Беларуская мова вельмі пявучая, мілагучная і прыгожая. У гэтым яшчэ раз пераканаліся ўсе прысутныя на мерапрыемстве, якое ладзілася супрацоўнікамі раённай бібліятэкі першага ліпеня і было прымеркавана да Дня Незалежнасці.
А ці ведаеце вы такія словы, як брыль, гаўбец, гзымс? Напэўна, прыйдзецца вельмі добра падумаць, перш чым перакласці іх на рускую мову. Дык вось гэта «козырёк», «балкон», «карниз».
Усе, хто прыйшоў паўдзельнічаць у акцыі «Чытаем па-беларуску», атрымалі каляровыя аркушы з шматлікімі словамі на беларускай мове, каб мець магчымасць падрабязней пазнаёміцца з багаццем роднай мовы. Прыемна, што большасць прапанаваных слоў была знаёма прысутным.
Вядучыя распачалі мерапрыемства з вершаў беларускіх аўтараў пра Беларусь, родную старонку, прыгажосць мясцовай прыроды. Яны ўзгадалі шматлікіх пісьменнікаў, якія пісалі на беларускай мове, праслаўляючы сваю Бацькаўшчыну.
«Мой любы край», «Каля Нёмана», «Сэрца зямлі маёй» і іншыя – усё гэта вершы мясцовых паэтэс Зінаіды Біліда і Галіны Васілеўскай, якія яны прачыталі падчас мерапрыемства. Столькі любові і павагі прагучала ў іх словах да малой радзімы, яе жыхароў, палёў, лясоў.
Узгадалі вядучыя таксама і вядомых аўтараў, якія калісьці жылі на Мастоўшчыне альбо наведвалі яе і прысвячалі свае вершы прыгажосці прынёманскага краю. Гэта творы Міхаіла Макара, Ірыны Данік-Навуменка, Івана Астапенкі, Марыі Шаўчонак.
А вось урывак з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» распачалі чытаць вядучыя, а прысутныя працягвалі па радку.
Усе жадаючыя змаглі выказаць любоў і павагу да роднай мовы праз вершы на беларускай мове, якія яны дэкламавалі падчас мерапрыемства. Шмат твораў прагучала з вуснаў дзяцей, якія атрымалі салодкія падарункі.
Пачуццё гонару за сваю Радзіму, яе жыхароў не пакідала прысутных падчас акцыі. Супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі ўсіх пазнаёміцца з кніжнай выставай, дзе былі прадстаўлены творы сучасных беларускіх аўтараў, альбомы, прысвечаныя гісторыі і культуры Беларусі, а таксама наведваць чытальныя залы і больш чытаць па-беларуску.
І. Бочко
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад