Наш наступны артыкул па матэрыялах гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць. Мастоўскі раён” прысвечаны перыяду з 1921 па 1939 гады, калі Мастоўшчына, як і ўся Заходняя Беларусь, знаходзілася ў складзе Польшчы. Сацыяльна-эканамічнае становішча рабочых і сялян было складаным, таму новы ўздым атрымаў нацыянальна-вызваленчы рух.
Вынікам перамоў Польшчы і Расіі ў сакавіку 1921 года аб выніках вайны і будучых граніцах стала падпісанне дамовы, згодна з якой тэрыторыя Беларусі аказвалася раздзеленай на дзве часткі. Землі Брэстчыны, Гродзеншчыны і Піншчыны адышлі да Польшчы.
Быў уведезены новы тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел. Тэрыторыя сучаснай Мастоўшчыны знаходзілася ў складзе Гродзенскага і Ваўкавыскага паветаў Беластоцкага ваяводства і Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства. Нізавой адміністрацыйнай адзінкай лічыліся гміны, якіх было шэсць: Мастоўская, Пескаўская, Дубненская, Лунненская, Гудзевіцкая і Курылавіцкая.
Асноўным багаццем нашага краю былі лясы. Таму не дзіўна, што тут будаваліся лесапілкі, чым быў пакладзены пачатак развіццю лесапільнай вытворчасці. Першы тартак (лесапілка) быў пабудаваны на правым беразе Нёмана купцом Камінарам. У 1927 годзе браты Ігнацій і Вацлаў Канапацкія атрымалі дазвол ад улад на будаўніцтва фанернага завода, які размясціўся на балоцістым участку правага берага ракі Нёман. Восенню таго ж года на прадпрыемстве была выпушчана першая прадукцыя – сыраклееная і нажавая фанера.
Адначасова з узнікненнем завода ўзводзіліся адміністрацыйныя і жылыя пабудовы. Сярод лесу пачаў вырысоўвацца новы рабочы пасёлак, які спачатку называўся фабрычным, пазней – Масты фабрычныя.
Абсалютная большасць насельніцтва ў тыя гады пражывала ў сельскай мясцовасці і займалася сельскай гаспадаркай. Вялікім цяжарам на сялян клаліся шматлікія падаткі.
Акупацыйны рэжым, нацыянальны прыгнёт, каланіяльная эканамічная палітыка садзейнічалі згуртаванню насельніцтва, росту яго свядомасці і адначасова абвастрэнню класавай барацьбы. У Заходняй Беларусі разгарнуўся рэвалюцыйны і нацыяльна-вызваленчы рух супраць панавання польскай буржуазіі і памешчыкаў, на чале якога стала Камуністычная партыя (КПЗБ), што была створана ў 1923 годзе. А праз год пачаў сваю дзейнасць і Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ).
На Мастоўшчыне ў ліку першых у 1925 годзе быў арганізаваны падпольны Пескаўскі райкам КПЗБ. У сферу яго дзейнасці ўваходзілі вёскі Пескаўскай і Мастоўскай гмінаў. Працяглы час райкам узначальваў Дзяніс Чубрык, а са студзеня 1936 года – Міхаіл Шот.
Адным з першых арганізатараў ячэек на тэрыторыі Пескаўскай гміны быў жыхар вёскі Зарудаўе Марк Сцяпанавіч Рудзяк. Гэта быў адукаваны чалавек, які пісаў вершы на злабадзённыя тэмы, складаў песні. Людзі яму верылі, дапамагалі ў рэвалюцыйнай дзейнасці, у якую ён уцягнуў і брата Міхаіла.
У барацьбу за свае правы ўступілі і дрэваапрацоўшчыкі. На фабрыцы нават была створана прафсаюзная арганізацыя. Пасля таго, як выпрацаваныя праўленнем прафсаюза патрабаванні да гаспадароў прадпрыемства не былі выкананы, вясной 1933 года на фанернай фабрыцы адбылася забастоўка, у якой прынялі ўдзел амаль усе рабочыя. Яны патрабавалі ад уладальнікаў братоў Канапацкіх тэрміновага разліку за работу. Аднак гэтага не адбылося. Тады была аб’яўлена галадоўка.
Супраць падпольшчыкаў і актывістаў вызваленчага руху польскія ўлады прымянялі арышты, масавыя расправы і судовыя працэсы. Аднак нягледзячы на гэта барацьба працоўных Мастоўшчыны актыўна вялася аж да вызвалення Чырвонай Арміяй.
(Працяг у наступных нумарах)
Падрыхтавала да друку Н.ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад