Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Паэтычнае рэвю ў Мастоўскай раённай бібліятэцы

Паэтычнае рэвю ў Мастоўскай раённай бібліятэцы16 сентября 2019 — 09:08

Незвычайным чынам адзначылі сваё прафесійнае свята работнікі бібліятэчнай сістэмы Мастоўшчыны. Да сябе ў госці ў літаратурную гасцёўню яны запрасілі паэтаў, зладзіўшы паэтычнае рэвю.

Павіншаваць сціплых “рыцараў” кніг і фармуляраў, сапраўдных прафесіяналаў, адданых сваёй любімай справе, прыйшлі загадчык сектара культуры райвыканкама Анастасія Палуйчык, паэт, літаратуравед, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Радзівончык, калега і мясцовая паэтка Галіна Васілеўская, паэт, аўтар літаратурных зборнікаў Мікалай Іваноўскі.

– Дзякуючы вашым намаганням, творчым знаходкам і крэатыўным ідэям нашы бібліятэкі сёння ідуць у нагу з часам, з’яўляюцца не проста сховішчам кніг, а інфармацыйна-адукацыйнымі і культурна-духоўнымі цэнтрамі, дзе вядзецца работа ў самых розных накірунках і з рознымі ўзроставымі групамі, – звярнулася да работнікаў бібліятэк раёна Анастасія Валер’еўна. – Дзякуй вам за творчы запал, нераўнадушнасць, самаадданасць, хай свята стане адлікам новых працоўных дасягненняў і крыніцай душэўных памкненняў.

Што да душэўнасці, станоўчай энергетыкі і творчасці, дык гэтага падчас святочнай сустрэчы было з запасам. Экспрэсія, неардынарны аўтарскі почырк, насычаны афарызмамі, – усё гэта характарызуе творчасць Дзмітрыя Радзівончыка, які з’яўляецца частым госцем раённай бібліятэкі. У гэты раз ён падараваў удзячнай публіцы падборку сваіх любімых вершаў, завяршыўшы паэтычнае рэвю творам “У пошуках малой радзімы”.

– Малая радзіма – гэта не нейкая канкрэтная геаграфічная кропка, а вобраз, які мы нясём у сваім сэрцы, – выказаў думку Дзмітрый Мікалаевіч.

Падтрымала яго ў гэтай выснове і Галіна Васілеўская, прачытаўшы свае вершы пра малую радзіму, якая прыгожая ў розныя поры года, пра раку Нёман, што з’яўляецца сімвалам вечнага руху і хуткаплыннасці чалавечага жыцця. Адзін з твораў Галіна Іосіфаўна прысвяціла кнізе і сваім калегам.

Зарадзіўшыся энергіяй ад дзіцячай аудыторыі, з якой сустрэўся найперш, Мікалай Іваноўскі пастараўся перадаць яе і работнікам бібліятэк. Тым больш, што яны, як ніхто іншы, па-асабліваму адклікаюцца на прыгожае і трапнае паэтычнае слова. Мікалай Пятровіч прачытаў свае новыя вершы, што не ўвайшлі ў яго літаратурныя зборнікі “Пяром і сэрцам”, “Сцяжынка ў дзяцінства”, “Загадкі на ўсе выпадкі”.

Дружнымі апладысментамі за падараваны творчы настрой віталі ўдзельнікі святочнай сустрэчы сваіх гасцей, пажадаўшы ім новых цікавых вобразаў і натхнення на далейшую творчую дзейнасць.

Н. ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио