Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод народного единстваГод народного единстваГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Наш край – кветкавы рай: як у Мілявічах прыгожа і ладна прайшло брэндавае свята

Наш край – кветкавы рай: як у Мілявічах прыгожа і ладна прайшло брэндавае свята23 августа 2021 — 08:25

Праязджаючы праз аграгарадок Мілявічы, разумееш, што нездарма менавіта тут нарадзілася брэндавае свята “Наш край – кветкавы рай”, якому сёлета споўнілася пяць гадоў. Амаль ля кожнага дома тут маецца палісаднік ці прыгожы кветнік. А мілявіцкія гаспадыні так любяць іх і дбайна даглядаюць, што сваёй яркай прыгажосцю яны радуюць вока ад ранняй вясны і да позняй восені.

У гэты дзень у Мілявіцкім цэнтры вольнага часу і культуры кветкі былі паўсюль: яны ўпрыгожылі фотазоны на вуліцы і кожны куточак будынка. Кветкі ў букетах, хатнія расліны, кветкі з паветраных шароў, карціны з кветкавымі матывамі, падушкі  и рушнікі з вышытымі на іх кветкамі – гэта было сапраўды прыгожа і ладна.

Пачалося свята з дэгустацыі фітачаю з чабаром, зверабоем, ліпай, шыпшынай, рамонкам, іван-чаем. А да кубачка духмянага напітку, які надае сіл і супакойвае, – свежая хатняя выпечка і варэнне. Пра апошняе трэба сказаць асобна, бо такога арыгінальнага варэння з сасновых шышак, са сліў з апельсінавай цэдрай, з вішняў і шакаладам каштаваць не даводзілася. Гэта пастараліся Алена Касач, Алена Сямёнава, Наталля Доста і Аляксандра Новік.

Падмацаваўшыся, гледачы спяшаліся ў  залу, каб заняць самыя лепшыя месцы. І нездарма, бо на працягу дзвюх гадзін тут царыла атмасфера творчасці, натхнення і радасці, што дораць нам мастацтва і … кветкі. Яны ўпрыгожваюць наша жыццё і самі з’ўляюцца яго сімвалам. Яны, як і людзі, нараджаюцца, жывуць і паміраюць. Але за сваё кароткае жыццё паспяваюць прынесці нам столькі многа радасці ад сузірання іх прыгажосці, кволасці і дасканаласці.

Канцэртную праграму распачало эфектнае дэфіле “Белы анёл”, у якім удзельнічалі мясцовыя прыгажуні розных узростаў. А ідэя моднага паказу належыць загадчыцы цэнтра вольнага часу і культуры Інне Машкала.

Не шкадуючы далоняў і ўсмешак, віталі гледачы выступленне калектываў, юных салістаў і танцораў. Яно і зразумела: на сцэне былі іх родныя, сябры, суседзі. Сваю творчасць і добры настрой аднавяскоўцам дарылі вакальная група “Вясняначка”, Уладзіслаў Пазняк, Дзіяна Баран і Аляксандра Новік, Яўгенія Заміроўская, Анастасія Заяц, Кацярына, Анастасія, Яўгенія і Дар’я Дубатоўкі, Таццяна і Алена Сямёнавы, Ягор Галавач, салісты з Вялікіх Азёрак.

Кветкі – гэта пяшчота і каханне, дабрыня і гармонія. Падараваць кветкі – значыць расказаць пра свае пачуцці, аказаць павагу. Кветкі, як добрыя пасрэднікі паміж людзьмі, робяць нашы адносіны больш сардэчнымі, а зносіны – больш даверлівымі і шчырымі.

Штогод падчас свята прыгажосці, кветак і ўсмешак у Мілявічах адзначаюць самыя прыгожыя і дагледжаныя кветнікі, а іх гаспадароў узнагароджваюць заахвочвальнымі прызамі ад спонсара Ірыны Навумчык. Сёлета свае калекцыі кветак папоўнілі Святлана Асцюкевіч, Вольга Серада, Таццяна Рахунак, Святлана Хурса, Алена Русак, Святлана Праваторава, Ганна Дараховіч, Таццяна Галавач, Святлана Салейка, Феакціста Юркевіч, Кацярына Лягеза, Ганна Рахунак, Святлана Шкуда, Наталля Доста, Наталля Хільмановіч, Аляксандра Новік, Валянціна Русак, Ганна Грэцкая, Тамара Кулеш.

А завяршылася свята добрымі пажаданнямі: каб так, як сёлета ярка і насычана цвітуць кветкі, цвіло і наша жыццё.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио