За дзень на вясковы стацыянарны ўчастак перапісацца прыходзіць не больш за дзясятак чалавек. Гэта не азначае, што перапісчыкі (іх у Луніне трое) сядзяць у чаканні людзей. Яны праяўляюць ініцыятыву: напрыклад, ідуць у арганізацыі, дзе таксама можна запаўняць перапісныя лісты.
Колькі яблынь у сапраўднай гаспадыні?
Пункт прызначэння — Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці. Статыстыка падказвае, што тут сельскіх жыхароў прыблізна столькі ж, колькі гарадскіх. Адзін са стацыянарных участкаў перапісу насельніцтва размясціўся ў Лунінскім сельвыканкаме. Прызнацца, іду туды з думкамі, што прыйдзецца размаўляць адзін на адзін з перапісчыцай. Як ні круці, а вясковы люд не такі лёгкі на пад’ём, як гарадскі. Аднак здалёк чую звонкі жаночы смех за дзвярыма з каляровым плакатам «Перапіс». Праца ідзе поўным ходам.
— Ох, дзеўкі! Забула, колі мой дзед нарадзіўся! — кажа жыхарка Луніна Марыя Благіх.
Вось і прычына смеху.
— Не хвалюйцеся, зараз падлічым, у якім годзе ваш суджэнец на свет з’явіўся, — запэўнівае яе перапісчыца Таццяна Краўчук.
Разабраўшыся з датамі, пераходзяць да нацыянальна-этнічных характарыстык. Марыя — беларуска. Пры гэтым на пытанне «Якой мовай карыстаецеся дома?» адказвае: «По-лунянскі гаворым».
Самае цікавае, што так кажа кожны другі жыхар Луніна. Па словах перапісчыкаў, такая ж сітуацыя была і ў 2009-м, і ў 1999-м. Характэрная палеская гаворка не падобная на літаратурную беларускую мову. Аднак перапіс не прадугледжвае варыянта, што дома вясковыя людзі размаўляюць на дыялектах.
Ідзём далей. Крыніца сродкаў на існаванне? «Пенсія», — уздыхае жанчына. Яна зусім не здзіўляецца пытанню пра планы паехаць за мяжу (яго задаюць усім рэспандэнтам ад 15 да 74 гадоў):
— Ведаю, што нашыя пенсіянеры едуць на цягніках у Польшчу на закупы, ва Украіну. Чым не замежжа?
Сельскагаспадарчы блок аказваецца самым вялікім. Яблыні на двары ёсць? «Ёсць. Тры ці чатыры». Груша? «Не прыжыліся». Вішня? «Е пару штук». Сліва, алыча? «І сліва, і алыча. Яшчэ абрыкос, арэх». Жывёл ці птушак дома трымаеце? «Сем кур». Колькі з іх нясушак?
Па падліках перапісчыкаў, на аднаго сельскага рэспандэнта ў сярэднім ідзе ад 15 да 30 хвілін. Час, безумоўна, залежыць ад колькасці членаў сям’і і гаспадаркі.
Толькі мы адпраўляем інфармацыю па Марыі Іванаўне ў Белстат, на участак заходзіць малады мужчына.
— Добры дзень! Дакумент трэба? — яго рука цягнецца да кішэні за пашпартам.
— Не. Фіксуем з вашых слоў, — папярэджвае яго Таццяна.
Пытанне за пытаннем — і партрэт незнаёмца ва ўніформе, які на перапіс заскочыў падчас абеду, набывае канкрэтныя рысы. Жанаты, трое дзетак, працуе вадзіцелем. Жыве сям’я ў шматкватэрным доме, але надзел зямлі ўсё адно бяруць.
— Мы беларусы, таму палову градкі — пад бульбу, а другую — пад клубніцы, бо лунінецкія, — адказвае на пытанні сельскагаспадарчага блока Юрый Койка. — А пашпарт я ўсё ж дастану, пераправеру даты нараджэння дзяцей.
