Я вучуся ў 11 класе, з’яўляюся членам Маладзёжнага парламента Мастоўскага раёна. Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Быць грамадзянінам сваёй краіны – гэта значыць быць патрыётам, займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю, справамі даказваць сваю любоў да Радзімы. Напярэдадні рэспубліканскага рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь хачу выказаць свае разважанні аб Асноўным Законе маёй дзяржавы.
Канстытуцыя тычыцца многіх аспектаў жыцця сучаснага беларуса і ў цэлым забяспечвае само права на яго жыццё. Дзякуючы Галоўнаму Закону Рэспублікі Беларусь, мы можам вучыцца. Мы маем магчымасць навучацца ва ўтульных класах, займацца спортам, з карысцю праводзіць свой вольны час. У адпаведнасці са сваімі здольнасцямі мы займаемся паглыбленым вывучэннем розных прадметаў, наведваем гурткі па інтарэсах. Клопат аб пажылых грамадзянах, інвалідах, падтрымка моладзі і дзяцей – гэта і многае іншае сведчыць пра тое, што наша дзяржава сацыяльна арыентаваная.
Дзякуючы Галоўнаму Закону Рэспублікі Беларусь, мы можам працаваць, рэалізоўваць сябе ў любімай справе, мяняць месца жыхарства, уступаць у шлюб, маем права на медыцынскае абслугоўванне, змястоўны адпачынак, недатыкальнасць прыватнага жыцця і іншыя правы, якія забяспечваюць нашу свабоду. Вельмі важна, што пад абаронай дзяржавы знаходзяцца шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства. У мэтах паляпшэння ўмоў жыцця ажыццяўляецца кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў. Адпаведныя напрамкі дзейнасці сацыяльнай дзяржавы рэалізуюцца згодна з прынцыпам сацыяльнай справядлівасці, сацыяльнай абароненасці і сацыяльнай салідарнасці.
Гэта закон, які ўпарадкоўвае адносіны паміж чалавекам і дзяржавай, а таксама людзей паміж сабой, забяспечваючы ў грамадстве парадак і стабільнасць, калі мы можам спакойна жыць і ведаць, што знаходзімся пад надзейнай абаронай і маем пэўныя гарантыі.
Моладзі гарантуецца права на духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё. Дзяржава надае вялікую ўвагу патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. І гэта вельмі важна, бо нельга вырасці патрыётам, калі ты не ганарышся гераічным мінулым свайго народа, не шануеш продкаў, бацькоў, старэйшых людзей, якія ўсё зрабілі дзеля дастойнага жыцця сёння.
Разам з гэтым неабходна памятаць, што мы маем не толькі правы, але і пэўныя абавязкі перад дзяржавай і яе народам, якія трэба выконваць. Кожны грамадзянін Беларусі павінен усведамляць адказнасць за сваю краіну, яе ўстойлівае і паспяховае развіццё. І вучыцца гэтаму патрэбна з дзяцінства. Пераканана, што немагчыма заставацца патрыётам Айчыны, калі не ведаеш законаў і, найперш, самага галоўнага – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Пра гэта, дарэчы, і гавораць нам на ўроках грамадазнаўства, на класных і інфармацыйных гадзінах. Прычым робіцца гэта з адной мэтай – каб маладое пакаленне ведала гісторыю сваёй дзяржавы, ганарылася ёй.
Я вельмі люблю сваю родную Беларусь, таму зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб яна квітнела і развівалася. Я ўпэўнена, што ў будучым Беларусь чакае толькі росквіт!
Валерыя ДЗЯМІДЗІК,
вучаніца 11 класа ДУА “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад