Вучаніца дзясятага класа ДУА ”Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза І. Шарамета” Вікторыя Язерская ўзнагароджана дыпломам трэцяй ступені за ўдзел у абласным конкурсе “На лепшую самаробную кнігу” ў намінацыі “На лепшае мастацкае афармленне твора (ці яго ўрыўка) беларускіх асветнікаў і мысліцеляў”.
Конкурс праводзіўся па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гро-дзенскага аблвыканкама і ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага” і быў прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Рукапісная кніга стваралася на аснове твора Юрыя Лабынцава “Скарынаўскі каляндар”, у якім адлюстраваны асноўныя даты і падзеі з жыцця і дзейнасці беларускага першадрукара і асветніка. На працягу амаль двух месяцаў Вікторыя разам з настаўніцай беларускай мовы Аленай Вячаславаўнай Лука працавалі над кнігай, у якой дванаццаць старонак па колькасці месяцаў у годзе, кожная прысвечана адной знамянальнай падзеі з жыцця Ф.Скарыны.
Шмат выдумкі, творчай фантазіі і майстэрства прыклалі Алена Вячаславаўна і Вікторыя да афармлення. Вокладка самаробнай кнігі зроблена з льнянога палатна, для напісання тэкстаў выкарыстаны стараславянскі шрыфт і папера, падрыхтаваная адпаведным чынам. Надзвычай выразнай і каларытнай атрымалася выява Ф. Скарыны, якую намалявала Вікторыя.
— 500-годдзе беларускага кнігадрукавання — значная падзея ў культурным жыцці нашай краіны. Каб больш даведацца аб жыцці і дзейнасці Францыска Скарыны і іншых беларускіх асветнікаў, паглыбіць веды па літаратуры і гісторыі, мы вырашылі прыняць удзел у гэтым конкурсе. Вікторыя вельмі творчая і адказная дзяўчынка. Усё, за што бярэцца, стараецца зрабіць як найлепш, — дзеліцца ўражаннямі ад конкурсу А. В. Лука.
— Вікторыя Язерская — гонар нашай школы. Прыгажуня, артыстка, мастачка, актывістка, разумніца, кандыдат на атрыманне залатога медаля. За выдатную вучобу, актыўны ўдзел і перамогу ў конкурсах рознага ўзроўню яна ўзнагаро-джана пуцёўкай у лагер “Зубраня”, — дапаўняе дырэктар школы Віктар Мечыслававіч Чэрнік. — Мы не сумняваліся, што кніга, падрыхтаваная Вікторыяй і Аленай Вячаславаўнай, будзе дастойна ацэнена журы.
У Лунненскай школе з нагоды атрымання дыплома адбылася ўрачыстая лінейка, дзе Вікторыю Язерскую і Алену Вячаславаўну Лука павіншавалі з поспехам і пажадалі новых перамог.
Многія навучэнцы Лунненскай школы не толькі ахвотна ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах, але і становяцца іх пераможцамі і прызёрамі. Гэта пашырае кругагляд, дапамагае ім у вучобе.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад