Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноОбществоГод исторической памятиКультураСоциумОбщественная жизньСоциумПрофсоюзная жизньСоциумДуховностьСоциумКультураСпорт и ТуризмТуризм и отдыхБлоги наших журналистовВиктор МоханьНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш крайБеларусь - ЭТО МЫ!Нам есть чем гордиться

Летапіс Бялавічаў, тайны Біспінгаў і падмурак “на яйках” у Песках: распавядаем пра экскурсію ў гонар месяца рэлігійнага турызму

Летапіс Бялавічаў, тайны Біспінгаў і падмурак “на яйках” у Песках: распавядаем пра экскурсію ў гонар месяца рэлігійнага турызму01 ноября 2024 — 09:58

Уладзімір Караткевіч лічыў, што пазасмяротнае жыццё без роднай зямлі і ёсць абяцанае пекла. Мы ж дададзім, што жыццё без ведаў пра свой родны край падобна на блуканне ў тумане: усё навокал быццам знаёмае і мілае сэрцу, але ж бялявая смуга хавае яго ад цябе. Разагнаць імглу няведання можна рознымі сродкамі, адзін з якіх ‒ экскурсія па гістарычных помніках мінулага.

Такую магчымасць 30 кастрычніка атрымалі асобы залатога ўзросту Мастоўшчыны. Экскурсію ж у рамках месяца рэлігійнага турызму арганізавала трыяда арганізацый: мясцовы інфармацыйна-турыстычны цэнтр разам з аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мастоўскага райвыканкама і раённым саветам ветэранаў.

Некаторыя з экскурсантаў няблага ведалі гісторыю родных мястэчак, але неўзабаве прызнаваліся: “Колькі ўжо тут жыву, а вось, напрыклад, у пескаўскім касцёле ніколі не была!” Што ж, вось яны і атрымалі шанец дакрануцца да помніка неаготыкі, які дзесяць гадоў таму адсвяткаваў свой першы трохлічбавы юбілей. Але спачатку наш маршрут ляжыць праз вёску Бялавічы, дзе мы наведаем Свята-Пакроўскую царкву.

Гэта цагляна-каменны храм, які пабудаваны ў стылі ампір ‒ гэтак званым “імперскім стылі”, які з’явіўся ў банапартавай Францыі. Потым ампір непрыкметна апанаваў расійскай архітэктурай, каб дайсці нават да заходніх межаў імперыі ‒ то бок сучасных беларускіх зямель. Храмы ў Беларусі будаваліся часцей за ўсё з адметнымі рысамі, уласцівымі мясцовым стылям і традыцыям, таму ампір Свята-Пакроўскай царквы зусім не ўзнёсла-пампезны (уверх “ляціць” толькі вежа-званіца), а вытрыманы, трывалы і аскетычны, што і робіць храм унікальным помнікам архітэктуры XIX стагоддзя.

Аб гэтым і не толькі распавяла нам Марыя Рахунок, якая сустрэла нас на лесвіцы, што вядзе да царквы. Яна бібліятэкар Зарудаўеўскай сельскай біблятэкі, краявед-аматар, якая збірае па кроплях гістарычныя звесткі ды артэфакты. Ад свайго аднаасобнага поспеху адмаўляецца: “Я нічога не зрабіла б без сваіх дзяўчат”, ‒ сціпла кажа Марыя Уладзіміраўна. Сумесным вынікам іх працы стаў “Летапіс Свята-Пакроўскай царквы” ‒ кнігі, якая аб’ядноўвае мінулае храма з сучаснасцю. Але ж скарбонка гістарычных фактаў у бібліятэкара яшчэ не апусцела, таму мы можам смела чакаць выдання другой кнігі.

Да другога прыпынку нашага маршруту набліжаемся па звілістых дарогах, што апраўлены вогненна-памяранцавымі пошугамі восеньскага лісця. Зноўку пралятаюць Міжава, Капачы, Струбніца ‒ і вось, нарэшце, Плябанаўцы, дзе і знаходзіцца яшчэ адзін унікальны помнік архітэктуры ‒ драўляны барочны касцёл Святой  Троіцы.

Першапачаткова гэткіх храмаў на беларускіх землях было шмат. Рэч Паспалітая ўвогуле славілася сваім драўляным дойлідствам. Але ж незлічоныя пажары, а потым дзве сусветныя вайны значна паменшылі колькасць драўляных касцёлаў. Цікава, аднак, што большая частка уцалелых храмаў знаходзіцца якраз на тэррыторыі Гродзенскай вобласці.

Свята-Троіцкі касцёл у Плябанаўцах ‒ адзін з прыкладаў драўляных барочных касцёлаў, якія ўзводзіліся на землях Рэчы Паспалітай прыблізна ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Аднак спачатку на гэтым месцы ўзвялі касцёл у 1522 годзе па загаду каралевы Боны Сфорца (нагадаем, што якраз ёй і належалі ў той час мастоўскія землі). Цяперашні касцёл быў пабудаваны ў 1740 годзе, але ж сучасны выгляд ён набыў праз паўстагоддзя намаганнямі Біспінгаў ‒ шляхецкага сямейства, якое некалі збегла з Вестфаліі, ратуючыся ад помсты пратэстантаў.

Генадзь Добрук, пробашч Свята-Троіцкага касцёла, не толькі паказаў нам інтэр’ер храма, але трошкі распавёў і пра шляхецкі род, які валодаў гэтымі землямі. Больш за ўсё нас зацікавіла гісторыя Аляксандра Біспінга:

‒ Ёсць меркаванне, што ён скончыў жыццё самагубствам. “Як жа яго пахавалі ля касцёла?” ‒ запытаеце вы.

‒ Мабыць ён ім і не быў? ‒ пытаемся мы ў адказ. ‒ Тадэвуша Рэйтана таксама лічылі самагубцам, але ж ён быў пахаваны ў Ляхавіцкім касцёле, дзе яго і хрысцілі. То бок памёр ён з-за натуральных падзей…

‒ Мабыць. Але ж чаму тады магіла Аляксандра безыменная і стаіць асабняком? Маглі, маглі пахаваць нават і самагубцу, бо Біспінгі пабудавалі не толькі касцёл, але і бальніцу, і школу. Яны валодалі гэтым месцам, таму і пайшлі на парушэнне дагматаў каталіцтва.

Дарэчы, дакладная прычына смерці 19-гадовага графа Аляксандра Біспінга не вядома. Незадоўга да смерці ён прыняў праваслаўе і абвянчаўся з унучкай знакамітага пісьменніка Сяргея Аксакава (так, той самы, што напісаў “Пунсовенькую кветачку”) Вольгай. Вяселле яны ўжо не згулялі…

І вось, у рэшце рэшт, мы прыязджаем у Пескі, дзе нас сустракае касцёл, што падобны да маленькага сярэдневяковага замка. Гаворка зараз пра храм Маці Божай Ружанцовай, пра гісторыю якога нам распавяла яшчэ адзін краявед-энтузіяст Наталія Сарока, настаўнік гісторыі Рагозніцкай СШ. Унутр мы не зайшлі: зараз там ідзе абнаўленне інтэр'ера храма.

‒ Падмурак гэтага касцёла рабілі амаль два гады, ‒ расказвае Наталія, пакуль мы з захапленнем глядзім на храм. ‒ Яго ўмацоўвалі не каменем, а… яйкамі! Так, з кожнага двара штодня ахвяравалі па дзесяць яек ‒ курыныя, індычыя, качыныя ‒ няважна. Гэтыя яйкі разбіваліся, пасыпалі зверху прасеяным пяском, а потым туды пускалі коней, каб яны там усё ўтрамбоўвалі. І вось так на працягу амаль што двух гадоў. Уявіце, які ён моцны і натуральны!

“Гэта ж больш за сем тысяч яек!” ‒ здзіўляемся мы пасля простай арыфметычнай працэдуры. Але ж гэта толькі фундамент, які заклалі яшчэ ў 1901 годзе. Да гэтага мясцовы пробашч звяртаўся да расійскай улады (менавіта, даслаў ліст цару Мікалаю Другому), каб яна дазволіла пабудаваць касцёл. Дазвол улады далі, а вось грошы на пабудову збіралі ўжо вернікі-парафіяне. Таму будоўля ішла дзесяць гадоў, а калі скончылася, то на беларускія землі ўжо прыйшла Першая сусветная вайна. У ходзе баявых дзеянняў быў моцна сапсаваны дах, які адрамантавалі ўжо пасля распаду СССР.

Экскурсантам настолькі спадабаўся тур, што яны, быццам Бунша, патрабавалі “працягу банкету!” Таму мы завіталі на магілу Аляксандра Азнабішына, стацкага дарадцы і ініцыятара пабудовы царквы у Песках у другой палове XIX стагоддзя, і толькі потым паехалі дахаты. Удзельнікі экскурсіі па даразе назад з радасцю падзяліліся з намі сваімі ўражаннямі.

Як нам экскурсія? Вельмі спадабалася!  ‒ шчыра падзякавала Любоў Альшэўская, педагог-арганізатар дадатковай адукацыі Мастоўскага РЦТДіМ. ‒ Асабліва ўразілі людзі, якія цярпліва збіралі гістарычныя крыніцы, капаліся ў радаводах. Гэта сапраўдныя энтузіясты, якія захоўваюць дух нашага народа.

‒ Мы заўсёды гатовыя падтрымаць экскурсіі кшталту гэтай, ‒ выказала меркаванне Таццяна Жвірбля, адказны сакратар раённага савета ветэранаў. ‒ У Мастоўскім раёне ёсць чым ганарыцца ‒ і ў тым ліку цэрквамі і касцёламі, нашай гісторыяй. Мабыць, калі мы былі маладымі, то нам было не да гэтага, але пакуль у нас ёсць час, пакуль яшчэ ёсць тыя, хто збірае гістарычныя сведкі і гатовы імі падзяліцца, трэба пазнаваць новае і глядзець далей, чым за сваю родную вёску, горад ці раён.

Агульная думка экскурсантаў гучыць так: “Нашая зямля вельмі багатая, а мы нават паловы яе багацця не ведаем”, ‒ кажуць умудроныя жыццём людзі. Што ж тут казаць пра маладзейшых: ці ведаем мы гісторыю роднага краю так, каб не “перажыць мінулага безліч разоў”? Менавіта не, аднак сама меней мы можам паспрабаваць.

Віктар МОХАНЬ

Фота аўтара

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио