
Напрыканцы мінулага працоўнага тыдня наш раён стаў пляцоўкай для рэспубліканскага семінара-практыкума супрацоўнікаў культуры. Прадметам вывучэння і абмену вопытам паслужылі сучасныя тэндэнцыі культурна-турыстычнай дзейнасці ва ўстановах культуры Мастоўскага раёна.
Удзел у семінары бралі начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Марына Давыдзік, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Хачкова, работнікі культуры з усёй краіны.
Традыцыі, памяць, экалагічныя веды
Знаёмства з Мастоўскім краем госці пачалі ў Ліпічанскай пушчы. Менавіта тут перапляліся народныя традыцыі, наша ўдзячная памяць пакаленню Пераможцаў і экалагічныя веды, якія можа атрымаць кожны турыст, што наведаецца ў гэты прыгожы самабытны куточак.
Цырымоніі ўскладання кветак да мемарыяла савецкім воінам, партызанам і ахвярам фашызму каля в. Шымкі папярэднічала непрацяглая па часе, але эмацыянальна насычаная сцэнічная пастаноўка. Якія пачуцці могуць выклікаць пакуты маці, на вачах якой фашысты забіваюць абодвух яе сыноў?! Толькі боль… Толькі слёзы… Толькі нянавісць да ворага… Вось і ўдзельнікі семінара не змаглі стрымаць слёз, спачуваючы гору жанчыны, а ў яе вобразе – усім беларускім жанчынам, што не дачакаліся з вайны мужоў, братоў, сыноў…
Атрымаўшы асалоду ад прагулкі па экасцежцы разам з цікавым і дасведчаным суразмоўцам – дырэктарам Рэспубліканскага заказніка “Ліпічанская пушча” Андрэем Вераб’ём, госці нечакана вымушаны былі падбіраць патрэбны пароль. Так, так, на лясной сцяжынцы іх сустрэў… партызанскі дазор.
У гады Вялікай Айчыннай вайны пушча стала прытулкам для многіх партызанскіх фарміраванняў. Тут жа хаваліся ад немцаў і мясцовыя жыхары – старыя, жанчыны, дзеці. Як жылі народныя мсціўцы, што даваў ім лес, чым яны харчаваліся і лячыліся, якімі справамі праславіліся ў барацьбе з фашызмам, – аб гэтым удзельнікі семінара даведаліся з расказа супрацоўнікаў Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек” і Андрэя Вераб’я.
Вельмі натуральна дапоўнілі аповед мясцовыя артысты і дзеці, якія так ужыліся ў ролі, што цяжка было адрозніць юных акцёраў ад іх равеснікаў часоў вайны.
А на развітанне з пушчай госці атрымалі па бутэлечцы вады са Свята-Троіцкай Шчарскай крыніцы, якая не толькі добра наталяе смагу, але і лічыцца гаючай.
Турыстычны брэнд Мастоўшчыны
Як сцежкі-пуцявіны турыста, што завітаў у Мастоўскі раён, так і дарогі ўдзельнікаў семінара прывялі іх у аграгарадок Гудзевічы. Менавіта этнакультурная спадчына з’яўляецца платформай турыстычнага брэндзінгу нашага раёна. І госці змаглі гэта пабачыць, пачуць і пакаштаваць.
На пляцоўцы ля Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея разгарнулася цэлая творчая лабараторыя. Тут можна было пазнаёміцца з элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны – традыцыйнай тэхналогіяй ткацтва “падвойных дываноў”, а таксама стаць удзельнікамі майстар-класаў па ткацтву і вырабу народных паясоў.
Дэманстраваліся падчас мерапрыемства і такія арт-праекты, як “Рушнік Гродзенскай вобласці” і “Квецень Панямоння”.
Асаблівую зацікаўленасць выклікала творчая майстэрня “Зялёнае мастацтва” па адраджэнні старадаўняй тэхналогіі спіральнага пляцення.
– Гэтыя дзяўчаты – сапраўдныя чараўніцы. Бо некалькі гадоў таму яны падаравалі мне падстаўку пад гарачае, сплеценую з травы. Я да гэтага часу карыстаюся ёю. Водар палёў і лугоў, які ўвесь гэты час захоўваецца, дорыць адчуванне радасці і далучэння да прыроды. А яшчэ ў мяне ёсць невялічкі сплецены збаночак-шаптун. Па павер’і нашых продкаў, у яго трэба нашэптваць свае патаемныя жаданні – толькі добрыя і шчырыя. І ведаеце – усё збываецца, – такую выключную рэкламу вырабам майстроў аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў РЦК зрабіла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.
Таксама госці з задавальненнем пазнаёміліся з традыцыямі выканання “Котчынскай кадрылі” (танец таксама ўваходзіць у Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны) і сталі актыўнымі ўдзельнікамі інтэрактыўнай праграмы “У гасцях у Сымоніхі і Лявоніхі”. А пасля такога руху і актыўнасці – добра было падсілкавацца стравамі, прыгатаванымі гудзевіцкімі гаспадынькамі. “Пікнік па-беларуску” завяршыў праграму наведвання аграгарадка.
А завяршаючым момантам знаёмства з Мастоўшчынай, безумоўна, стала прагулка па падвясным мосце, які з’яўляецца месцам прыцягнення мясцовых жыхароў і турыстаў. Дарэчы, госці ацанілі візітную картку Мастоў як без вячэрняй падсветкі, так і ў свеце соцень лямпачак, якія робяць мост непаўторным і выключным.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Культура і турызм – паспяховы тандэм
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад