
Вайна… Сучаснае пакаленне, народжанае ў ХХІ стагоддзі, мала што ведае пра яе. Ужо не дзяды і бацькі абаранялі нашу свабоду, а прадзеды, якія, на жаль, ужо ніколі не раскажуць пра страшныя гады ваеннага ліхалецця. І каб не творы мастацкай і дакументальна-публіцыстычнай літаратуры, жахі вайны засталіся б для нас далёкай і малавядомай гісторыяй.
І сёння, у год 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, мы распачынаем сумесны патрыятычны праект “Пераможны май у памяці і кнігах” Мастоўскай раённай бібліятэкі і раённай газеты “Зара над Нёманам”. У рамках праекта мы пазнаёмім вас, паважаныя чытачы, з кнігамі, якія апавядаюць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Мастоўскага раёна, аб ветэранах, удзельніках і сведках вайны – ураджэнцах і жыхарах краю. Раскажам, якой вялікай цаной дасталася нам Вялікая Перамога.
А пачынаем наш праект знаёмствам з кнігай “Гнеўная Шчара”, якая выйшла ў 1977 годзе ў Мінску ў выдавецтве “Беларусь”. Яе аўтар – легендарны камандзір партызанскага злучэння Сцяпан Шупеня падрабязна расказаў пра тое, як змагаліся з ворагам народныя мсціўцы ў раёне Ліпічанскай пушчы.
Сцяпан Пятровіч Шупеня нарадзіўся ў 1896 годзе ў сям'і сялян у вёсцы Нача Мінскай вобласці. Працаваць пачаў у дванаццаць гадоў. Зусім юным уступіў у рады Чырвонай Арміі, прымаў удзел у баях супраць Калчака і Дзянікіна, быў паранены. Пасля грамадзянскай вайны служыў у чыгуначных войсках, аднаўляў народную гаспадарку. Перад Вялікай Айчыннай вайной – сакратар Шчучынскага райкама партыі. На гэту тэрыторыю ў тыл ворага яго і накіравалі ў 1943-м. Пасля вызвалення Беларусі Сцяпан Шупеня рабіў на кіруючых пасадах у розных раёнах, быў прызначаны старшынёй Полацкага аблвыканкама, пасля – намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама. Уваходзіў у склад ЦК КПБ, абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР. За баявыя подзвігі і ратную працу С.П. Шупеня ўзнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Суворава II ступені, многімі медалямі. За актыўны ўдзел у партызанскім руху ўдастоены звання “Ганаровы грамадзянін горада Шчучына”. Яго імя носіць адна з вуліц Шчучына і школа аграгарадка Орля.
Аўтар успамінае, як у красавіку 1943 года ён быў накіраваны ўзначаліць Шчучынскі міжрайпартцэнтр, створаны Беларускім штабам партызанскага руху на тэрыторыі Шчучынскага, Мастоўскага, Дзятлаўскага, Жалудокскага, Васілішкаўскага, Зэльвенскага раёнаў і Слоніма. У Ліпічанскай пушчы ў гэты час дыслацыравалася Ленінская партызанская брыгада. На яе базе пад кіраўніцтвам Сцяпана Шупені было створана партызанскае злучэнне, у якое ўвайшло пяць брыгад – каля шасці тысяч чалавек. Утварылася партызанская зона, дзе людзі жылі па законах савецкай улады. Перад партызанамі стаяла задача – не даць спакою гітлераўцам ні днём, ні ўначы.
Цяжкасці партызанскага жыцця нароўні з мужчынамі дзялілі жанчыны і нават падлеткі, якія хадзілі ў разведку, былі сувязнымі і падрыўнікамі, радыстамі. У кожнага з іх быў свой цяжкі шлях у атрад. Партызаны самі пяклі хлеб, даглядалі параненых, нават мелі на балотах свой шпіталь. Партызанская лячэбніца размясцілася ў цэнтры непраходнага балота, і фашысцкім карнікам так і не ўдалося яе знайсці.
Шмат баявых аперацый праведзена партызанамі: узрывалі рэйкі, масты, грамілі варожыя гарнізоны. Друкавалі і распаўсюджвалі газету “Чырвоны сцяг”. А каб сучасны чытач меў уяўленне пра газету, аўтар прыводзіць некалькі заметак. Вось толькі адна з іх: “Год тому назад фашисты убили мою жену и сына. Я, мой сын Костя и дочка Лена ушли в партизанский отряд, чтобы мстить фашистам за кровь родных. Осуществляя свою месть, я убил несколько гитлеровцев… Я буду мстить оккупантам до тех пор, пока фашизм не будет уничтожен. Партизан Степан Моисеевич Вожейко”.
Партызанскі камандзір успамінае, як немцы задумалі заціснуць партызан у міжрэчча Нёмана і Шчары і знішчыць. Удар ворага прыняла на сябе брыгада імя Варашылава. Праціўнік праследаваў партызан, якія адыходзілі праз Руду Ліпічанскую, Гуту, Навасёлкі, Волю-Крупіцы, Маскалі, Зачэпічы. Загадзя былі падрыхтаваны чатыры грэблі праз балоты. Шмат байцоў загінула ў тых баях. А камандзір Булак Павел Іванавіч ахвяраваў коньмі: напалоханыя стральбой, шалёным галопам коні панесліся на дзоты праціўніка... Следам накіраваліся партызаны.Так была прарвана блакада.
З кнігай Сцяпана Шупені “Гнеўная Шчара” можна пазнаёміцца ў Мастоўскай раённай бібліятэцы.
Вольга БІСЕРАВА,
намеснік дырэктара
ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад