У наш час, калі дзеці (ужо не кажучы пра дарослых) не хочуць чытаць кнігі, а ўсю патрэбную, а падчас і непатрэбную інфармацыю знаходзяць у інтэрнэце, кнігі на паліцах бібліятэк застаюцца нікому не патрэбныя. А які цудоўны свет кніг! Мы, настаўнікі, стараемся дзяцей зацікавіць чытаннем кніг, выклікаць у іх цікавасць і асабістую патрэбу ў чытанні, праз гутаркі і асабісты прыкдад выхоўваць беражлівыя адносіны да кнігі. І ў пачатковых класах нам гэта паспяхова ўдаецца. У нашай установе адукацыі ёсць цудоўная бібліятэка. У бібліятэцы разнастайны кніжны фонд: казкі, вершы і творы беларускіх і замежных аўтараў, дзіцячыя часопісы і газеты, метадычная літаратура, энцыклапедыі і інш. Марына Пачабыт, бібліятэкар, чулы і добры чалавек. Вучні пачатковых класаў вельмі любяць чытаць і кожны перапынак бягуць у бібліятэку, каб узяць кнігу або абмеркаваць з Марынай Віктараўнай прачытаны твор, пацікавіцца кніжнымі навінкамі.
На жаль, кнігі таксама хварэюць і патрабуюць дапамогі, асабліва, калі дзеці дрэнна з імі абыходзяцца. З мэтай аказання першай дапамогі такім кнігам у бібліятэцы створана і бесперапынна працуе “Кніжкіна бальніца”. А ўрачамі і санітарамі ў гэтай бальніцы працуюць звычайныя школьнікі, якія ў свабодны ад заняткаў час прыходзяць і дапамагаюць Марыне Віктараўне “лячыць” (рамантаваць) кнігі. Дзеці прыносяць з сабой клей, нажніцы, клейкую паперу, правяраюць, якая кніга мае патрэбу “ў лячэнні” і пад кіраўніцтвам Марыны Віктараўны рамантуюць кнігі. Дзецям вельмі падабаецца гэта дабравольная справа. Гэта мае вялікае выхаваўчае значэнне. Па-першае, дзеці прывучаюцца шанаваць кнігі, акуратна з імі абыходзіцца. Па-другое, вучні сочаць за акуратнасцю не толькі сваіх кніг і падручнікаў, але і бачаць, як абыходзяцца з крыніцамі ведаў іншыя дзеці. Пры неабходнасці даюць заўвагі такім вучням, запрашаюць папрацаваць у “Кніжкінай бальніцы”. І гэта дае свае вынікі. Як паведаміла бібліятэкар, дзеці сталі больш акуратна абыходзіцца з кнігамі, стала намнога менш кніг з вырванымі і бруднымі старонкамі, вырасла колькасць чытальнікаў. А яшчэ ў дзяцей заўсёды ўзнікае жаданне прачытаць тую кнігу, якую яны парамантавалі. Нават нейкае спаборніцтва існуе паміж вучнямі, хто больш “палечыць” і прачытае выратаваных кніг.
Таццяна Галавач,
настаўнік пачатковых класаў,
ДУА “Мілявіцкі вучэбна – педагагічны
комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа “
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад