добразычлівасць і паважлівыя адносіны да людзей – якасці, якімі заўсёды славіліся мастаўчане.

Н. ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио