Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноПолитикаВластьСоциумОбщественная жизньСоциумКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНаш крайЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Культурны код Мастоўшчыны: на пасяджэнні райвыканкама прааналізавалі выкананне паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы

Культурны код Мастоўшчыны: на пасяджэнні райвыканкама прааналізавалі выкананне паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы02 ноября 2024 — 08:08

Зараз мала проста правесці канцэрт ці музейную экскурсію. У відовішчнае і масавае мерапрыемства патрэбна закласці крэатыўную ідэю, цікава і па-сучаснаму яе прэзентаваць, зацікавіць навінкамі і неардынарным падыходам. Толькі тады канцэртныя залы запоўняцца гледачамі, свята будзе на слыху ў мясцовых жыхароў і гасцей, а стужкі навін сродкаў масавай інфармацыі – аператыўна адновяцца яркімі фотаздымкамі. І работнікам культуры Мастоўшчыны гэта пад сілу.

Прынамсі, такі вынік быў зроблены на сумесным пасяджэнні раённага выканачаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, дзе быў абмеркаваны ход выканання Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021-2025 гады ўстановамі культуры Мастоўскага раёна. Удзел у нарадзе прыняла намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Куратчык.

З тым, якіх вынікаў дасягнулі ўстановы культуры раёна за азначаны перыяд  і над вырашэннем якіх планаў працуюць зараз, прысутных пазнаёміла загадчык сектара культуры Анастасія Палуйчык.

– Культурнае абслугоўванне на Мастоўшчыне вядуць 14 бібліятэк, 16 устаноў клубнага тыпу, 2 музеі, адна ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў сферы культуры. З 87 клубных фарміраванняў – 40 для дзяцей і падлеткаў. Ахоп удзельнікаў складае 848 чалавек, з якіх палова – дзеці. За справаздачны перыяд (9 месяцаў 2024 года) было праведезена 99 выязных канцэртаў у аддаленых вёсках раёна. Канцэрты, конкурсы, фестывалі, майстар-класы, прэзентацыі і вечары адпачынку – усяго клубнымі ўстановамі было праведзена 1467 мерапрыемстваў пры плане 1345, – канстатавала Анастасія Валер’еўна.

Даўно перасталі быць проста сховішчам кніжнага фонду і бібліятэкі. Зараз яны ладзяць для сваіх наведвальнікаў цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы і такім чынам заахвочваюць чытачоў, далучаюць іх да чытання. “Кнігі будуюць МАСТЫ”, “Масты сугучнасці”, “Жыла-была казка” – гэта толькі самыя масавыя святы пад эгідай раённай бібліятэкі, якія сталі знакавымі ў культурным жыцці Мастоўшчыны. Заслужанай папулярнасцю карыстаюцца створаныя тут тэатр ценяў і музей дакамп’ютарнай тэхнікі.

Інтэрактывам, анімацыйнымі заняткамі, пазнавальнымі гульнямі і інфармацыйна-выхаваўчымі гадзінамі супрацоўнікі музеяў даказваюць, што іх установы – гэта зусім не сумныя месцы.

За 9 месяцаў на фінансаванне мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы ў раёне было выдаткавана больш за 4 мільёны рублёў. Яны былі выкарыстаны на паляпшэнне і ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, рамонты і мадэрнізацыю ўстаноў культуры. Бюджэтныя сродкі выдатковаўваліся і на пакупку новых музычных інструментаў (акардэон і два маршавыя барабаны) для Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Загадчык сектара культуры засяродзіла ўвагу прысутных і на хвалюючых пытаннях.

– Брэндавыя мерапрыемствы, што праводзяцца ў нашых аграгарадках, павінны па-новаму прэзентаваць сябе з улікам каларыту мясцовасці, больш шырока знаёміць з бытам, традыцыямі і таленавітымі аднавяскоўцамі. Такія прыклады ўжо ёсць, а астатнім трэба падцягвацца, – падкрэсліла Анастасія Валер’еўна.

Сярод задач, што стаяць перад сферай культуры раёна на бліжэйшую перспектыву, – стварэнне пры раённым цэнтры культуры не менш аднаго клубнага фарміравання на платной аснове, забеспячэнне ўдзелу народных і ўзорных калектываў у абласных фестывалях і конкурсах, правядзенне сумесна з райкамам БРСМ, аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама не менш трох творчых конкурсаў у год для моладзі і дарослых.

Праблематыку развіцця культуры на вёсцы, кадравага патэнцыялу і ншых “балючых” кропак галіны абазначыў старшыня райвыканкама Андрэй Санько, а абгрунтавала прадстаўнік упраўлення культуры Сняжана Куратчык.

–  Трэба адзначыць станоўчы вопыт дзейнасці работнікаў культуры Мастоўскага раёна са сталымі жыхарамі – ёсць добрая дынаміка і высокая якасць. Неабходна выключыць з практыкі работы бібліятэкараў, на якіх павысілася працоўная нагрузка, прыпіскі, а музейшчыкам – самы час звярнуць увагу на павелічэнне наведвальнікаў. Яшчэ адзін праблемны момант – 100% знос бібліобуса і аўтаклуба, якія для вашага раёна проста неабходны. Гэтае пытанне мы трымаем на кантролі і будзем сумесна шукаць выйсце. А вось прыцягнуць у сферу культуры новыя маладыя крэатыўныя кадры – задача, якая павінна вырашацца на месцах. Трэба актыўней працаваць з бацькамі, тлумачыць ім “плюсы” атрымання мэтавага накіравання на вучобу, – акрэсліла задачы Сняжана Віктараўна.

Работнікі культуры Мастоўшчыны праслаўляюць свой край, сваю малую радзіму, захоўваюць і памнажаюць яе культурную спадчыну, прывіваюць любоў да кнігі і музыкі, шукаюць і развіваюць таленты, адукоўваюць, выхоўваюць і натхняюць. Сваёй творчасцю і любоўю да прафесіі яны запальваюць сэрцы, дораць людзям радасць і добры настрой, адкрываюць запаведныя дзверы ў свет творчасці і фарміруюць наш культурны код. Таму іх дзейнасці надаецца такая пільная ўвага.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио