11 ноября 2025 — 13:00
У рамках патрыятычнага праекта Мастоўскай раённай бібліятэкі і раённай газеты “Зара над Нёманам” “Победный май в памяти и книгах” працягваем знаёміць нашых чытачоў з кнігамі і ўраджэнцамі Мастоўскага раёна, чый лёс быў апалены падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
Сёння гаворка пойдзе пра беларускага паэта, ураджэнца вёскі Дубна Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці Сяргея Міхайлавіча Крыўца.
Яго дзяцінства прайшло ў роднай вёсцы. Калі была першая сусветная вайна, у 1915 – 1921 гадах разам з сям’ёю будучы паэт быў у эвакуацыі ў Саратаўскай губерні. Два гады вучыўся ў мясцовай школе, дзе праявіў здольнасці ў маляванні. Пасля вяртання на радзіму працаваў пастухом, батраком, рабочым на будоўлі, маляром. З 1930 па 1933 год жыў у Гродне, працаваў цесляром і пісаў вершы.
Першы верш быў змешчаны на старонках заходнебеларускага дзіцячага часопіса “Заранка” ў 1928 годзе. Друкаваўся пад псеўданімамі Сярожа Пастушок, Сямён Табала.
На жаль, лёс Сяргея Крыўца быў нядоўгім. У 1939 годзе Сяргей паступае ў Беластоцкі педагагічны інстытут. Са сваёй састарэлай маці ён апынуўся ў акупацыі. Вайна абарвала ўсе струны яго светлых пачуццяў. У канцы ліпеня 1944 года Беласток быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Паэт добраахвотна ўступіў у Савецкую армію. У адным з нумароў прыфрантавой газеты “Боевые резервы” расказвалася аб мітынгу 4 снежня 1944 года, прысвечанаму Дню Канстытуцыі. На ім выступіў і Сяргей Крывец. Ён пакляўся не выпускаць з рук зброі, не шкадаваць свайго жыцця, пакуль над Берлінам не ўзнімецца сцяг Вялікай Перамогі.
У канцы красавіка 1945 года пры штурме г. Гдыні Сяргея цяжка параніла варожым снарадам. Жыццё паэта ўрачы не змаглі выратаваць. Паэт памёр ад ран 28 красавіка 1945 года.
У памяць аб таленавітым паэце ў 1972 годзе выйшаў зборнік вершаў пад назвай “Дубок”, складальнікам яго быў Рыгор Шырма, рэдактарам – Максім Танк. Так засталася адзіная кніжка... Сорак вершаў… Каб не Вялікая Айчынная вайна, якая забрала жыццё паэта, напэўна, вершаў было б больш. Сяргей Крывец адышоў у вечнасць у самым росквіце.
Ірына Кавалеўская, бібліёграф ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад