Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

Растуць дубочкі

Растуць дубочкі02 августа 2018 — 15:28

Наступіў апошні летні месяц, але для цікавага і карыснага адпачынку яшчэ ёсць час. У аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей “Дубнянка”, што працуе на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Дубненская сярэдняя школа”, з задавальненнем праводзяць канікулы 40 выхаванцаў ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў.

 

Гульнёвая мадэль праекта “Дубнянка” прадугледжвае некалькі этапаў. Праходзячы выпрабаванні, удзельнікі праекта атрымліваюць дубовыя лісточкі, якія прымацоўваюць на імправізаваным дрэве ў атрадным куточку. Чым больш поспехаў, тым больш галінастая крона атраднага дубочка. А асабліва творчы падыход да рашэння і выканання задання ўзнагароджваецца дадатковым прызам – дубовым жолудам. Такім чынам, кожны атрад “вырошчвае” за змену сваё дрэва, прыкладаючы максімум намаганняў.


Пры гэтым на працягу ўсяго аздараўленчага перыяду хлопчыкі і дзяўчынкі заняты не толькі гульнямі і забавамі, але ажыццяўляюць мэтанакіраваную і сацыяльна значымую дзейнасць. Малодшыя дзеці з атрада “Апельсін” знаёмяцца з каштоўнасцямі малой радзімы, месцамі працы бацькоў у мясцовай гаспадарцы, асаблівасцямі заняткаў жыхароў Дубна ў летні час, прымаюць удзел у экалагічных акцыях.


Старэйшыя школьнікі з атрада “Пунсовыя ветразі” шмат працуюць над навядзеннем парадку ў школьным двары, агародзе, садзе. У складзе валанцёрскага атрада аказваюць пасільную дапамогу адзінокім састарэлым жыхарам вёскі. Сумесна з мясцовымі ўстановамі культуры прымаюць удзел у сацыяльных праектах па ўшанаванні памяці ахвяр трагедыі вёскі Княжаводцы, сустрэчы факельнай эстафеты Міру, прывітанні ўдзельнікаў байкерскага злёту і іншых.


Лета, канікулы – гэта яшчэ адна цудоўная магчымасць для рэалізацыі самых добрых спраў і намераў. А выхавальнікі аздараўленчага лагера імкнуцца данесці да юных сэрцаў думку аб тым, што рабіць дабро трэба незалежна ад таго, чакаюць яго ад цябе ці не, заўважаюць яго ці не, прымаюць яго ці адкідваюць, незалежна ад таго, чым будуць праціць за дабро: дабром ці злом. Гэта, бадай што, адзіная справа, для якой не патрэбен нічый дазвол, бо ніхто не мае ўлады над тваім дабром.


І сапраўды верыцца, што змена, праведзеная ў школьным лагеры, зробіць нашых дзяцей на парадак больш гуманнымі і шчырымі, здаровымі і дужымі.

Г. МУХА,
выхавальнік аздараўленчага лагера


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио