
Традыцыйна 21 лютага у нашай краіне адзначаецца Дзень роднай мовы. Гэтай святочнай даце былі прысвечаны шматлікія мерапрыемствы ў сярэдняй школе №2.
Сёння, як ніколі, гучала роднае слова не только на ўроках. Размаўлялі па-беларуску на перапынках, прыгадвалі вершы беларускіх паэтаў, частаваліся беларускімі прысмакамі, спаборнічалі ў гульні-конкурсе, сустрэліся з пісьменнікам-земляком – усё гэта і не толькі прайшло ў школе ў неверагодна цікавы Дзень беларускай мовы. Ён атрымаўся такім дзякуючы настаўнікам і вучням.
Пачаўся з акцыі “Пажаданні роднай мове” – вучням пры ўваходзе ў школу дарылі закладкі з дзесяццю запаведзямі “Як адносіцца да роднай мовы”. Паважаць, шанаваць і любіць – абвяшчалі яны. Для самых маленькіх – першакласнікаў – правялі гульню “Назаві слова”. Яны чулі прыгожую, мілагучную беларускую мову, пазнавалі словы, якія адрозніваюцца ад рускай мовы, пазнаёміліся з асаблівай літарай “ў”. Далей – паэтычны марафон, конкурс чытальнікаў “Роднай мове прысвячаю я радкі”. Ён высвятліў таленавітых патрыётаў з 3-іх і 4-ых класаў. Цікавы конкурс “Пагуляем у роднае слова” настаўнікі беларускай мовы правялі з вучнямі 5-8 класаў, якія па-беларуску называлі прылады працы і рэчы, тлумачылі дыялектныя выразы, загадкі, прыказкі, прымаўкі і фразеалагізмы. Гульнёвая форма мерапрыемства выклікала толькі задавальненне.
Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна давалі інтэрв’ю “Якое беларускае слова вы найбольш часта ўжываеце ў паўсядзённым жыцці?” Канешне ж, гэта ветлівыя “калі ласка”, “дзякуй”, “сардэчна запрашаем”, “добры дзень” і “да новых сустрэч”.
У кожным класе на ўроку паглядзелі відэаролік “Смак мовы”. У ім дзяўчына, гуляючы па вуліцы, пазнае, як па-беларуску будуць такія простыя і важныя рэчы як “запах”, “любовь”, чайник”.
Нзвычайным гэты дзень стаў і для дарослых. Настаўнікі, бібліятэкары, адміністрацыя і іншыя работнікі на 45 хвілін адчулі сябе школьнікамі: яны пісалі дыктант, прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Нібы дзеці, яны старанна выводзілі кожную літару, хваляваліся, каб не дапусціць памылак. Нягледзячы на складанасць дыктоўкі, усе справіліся паспяхова!
– Я так даўно не пісаў дыктантаў. А сёння гэта выклікала ў меня незвычайную цікавасць, я атрымаў вялікую асалоду! – прызнаўся дырэктар школы Аляксандр Старавойтаў.
Бібліятэкар Таццяна Москаль і настаўнік беларускай мовы Таццяна Калеснікава упрыгожылі бібліятэку выставай, правялі акцыю “Якая наша мова?”, а вучні з бацькамі прынеслі сюды самыя любімыя і смачныя стравы беларускай кухні, старанна зробленыя сваімі рукамі. Дранікі, блінцы, калдуны, бярозавы сок, вінегрэт, наліснікі – якая ж выдатная беларуская кухня! Частаваліся імі вучні, настаўнікі, а таксама і госць – паэт Мікалай Іваноўскі.
Мікалай Пятровіч – член Саюза пісьменнікаў, аўтар кніг “Літаратурны экватар”, “Пяром і сэрцам”, “Сцяжынкі дзяцінства”, “Загадкі на ўсе выпадкі”. Яго вершы так лёгка і прыгожа гучаць па-беларуску, у іх узнімаюцца важныя тэмы і праблемы жыцця: любоў да радзімы, роднай мовы і самага дарагога чалавека – маці.
Вось такім насычаным і цікавым атрымаўся Дзень роднай мовы ў школе №2. Заўсёды тут праводзяць шмат цікавага і змястоўнага. Відаць, што з пашанай адносяцца да беларускага слова.
Настасся ЗБЕРАНОЎСКАЯ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад