06 марта 2026 — 08:08
Па пятніцах у ДУА “Дубненская сярэдняя школа імя А. С. Данілава” пануе асаблівая атмасфера – атмасфера цікавасці да роднага і павагі да працы людзей сваёй краіны. Далучыўшыся да рэспубліканскай акцыі «Кожная пятніца – роднае, сваё!», вучні не проста разважаюць пра айчынную прадукцыю, а праз заданні, абмеркаванні і прыклады з уласнага жыцця па-новаму ўспрымаюць звыклыя рэчы.
У пятніцу для малодшых школьнікаў усё было лёгка і захапляльна: творчасць, гульня, рух і шмат усмешак. Вучні малявалі лагатыпы, адгадвалі прадукцыю па апісанні, успаміналі, якія беларускія рэчы ёсць дома, і ахвотна дзяліліся сямейнымі гісторыямі. Асабліва прыемна было слухаць, як дзеці з гонарам называлі тое, што выбіраюць іх бацькі і чым карыстаюцца штодня. Так паступова прыйшло простае, але важнае разуменне: роднае – не нешта далёкае, яно побач кожны дзень.


Са старэйшымі вучнямі сустрэча прайшла ў больш сур’ёзнай атмасферы. Яны абмяркоўвалі, як развіваецца прамысловасць краіны, чаму важныя такія прадпрыемствы, як БелАЗ, МАЗ, МТЗ і што стаіць за паняццем «падтрымка айчыннага вытворцы». Гаварылі пра якасць прадукцыі і пра тое, як яна ўплывае на давер да Рэспублікі Беларусь у свеце. Паступова размова перайшла ад фактаў да высноў: выбар на карысць сваёй прадукцыі – гэта не толькі пакупкі, але і павага да працы землякоў, адказнасць і асабісты ўклад у будучыню краіны.
Прыемна, што ініцыятыва не абмежавалася школьнымі сценамі. Вучні працягнулі тэму ў сацыяльных сетках: дзяліліся фотаздымкамі і ўражаннямі, выкарыстоўваючы хэштэг #КожнаяПятніцаРоднаеСваё.
Падобныя сустрэчы і ініцыятывы дапамагаюць вучням глыбей адчуць сувязь з роднай краінай, яе людзьмі і традыцыямі. Любоў да Радзімы пачынаецца з простага: умець заўважаць і цаніць тое, што створана на роднай зямлі, і з гонарам ставіцца да вынікаў працы суайчыннікаў.
Эліна Місцюк, настаўнік пачатковых класаў,
Аліна Сазонава, настаўнік геаграфіі
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад