Цудоўным падарункам жанчынам Гудзевіцкага сельсавета да Дня маці стаў святочны агеньчык, арганізаваны пярвічнай арганізацыяй Беларускага саюза жанчын пры фінансавай падтрымцы закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы”
Прыгожыя, святочна прыбраныя, з прыўзнятым настроем і шчырымі ўсмешкамі збіраліся жанчыны ў мясцовае кафэ “Пралеска”. Розных узростаў і прафесій, рознага сацыяльнага статусу. Аднак усіх іх аб’ядноўвае адно – яны чыесьці матулі і бабулі, іх бязмежныя сэрцы ўвесь час турбуюцца за родных і блізкіх, а клапатлівыя рукі заўсёды ў працы.
Усё ў гэты святочны вечар было для іх: добрых і ласкавых, чуллівых, мудрых і самаахвярных, самых прыгожых і лю-бімых матуль. Сіламі калектыву кафэ на чале з Ганнай Антонаўнай Лісоўскай былі падрыхтаваны шыкоўныя сталы з ары-гінальнымі стравамі, фірменнымі пончыкамі і марожаным. Пра добрыя песні, цікавыя конкурсы, танцавальныя перапынкі і радасны настрой паклапаціліся работнікі Гудзевіцкага цэнтра вольнага часу і культуры, натхнёныя Антанінай Мікалаеўнай Чэрнік.
Неаспрэчная ісціна, што мама займае галоўнае месца ў жыцці кожнага чалавека, а мацярынская любоў і клопат суправаджаюць нас усё жыццё і з’яўляюцца крыніцай духоўнасці, мудрасці і сардэчнасці. У тым, што шчасце маці – у дабрабыце яе дзяцей, сям’і, родных і блізкіх, магла пацвердзіць кожная з 34 удзельніц святочнага агеньчыка ў Гудзевічах.
Марыя Пракопаўна Сень, напрыклад, у свой час за выхаванне шасцярых дзяцей была ўзнагароджана ордэнам Маці. Зараз у іх вялікай сям’і падрастае дзевяць унучак і дзесяць унукаў. Дастойнымі людзьмі сталі дзеці і Рэгіны Мечыславаўны Грышкевіч, якую віншавалі з юбілейным днём нараджэння.
— Мы вельмі ўдзячны за магчымасць сабрацца разам, хоць на некаторы час забыцца пра хатнія клопаты і адпачыць душой і сэрцам, пагутарыць пра надзённыя справы і абмеркаваць урачыстыя моманты нашага жыцця, — выказала падзяку ад імя ўсіх жанчын старшыня пярвічнай арганізацыі жансавета Гудзевіцкага сельсавета Ірэна Адольфаўна Жукоўская.
Па яе словах, добры плён прыносіць узаемнае супрацоўніцтва грамадскай арганізацыі з мясцовай гаспадаркай і аб’ектамі сацыяльнай сферы.
— Па-добраму захапляюся мудрасцю сучасных кіраўнікоў, — адзначае Ірэна Адольфаўна. – Яны хоць і маладыя, але добра разумеюць нашы патрэбы і з павагай ставяцца да нашых ідэй. Дзякуй усім, асабліва старшыні гаспадаркі А.А.Санько, яго намесні-ку А.Г.Палойка, за ўвагу і падтрымку – маральную і матэрыяльную.
Да слова, агеньчык да Дня маці – адно са шматлікіх мерапрыемстваў, што ладзіцца ў Гудзевічах пад эгідай жансавета. Таленавітыя мясцовыя майстрыхі гатовы прадставіць свае творчыя работы на чарговую выстаўку і падзяліцца сакрэтамі кулінарных далікатэсаў. Таксама ў планах на бліжэйшы час – сустрэчы з цікавымі людзьмі і спецыялістамі, гутаркі на хвалюючыя тэмы, арганізацыя клуба «Сяброўка» на базе Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея.
Н. БЯЙДУК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад