Адным з самых утульных кабінетаў, які так любяць нашы навучэнцы, з’яўляецца кабінет гісторыі і грамадазнаўства. Таму што ён уяўляе сабой жывы арганізм са шчырай душой, вялікім сэрцам і неабсяжным розумам.
У кабінеце гісторыі перад вамі паўстае наш беларускі каменны фаліянт, па якому можна чытаць гісторыю сваёй роднай Беларусі: знакаміты Мірскі замак. Многае ўвасасоблена ў гравюрах, з любоўю выкананых нашым паважаным Уладзімірам Пятровічам Буйко. Як лёгка выкладаць гісторыю, калі ў дапамогу табе з усіх бакоў прыходзяць жывыя сведкі…
З дапамогай нашых памочнікаў і наведвальнікаў факультатыўных заняткаў у кабінеце афармляецца зменны стэнд, прысвечаны той ці іншай памятнай падзеі. У мінулым годзе гэта 75-ая гадавіна Вялікай Перамогі. Раней – 100-годдзе Першай сусветнай вайны. У гэтым навучальным годзе мы плануем адзначыць 30-годдзе з дня надання статуса канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь.
Так, сапраўды, душу ўбачыць нельга, яе можна толькі адчуць: праз цеплыню, шчырасць, пяшчоту, боль, слёзы. Яна гаворыць праз кветкі, малюнкі, вершы, зменную і пастаянную інфармацыю на стэндах, праз падрыхтоўку і ўдзел у народных абрадах і святах, інавацыйных праектах, навукова-даследчай дзейнасці, праз нарысы ў газетах, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане. Усё тое, аб чым вы пачулі, паважаныя, не было б магчымым без агульнай працы апантаных сваёй справай нашых настаўнікаў: Аляксандра Рыгоравіча Старавойтава, Таццяны Міхайлаўны Лугаўскіх, Ірыны Мікалаеўны Панок.
Вы толькі што датыкнуліся да душы кабінета гісторыі. А дзе ж яго сэрца, спытаеце вы. Дзе той рухавік, які ні на секунду не спыняецца? Канешне, гэта навучальны працэс, веды, якія надзейна схаваны ў падручніках, мастацкай літаратуры, у музычных творах, ілюстрацыях, аўдыя- і відэаматэрыялах, кіна- і дакументальных стужках, успамінах людзей, музейных рэчах, фатаздымках, хрэстаматыях, прэзентацыях, відэауроках.
Колькі эмоцый выклікае ў нашых хлопчыкаў знаёмства з матэрыяламі часопісаў “100 знакамітых бітваў”, “Напалеонаўскія войны”, у дзяўчынак – часопіс “Палацы і замкі”! А вось і самыя знакамітыя сведкі далёкіх падзей: рыцар Тэўтонскага ордэна, французскія ваяры. Гэта не проста ілюстрацыі ў падручніку, іх можна патрымаць у руках, разгледзець з усіх бакоў!.
А ў чароўнай шафе сабрана шмат цікавых матэрыялаў па краязнаўству, сярод іх і буклеты ўсіх школьных музеяў, што дзейнічаюць у Мастоўскім раёне , і дапаможнікі па фальклору. Гэта нашы настольныя кнігі, якія мы выкарыстовываем пры падрыхтоўцы да беларускіх народных свят і абрадаў.
Так сэрца дапаўняе душу.
Застаецца толькі знайсці адказ на апошняе пытанне: “А дзе ж тады розум гэтага жывога арганізма – кабінета гісторыі? ”
Трэба шукаць нешта накшталт дырыжора, які кіруе ўсім аркестрам: застаўляе думаць і прымаць рашэнні, адказна працаваць і правяраць сваю дзейнасць, правільна размяркоўваць працэсы, час і сілы.
Вы маеце рацыю! Гэта іх вялікасць – настаўнікі, у распараджэнні якіх ёсць камп’ютар і мульціборд з мультымедыйнай устаноўкай.
Так розум дапаўняе душу і сэрца! І яшчэ адна маленькая акалічнасць: на кожнай парце у кабінеце змешчаны шыльдачкі са словамі знакамітых людзей, беларускімі народнымі прыказкамі. Каб вучыліся на чужых парадах, станавіліся разумнейшымі і дабрэйшымі!
Працягам нашага кабінета з’яўляецца школьны краязнаўчы музей. Ён “вырас” з музейнага пакою, які некалі змяшчаўся тут.
Вось дзе, насамрэч, адбываецца выхаванне сапраўднага беларуса: грамадзяніна і патрыёта сваёй Радзімы! Менавіта тут пачынаецца гісторыя свайго роднага краю. Таму ў музеі часта праводзяцца ўрокі па гісторыі і пазакласныя мерапрыемствы. У ім ёсць магчымасць папрацаваць над першакрыніцамі, выкарыстаць дакументы і экспанаты для напісання даследчых работ, рэфератаў, праектаў.
Галоўнай функцыяй нашага кабінета з’яўляецца выхаванне грамадзяніна, патрыёта, адказнага за свае ўчынкі чалавека. Як казаў Леў Сапега: “Для прыстойнага чалавека няма большай асалоды, як жыць у сваёй айчыне ў поўнай бяспецы, ні з кім не біцца і не сварыцца і каб ніхто яго не зняславіў ці пакалечыў або паквапіўся на яго дабро”.
Наталля ГАНЦЭВІЧ,
настаўнік гісторыіі і грамадазнаўства СШ №2 г. Масты
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад