Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураСоциумОбщественная жизнь

Мастоўшчына гасцінная. Расказваем, якія святы, фэсты, конкурсы і забавы чакаюць мастаўчан сёлетнім летам

Мастоўшчына гасцінная. Расказваем, якія святы, фэсты, конкурсы і забавы чакаюць мастаўчан сёлетнім летам15 июня 2022 — 10:32

Як і абяцалі, сёння расказваем аб тым, якія ўрачыстасці, конкурсы і забавы чакаюць жыхароў Мастоўскага раёна гэтым летам. Іх набралася багата. Амаль у кожным аграгарадку ладзіцца сваё невялікае свята, што падымае настрой і дорыць уцеху яго жыхарам і гасцям. Чакае гасцей і наш раённы цэнтр. На якое мерапрыемства? Даведаемся з нашага матэрыялу.

Пагойдваючыся “На хвалях Нёмана”

У другія выхадныя ліпеня Мастоўшчына запросіць гасцей на незабыўнае свята – гарадскі арт-пікнік “На хвалях Нёмана”.

Гараджане і жыхары сельскіх населеных пунктаў, госці нашага раённага цэнтра змогуць стаць сузіральнікамі яскравага кулінарнага шоу, пахварэць за ўдзельнікаў заплыву “На чым папала”, пакаштаваць смачнай мастоўскай юшкі і камфортна адпачыць усёй сям’ёй на ўлонні прыроды.

На свяце выберуць самага спрытнага майстра рыбнай лоўлі. Таксама вас чакае шмат разнастайных конкурсаў, гульнёвых праграм, прыемных сюпрызаў і канцэртных выступленняў.

Не прапусціце, арт-пікнік адбудзецца 9 ліпеня ва ўрочышчы Міхайлоўка.

Купальскія таямніцы

9 ліпеня таксама можна будзе паспрачацца з лёсам і паспрабаваць знайсці чароўную папараць-кветку. Народнае гулянне адбудзецца ў аграгарадку Глядавічы. Тут дзяўчаты змогуць паваражыць на вянках, а хлопцы праявіць спрыт і кемлівасць у барацьбе з “нячыстай сілай”.

Не менш цікавую праграму рыхтуюць і ў Гудзевічах 10 ліпеня. Гудзевіцкі фэст “Купальскія таямніцы” – гэта магчымасць акунуцца ў атмасферу таямнічасці, выдатна адпачыць ад будзённай мітусні і проста цікава правесці час у добрай кампаніі. Вас чакае тэатралізаванае прадстаўленне, квэст “У пошуках папараць-кветкі” і дыскатэка.

“Вясёлы вазок – чатыры колы”

Такую назву мае народнае гулянне, што на працягу апошніх некалькіх гадоў традыцыйна ладзіцца ў аграгарадку Курылавічы. Сёлета яно запланавана на 16 ліпеня.

Як заўсёды, пачнецца свята парадам транспартных сродкаў па галоўнай вуліцы населенага пункта. На працягу мерапрыемства прагучаць лепшыя песні ў выкананні ўдзельнікаў аматарскіх калектываў. Для дзяцей будуць працаваць атракцыёны, арганізаваны забаўляльна-гульнёвыя праграмы, катанне на вазку. Завершыцца гулянне маладзёжнай дыскатэкай.

Запрашае Дубненскі край

21 жніўня аграгарадок Дубна запросіць гасцей на свята “Калейдаскоп Дубненскага краю”. Па традыцыі, віншаванні будуць прымаць старажылы населенага пункта, нованароджаныя жыхары, шматдзетныя сем’і, сямейныя пары, якія толькі што ўступілі ў шлюб, і тыя, што пражылі разам не адзін дзясятак гадоў.

Удзельнікі свята змогуць даведацца, чый двор у аграгарадку самы дагледжаны, прыгожы і ўтульны. А яго гаспадары, безумоўна, атрымаюць прыз ад арганізатараў свята.

Знойдуцца забавы і для самых малых жыхароў Дубна і навакольных вёсак.

Акунуцца ў чароўны свет кветак

Такое жаданне абавязкова вас напаткае, калі вы пабываеце на свяце кветак “Наш край – кветкавы рай”. Штогод яно ладзіцца напрыканцы жніўня ў аграгарадку Мілявічы. Сёлета свята адбудзецца 21 жніўня і падорыць не толькі пазітыўныя эмоцыі, але і прыгожыя месцы для фотасесій.

Майстар-класы па вырабу кветак з разнастайных матэрыялаў, выставы творчых работ мясцовых майстрых на кветкавую тэматыку, праца фіта-бара “Гаючыя напоі прыроды”, канцэртныя выступленні калектываў аматарскай творчасці, дзіцячае дэфіле – праграма свята абяцае быць цікавай і насычанай. Так што пакідайце гэты жнівеньскі выхадны свабодным, каб адправіцца ў Мілявічы.

Мой горад у сэрцы маім…

Завершыць святочны летні калейдаскоп святам горада Масты “Мой горад у сэрцы маім”, якое адбудзецца 27 жніўня.

Гэтае мерапрыемства без сумнення адно з самых маштабных, доўгачаканых і душэўных для мастаўчан і жыхароў раёна. У гэты дзень паўсюль пануе атмасфера згуртаванасці і яднання.

Адкрые свята шэсце працоўных і творчых калектываў Мастоўшчыны. Будуць працаваць тэматычныя сельскія падворкі, арганізаваны святочны гандлёвы кірмаш, свае вырабы прадставяць майстры з усёй Гродзенскай вобласці. Таксама гасцей чакае відовішчны абрад “Дажынкі” і ўшанаванне пераможцаў сёлетняга жніва.

Кожны зможа знайсці занятак па-душы: для аматараў добрай кніжкі будзе арганізаваны бібліяфэст, прыхільнікі актыўнага адпачынку змогуць паўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, для дзяцей запланавана безліч забаўляльна-гульнёвых пляцовак.

Ну і якое ж свята без канцэрта?! Ён таксама будзе, але арганізатары пакуль што трымаюць у сакрэце, хто на гэты раз парадуе мастаўчан сваёй творчасцю і падорыць незабыўныя эмоцыі сустрэчы з добрай песняй. Так што сачыце за рэкламай у нашай газеце, на сайце раённага выдання, у сацыяльных сетках і нашым Телеграм-канале.

Падрыхтавала Наталля БЯЙДУК

Фота з архіва рэдакцыі

Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале. 

Подписывайтесь по ссылке https://t.me/mosty_zara_nad_nemanam


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио