Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНовости МостовщиныЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей МостовщиныБеларусь - ЭТО МЫ!Геноцид белорусского народа

Не забыць цану міру

Не забыць цану міру24 ноября 2024 — 14:39

Сёлетняе 13  ліпеня  – асаблівае для маіх землякоў: менавіта ў гэты  дзень 80 гадоў таму была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў наша Радзіма, наша любая Мастоўшчына. I ўсё часцей я пракручваю ў галаве падзеі таго часу.

Я нарадзілася ў вёсцы Самуйлавічы Горныя ўжо пасля вайны. I тое, што адбывалася ў вёсцы з прыходам нямецкіх захопнікаў, ведаю са слоў маіх бацькоў, родзічаў, аднавяскоўцаў.

Ужо ў пачатку ліпеня 1941 года фашысты акупіравалі вёску і пачалі наводзіць там свае "парадкі". У будынку Самуйлавіцкай школы знаходзіўся штаб нямецкай арміі.

Цяжкі лёс за гады акупацыі напаткаў амаль кожную сям'ю. Толькі з нашай невялікай вёсачкі на фронце змагаліся 19 чалавек. 3 іх двое (Габец Нікан і Паўлоўскі Антон) загінулі. На прымусовыя работы ў  Нямеччыну было вывезена 20 чалавек. Разам з бацькамі забіралі нават малалетніх дзяцей. Такі лёс напаткаў сям'ю Мандзік: Аляксея, Кацярыну, іх 8-гадовую дачку Зіну. У няволі нарадзілася яшчэ і Надзя. Сям'я Габца Пятра і Алены і іх трое дзяцей, Шура, Зоя і Ніна, таксама спазнала ўсе нягоды ў няволі.

Самым жудасным для вяскоўцаў быў 1943 год. У пачатку красавіка пайшлі чуткі, што фашысты задумалі страшную расправу над мужчынамі ў адпомстку за знішчэнне партызанамі трох нямецкіх патрульных і сабакі. Дзякуючы гэтым чуткам, многія мужчыны пад покрывам ночы перабраліся праз раку Зяльвянка, схаваліся ў лесе і засталіся ўжывых. На жаль, ахвярамі фашысцкай жорсткасці сталі 12 мужчын, верыўшых ў справядлівы прысуд невіноўным. Іх расстралялі на досвітку 10-га красавіка адразу за вёскай. Капаць магілу для сваіх жа суседзяў прымусілі пад дуламі аўтаматаў пажылых мужчын. Многія сем'і засталіся без кармільцаў, многія дзеці засталіся круглымі сіротамі.

Пасля вызвалення целы загінуўшых былі перазахаваны на тэрыторыі Самуйлавіцкай царквы. У 60-х гадах быў узведзены помнік загінуўшым.

Летам 1944-га савецкія войскі пачалі вызваленне тэрыторыі нашага раёна. Фашысты былі раз'юшаны, азлоблены і знішчалі ўсё і ўсіх на сваім шляху адступлення. Жыхары пакідалі вёску, каб пазбегнуць расправы. Мая мама, узяўшы на рукі 2-гадовую сястрычку Надзю, пайшла да сваякоў у вёску у Лаўры. Бацька мой,  Прэдка Пётр Фадзеевіч, ужа быў у запасным палку для адпраўкі на фронт, як і многія мужчыны-аднавяскоўцы.  Праз некалькі дзён ад  нашай вёскі засталося толькі шэсць хат: фашысты адступалі і спальвалі будынкі,  падносіўшы факелы да саламяных стрэх.   Наша недабудаваная хата, на шчасце, уцалела. У хлявах і прыбудоўках пасяліліся пагарэльцы.

На жаль, вайна давала пра сябе знаць і пасля вызвалення. Як напамін  пра жудасныя падзеі, доўга стаяў танк каля вёскі, танк у рацэ Зяльвянка. Часта знаходзіліся гільзы, баявыя патроны, гранаты. Вельмі страшная трагедыя здарылася ў канцы 40-х гадоў:маладых хлопцаў зацікавіла знойдзеная граната. Яна ўзарваласся –  і пяць  маладых хлопцаў загінулі. Неккалькі такіх выпадкаў было і ў суседніх вёсках.

Калі я працавала ў Самуйлавіцкай (пазней Пацэвіцкай) школе, мы з вучнямі сустракаліся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, збылымі вязнямі, з жыхарамі вёсак. Успаміны, здымкі ветэранаў з узнагародамі былі ўвекавечаны ў альбоме “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Альбом стаў падарункам школе ад выпускнікоў 1973 года і захоўваўся ў музеі школы. Таксама ў музеі захоўваліся каштоўныя гістарычныя матэрыялы: “Вайна ў памяці людзей”, “Рэха вайны” і іншыя. Цяпер, пасля закрыцця Пацэвіцкай школы, гэтыя матэрыялы перададзены ў Рагозніцкую школу.

Антаніна БУБЕН (ПРЭДКА)


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио