Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиК 100-летию образования БССРНовости МостовщиныНаш край

Па старонках кнігі “Памяць. Мастоўскі раён”

Па старонках кнігі “Памяць. Мастоўскі раён”02 января 2019 — 14:14

Часам сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў і надзей сталі для жыхароў Мастоўшчыны 1939-1941 гады. Нарэшце Заходняя і Усходняя Беларусь уз’ядналіся ў адзіную рэспубліку. Дзякуючы гэтаму станоўчыя змены адбываліся ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі: уводзіліся ў строй прамысловыя прадпрыемствы, ствараліся калгасы, адкрываліся бальніцы, бібліятэкі і школы. Аб усім гэтым знаходзім звесткі ў гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Мастоўскі раён”.

На Мастоўшчыну Чырвоная Армія рухалася з усходу па некалькіх напрамках – з Дзятлава, Слоніма і Ваўкавыска. 19 верасня 1939 года чырвонаармейцы ўступілі ў Масты фабрычныя. На плошчы перад фанерным заводам пачаўся мітынг, дзе воінам і камандзірам уручылі хлеб-соль, кветкі і дзякавалі за вызваленне. Сталі стварацца часовыя органы кіравання, якія дзялілі памешчыцкія землі, жывёлу і інвентар паміж малазямельнымі сялянамі, арганізоўвалі дружыны сялянскай міліцыі.

Пачалася работа па ўвядзенні новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Мастоўскі раён быў створаны на базе Мастоўскай воласці Гродзенскага павета, часці Пескаўскай і Крамяніцкай валасцей Ваўкавыскага павета, а таксама Курылавіцкай і часці Дзярэчынскай валасцей Слоніманскага павета. Вясной 1940 года былі зацверджаны старшыні і сакратары сельсаветаў. Па выніках першых выбараў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР па Мастоўскай выбарчай акрузе быў выбраны рамонтны рабочы чыгуначнай станцыі Масты Павел Іосіфавіч Івановіч, а дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР – майстар Мастоўскага лесазавода Ніна Рыгораўна Стома.

У снежні таго ж года прайшлі выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных. На першай сесіі райсавета яго старшынёй быў выбраны Мікалай Сцяпанавіч Сцяпанаў, якога прыслалі ў Масты для ўсталявання савецкай улады.

У канцы 1939 – пачатку 1940 гадоў былі створаны і партыйныя органы. Першым сакратаром Мастоўскага райкама партыі стаў Еранім Якаўлевіч Кузняцоў. Сакратаром райкама камсамола быў 26-гадовы Франц Трыгубовіч.

З першых дзён вызвалення прымаліся меры па наладжванні гаспадарчага жыцця, уводу ў строй прамысловых прадпрыемстваў, буйнейшымі з якіх заставаліся фанерны і лесапільны заводы ў Мастах і крухмальны завод ў Рагозніцы.

Савецкія і партыйныя органы прымалі меры па развіцці ў раёне мясцовай прамысловасці. Яна была аб’яднана ў райпрамкамбінат, у які ўвайшлі 6 млыноў, заводы па вытворчасці цэглы і посуду, печ па апальванні вапны, 6 смалакурняў. У Мастах была арганізавана шавецкая арцель, а на Мяхоўскім лесазаводзе наладжана вытворчасць гонту. Адкрываліся сталовыя, чайныя, хлебапякарні. Працавала 25 магазінаў, у спажывецкай кааперацыі налічвалася 4399 пайшчыкаў.

Адчувальныя зрухі адбыліся ў сельскай гаспадарцы. Сярод першых былі створаны калгасы у вёсках Струбніца (“Чырвоная зорка”) і Рагозніца (“1 Мая”). На канец мая 1940 года ў раёне ўжо налічвалася 10 калгасаў. У шэрагу іх быў атрыманы нядрэнны ўраджай сельгаскультур. Гэтаму садзейнічала ў тым ліку і стварэнне базе памешчыцкага маёнтка ў Бялавічах Мастоўскай машынна-трактарнай станцыі.

Мерапрыемствы, якія праводзіліся ў сельскай гаспадарцы, садзейнічалі паляпшэнню матэрыяльнага становішча жыхароў раёна. У Мастах адкрылася раённая бальніца. Значная ўвага ўдзялялася  школьнаму навучанню. Усяго ў 1940 годзе ў раёне налічвалася 43 школы, колькасць вучняў узрасла да 5886 чалавек. Разгортвалася культурная-асветніцкая работа. У райцэнтры былі адкрыты раённая бібліятэка, Дом сацыялістычнай культуры, меркавалася адкрыць 11 хатаў-чытальняў.

Цікавы факт, што апошніпратакол пасяджэння Мастоўскага райкама партыі датаваны 17 чэрвеня 1941 года. Да пачатку вайны заставаўся тыдзень.

(Працяг у наступных нумарах)

Падрыхтавала да друку Н.ШЭЎЧЫК


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио