Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньНаука и образованиеНаука и образование

Месца сустрэчы - родная школа

Месца сустрэчы - родная школа05 февраля 2020 — 10:11

         Чым адрознівалася субота 1 лютага ад іншых дзён тыдня і чым была яна падобна на першыя суботы лютага кожнага года? Напэўна, адказ на гэта пытанне з лёгкасцю могуць даць толькі тыя, хто ў мінулую суботу завітаў у сцены роднай школы.

         Вечар сустрэчы выпускнікоў добрая традыцыя, якая існуе ўжо доўгія гады ў нашай школе. Вось і 1 лютага школа гасцінна сустракала сваіх выпускнікоў. У сценах установы адукацыі сабраліся выпускнікі розных гадоў і розных пакаленняў, але ўсіх іх аб'ядноўвала адно – гэта любоў да сваёй малой радзімы, роднай школы і павага да сваіх настаўнікаў.

        Традыцыйна ў першыя выхадныя лютага выпускнікі збіраюцца-з’язджаюцца-злятаюцца, як птушкі з выраю, да роднага школьнага парога. На вечар сустрэчы з маладосцю, аднакласнікамі, сябрамі, настаўнікамі. Вяртаюцца на 10, 20, 30, 40, 45, 50, 55 гадоў назад, узгадваюць цікавыя, вясёлыя і бесклапотныя школьныя гады, педагогаў, якія давалі трывалыя веды і выхоўвалі сваіх вучняў сапраўднымі людзьмі.

         Вечар-сустрэча з выпускнікамі  гэта свята не знойдзеш на календары. Як і няма на карце свету той шчаслівай краіны дзяцінства, куды ў думках мы раз-пораз вяртаемся. Але кожны былы выпускнік ведае, што ў першыя выхадныя лютага, якімі б моцнымі ні былі маразы, ці, як у гэтым годзе, наадварот, не па-зімоваму цёплае надвор’е, Азёркаўская родная школа будзе чакаць сваіх былых вучняў. У цёплай сяброўскай атмасферы яны разам з настаўнікамі будуць доўга ўзгадваць гады вучобы, расказваць пра сённяшнія поспехі, планаваць новыя сустрэчы.

      Прывітанне!, – шчыра і нават неяк вельмі цёпла гучала гэта слова ў файе нашай школы. Статныя мужчыны ў касцюмах, каляровых кашулях паціскалі рукі адзін другому, абдымаліся як найлепшыя сябры. Прыгажуні-жанчыны, дзяўчаты, нібы на подыуме, паднімаліся ў актавую залу, каб прадэманстраваць сваю жаноцкасць, маладосць. А ў тым, што ў зале панавала маладосць, прысутнічалі многія сведкі далёкіх школьных гадоў, якія не заўважалі пасівелых скроняў сяброў, настаўнікаў. Яны, здаеццца, толькі што выйшлі з урока, абступіўшы цесным колам сваіх дарагіх педагогаў. Напэўна, вы чакалі ў гэтым месцы ўдакладнення: настаўнікаў былых і сённяшніх. Але я ўпэўнена, што той, хто аднойчы ступіў на настаўніцкую ніву, не можа быць былым. І гэта як мага лепш дэманстравалі выпускнікі розных гадоў, якія з удзячнасцю гаварылі цёплыя словы са школьнай сцэны ў адрас педагогаў школы.

         Выпускнікамі даказана: школа застаецца ў сэрцы назаўсёды. І не мае значэння, якія адзнакі калісьці былі ў дзённіку, – успаміны самыя светлыя і цёплыя. Любімыя настаўнікі, верныя сябры, дарагія аднакласнікі, а ў кагосьці і першае каханне… Усё гэта ёсць і будзе ў кожным выпуску.


Школа чарговы раз прызначае спатканне сваім выпускнікам. Паважаныя і салідныя, з пасадамі і імёнамі, у альма-матар яны зноў ператвараюцца ў звычайных вучняў. І кудысьці знікае цяжар гадоў, і ўсмешка становіцца адкрытай і шчырай. Так на выпускнікоў уздзейнічае школьная атмасфера.


Сёння ўжо не ляцяць праз тысячы кіламетраў тэлеграмы з запрашэннем на сустрэчу з юнацтвам і зваротным чакайце: мабільнікі сігналізуюць пра прыём СМС і паведамленняў у сацыяльных сетках.

А школа заўсёды чакае сваіх дзяцей, стараецца сустрэць цёпла. Для гэтага ў нашай школе – свая фішка.

       40 гадоў назад я закончыла сваю родную Азёркаўскую школу. Я ўдзячна лёсу, што вучылася ў гэтай школе, дзе давалі трывалыя веды мне і маім аднакласнікам такія настаўнікі, як Пась М.І., Тоўсцік З.С., Верабей Г.У., Верабей І.М.,Салдаценка Н.Л., Шкуда Я.К., Механікава В.Д., Васілеўская Л.К., Галіцкая С.С., Галіцкая А.А., Філіпчык У.І., Пчольнік К.К., Філіпчык Г.П. Асабліва нам цікава было вучыцца, калі ў школу да нас прыйшлі маладыя настаўнікі Дравіца І.М., Ягораў А.М., Варац Л. Добра запомніліся ўрокі Савіна Р.І., настаўніка фізічнай і ваеннай падрыхтоўкі. Ад імя ўсіх сваіх аднакласнікаў яшчэ раз хочацца сказаць ім вялікі дзякуй за веды і пуцёўку ў жыццё.

     Далей маё жыццё склалася так, што я прыйшла працаваць у родную школу настаўнікам роднай мовы і літаратуры. І зноў мне пашчасціла працаваць з творчымі людзьмі, калегамі-аднадумцамі: Дравіца Р.І., Гарбацэвіч І.А., Бочка В.П.,Пашкевіч Т.К. і інш.

       Традыцыі вечароў сустрэчы з выпускнікамі закладзены папярэднім дырэктарам школы Дравіцам І.М., а зараз умела і творча працягваюцца Мармыш В.А., якая ўзначальвае ўстанову адукацыі.

Школа – чаканне і падзеі,

Школа – сяброўства, каханне, надзеі,

Школа – дзяцінства, юнацтва і сталасць.

Пра родную школу ўспамін – гэта радасць…

      Сапраўды, школа – гэта многае ў жыцці, гэта дарагога каштуе… Прайшло ўсё: і чаканне, і падзеі, каханне, сяброўства і надзеі. Засталіся толькі частка жыцця, сталасць і ўспаміны…

      Ад імя выпускнікоў 1980 года і ад сябе асабіста хачу яшчэ раз сказаць: “Дзякуй, родная школа! Жыві доўга, каб нам было куды прыйсці і ў 45, 50,55 гадоў! Дзякуй вучням школы за святочную праграму, калектыву за належную сустрэчу, бацькоўскаму камітэту за падтрымку свята” .

Вечар прайшоў, а мы ўжо чакаем чарговай сустрэчы…

 

Т. Галавач,

выпускніца 1980 г, настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі «Азёркаўская сярэдняя школа»


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио