05 марта 2026 — 08:35
25 лютага 2026 г.для навучэнцаў 9-11 класаў ДУА “Рагозніцкая сярэдняя школа” ў рамках пілотнага праекта была арганізавана экскурсія па маршруце аг. Вялікая Рагозніца–Косава, дзе навучэнцы пабывалі ў велічнай палацавай рэзідэнцыі Пуслоўскіх, у музеі-сядзібе Тадэвуша Касцюшкі.
У Косава навучэнцы наведалі дом-музей Тадэвуша Касцюшкі – гістарычнага дзеяча Рэчы Паспалітай, дзе пазнаёміліся падрабязней з яго біяграфіяй і з побытам сярэдняй шляхты, выхадцам з якой быў Тадэвуш. Цікава, што ў 1857 годзе менавіта Пуслоўскія ўпершыню адрэстаўравалі закінутую сядзібу Касцюшкаў.
Незабыўныя ўражанні выклікала наведванне палаца роду Пуслоўскіх у Косава, вядомага таксама як Косаўскі замак. Яго лёс складваўся няпроста: ад раскошнай рэзідэнцыі, якая ўражвала сваёй прыгажосцю і багаццямі ўсіх гасцей да амаль поўнага разбурэння і запусцення.


Навучэнцы даведаліся, што Косаўскі замак складаецца з 12 вежаў, кожная з якіх сімвалізуе пэўны месяц года. У палацы Пуслоўскіх было больш за 100 пакояў. Палац славіўся сваёй бібліятэкай, дзе захоўвалася больш за 10 тысяч кніг. Існуе легенда, што гаспадары замка трымалі льва, каб змагацца з крадзяжом сярод прыслугі. Кожную ноч яго спускалі з прывязі і дазвалялі бясшумна блукаць па калідорах.

Апынуўшыся сёння ў незвычайнай абстаноўцы, навучэнцы зразумелі, што даведацца, убачыць шмат цікавага можна не толькі седзячы ля тэлевізара, камп’ютара або чытаючы кнігу, але і разглядаючы скульптуры, карціны, размаўляючы з экскурсаводам.


Вярнуўшыся, навучэнцы яшчэ доўга дзяліліся ўражаннямі і эмоцыямі аб убачаным і пачутым. Бо наведванне старажытнага замка дало магчымасць перанесціся ў мінулую эпоху, паспрабаваць разгадаць загадку замка, памарыць, знайсці патаемны ход або схаваны скарб. Экскурсія па гістарычных мясцінах Беларусі ўразіла дзяцей, была запамінальнай і займальнай.
Хочацца асобна выказаць словы падзякі за аказанае садзейнічанне ў арганізацыі экскурсіі кіраўніцтву КСУП “Імя Адама Міцкевіча”.
Алена Мамовіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад