Урачысты канцэрт, прысвечаны 190-годдзю з дня заснавання Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага, адбыўся сёння ў сценах драмтэатра.
Менавіта 17 верасня 1830 года было прынята рашэнне аб адкрыцці публічнай бібліятэкі ў Гродне. Сёння абласная бібліятэка – сапраўдны інфармацыйны цэнтр, дзейнасць якога накіравана на развіццё духоўнасцінасельніцтва, павышэнне яго культурнага і адукацыйнага ўзроўню. Для многіх пакаленняў бібліятэка стала не толькі грунтоўным сховішчам інфармацыі, але і свайго роду другім універсітэтам.
Павіншаваць калектыў і кіраўніцтва абласной бібліятэкі ў зале сабраліся шматлікія госці, многія прыехалі з іншых рэгіёнаў.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Булаўка ў сваім выступленні звярнуў увагу, што святкаванне такога значнаю юбілею бібліятэкі сімвалічна адзначаецца напярэдадні Дня горада і Дня ўтварэння вобласці.Ён пажадаў супрацоўнікам галоўнай кніжніцы Прынёмання творчых поспехаў і ўдзячных чытачоў, а таксама ўручыў калектыву бібліятэкі сертыфікат на кнігі ў колькасці 125 экзэмпляраў.
Словы віншаванняў з нагоды святкавання 190-гадовага юбілеюсупрацоўнікам бібліятэкі ад імя абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі накіравала старшыня арганізацыі Людміла Кебіч:
– Наша бібліятэка з’яўляецца не толькі універсальным сучасным кнігасховішчам, але і яркім, эфектыўным ачагом культуры, цэнтрам узаемадзеяння грамадскай і навуковай думкі, зручнай пляцоўкай для грамадзянскага дыялогу, калыскай багатых нацыянальных традыцый, адукацыі і асветы. У сценах галоўнай бібліятэкі вобласці пісьменнікі Прынёмання заўсёды жаданыя госці. І гэта ўсвядомленая неабходнасць, трывалая даўняя традыцыя і вялікі гонар. Сардэчна віншуем калектыў установы са 190-годдзем бібліятэкі, жадаем здароўя, шчасця, дасягнення новых мэтаў на шляху ўзбагачэння духоўнай спадчыны Беларусі і новых вышынь у справе пабудовы гарманічнага і прагрэсіўнага соцыўма.
Шматлікія віншаванні калектыву бібліятэкі на чале з дырэктарам Лідзіяй Мальцавай накіравалі і іншыя паважаныя госці свята. Сярод іх начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Дзяніс Малевіч, начальнік ўпраўлення прававой інфарматызацыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Гардзіян, начальнік аддзела культуры гарвыканкама Дзяніс Чарняк і многія іншыя госці, у тым ліку прадстаўнікі ўстаноў, якія ў цесным супрацоніцтве з абласной бібліятэкай з’яўляюцца сапраўднымі рэалізатарамі шматлікіх праектаў.
Вось ужо больш за 20 гадоў нязменным дырэктарам бібліятэкі з’яўляецца Лідзія Мальцава. Яе ўнёсак у развіццё бібліятэчнай справы горада і вобласці пераацаніць складана. Гэта заўважылі многія з прысутных на ўрачыстай вечарыне. Сама ж Лідзія Васільеўна ўпэўнена: ёй пашанцавала ўзначальваць таленавіты калектыў, разам з якім плануе рухацца толькі наперад.
Хачу падзякаваць калектыву бібліятэкі. Сёння, мне здаецца, нам усё па плячы. Мы смела ўкараняем новыя формы работы, рэалізуем шматлікія інавацыйныя праекты і праграмы і так будзе заўсёды. Хачу заверыць усіх тут прысутных – калектыў галоўнай бібліятэкі Гродзенскай вобласці будзе і надалей з гонарам несці высокае званне лаурэата спецыяльнай Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Не абыйшлося на вечарыне і без прыемных сюрпрызаў – супрацоўнікі бібліятэкі, акрамя віншаванняў і слоў удзячнасці, атрымалі шматлікія ўзнагароды Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, абласнога выканаўчага камітэта, Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, упраўлення культуры аблвыканкама, ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама і многія іншыя.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!