За дзень на вясковы стацыянарны ўчастак перапісацца прыходзіць не больш за дзясятак чалавек. Гэта не азначае, што перапісчыкі (іх у Луніне трое) сядзяць у чаканні людзей. Яны праяўляюць ініцыятыву: напрыклад, ідуць у арганізацыі, дзе таксама можна запаўняць перапісныя лісты.
— Усе сваякі і калегі ўжо ў базе, — кажа Таццяна, паказваючы на планшэт, праз які ў гэтым годзе ажыцяўляецца перапіс. — Раніцай перад працай зайшла ў магазін — прапанавала жанчынам у чарзе далучыцца да перапісу. Не адмовілі. Вось вам і 15 рэспандэнтаў за два дні. Зараз народ крыху раскачаецца, адно другому раскажуць, што да чаго, і пойдуць да нас актыўней.
На інтэрнэт-магчымасці сёлетняга перапісу вясковыя жыхары вялікіх спадзяванняў не ўскладваюць. Безумоўна, моладзь навінку ацэніць. Але ёсць і тыя, хто пачаў адказваць на пытанні самастойна, заблытаўся і ў выніку ўсё адно вырашыў дачакацца перапісчыка дома. Там усё па стандартнай схеме.
Акрамя асноўнага спіса жыхароў кожнай вёскі, ёсць у пераспісчыкаў два асаблівых. Першы — з адрасамі пажылых, якіх абслугоўваюць сацслужбы. «Часта самі яны не ў стане адчыніць дзверы. Пойдзем да іх з сацыяльнымі супрацоўнікамі», — тлумачаць на ўчастку. Другі спіс з адрасамі «асоб, патрабуючых асаблівай увагі». Да іх перапісчыкі пойдуць з участковымі міліцыянерамі. «Такога кантынгенту, на шчасце, няшмат. Можна пералічыць па пальцах. Але, улічваючы, што перапісчыкі ў нас — толькі слабыя жанчыны, перасцярога лішняй не будзе».
Школа глядзіць у будучыню
На выхадзе з сельвыканкама сустракаю старэйшае пакаленне — мужчын-пенсіянераў. Вось іх разважанні.
— Лунін паміраць не збіраецца, — кажа былы ляснічы, а цяпер пенсіянер Іван Курак. — Вось у маёй роднай вёсцы была школа — 180 чалавек, а цяпер вучань адзін, возяць яго аўтобусам у суседні аграгарадок.
— Ад маёй роднай вёскі ўвогуле нічога не засталося. У Пружанскім раёне на ўскрайку Белавежскай пушчы некалі 170 двароў было, паўтысячы жыхароў, а цяпер — нікога, — падключаецца да размовы 75-гадовы Канстанцін Папко. — У Луніна будучыня ёсць хаця б таму, што школа трымаецца — дзяцей больш за сотню.
Прапаную суразмоўцам прабегчыся па пытаннях сёлетняга перапісу.
— У пытаннях пра хатнюю скацінку хутка ўвогуле ніякай патрэбы не будзе. Мы падлічылі: калі гадаваць пару свіней, то на іх сыйдзе мінімум 1000 рублёў за год. Але ж ці акупяцца яны? За гэтыя грошы столькі мяса і сала ўзяць можна, — дзеляцца старыя.
Аднак прызнаюцца, што невялічкая гаспадарка ў іх ёсць. У каго куры, у каго козы: трэба ж нечым рукі на пенсіі заняць. Разам з тым успамінаюць яны і пра сваё дзяцінства, якое прыйшлося на 1950-я гады. Тады трымаць жывёлу хацелі ўсе вяскоўцы, але баяліся: літаральна на ўсё дзейнічаў падатак. Маеш карову — здай малако і масла дзяржаве. Ёсць кабанчык? Аддавай скуру.
— Цяпер — трымай, каго хочаш. Толькі ахвотнікаў няшмат. На ўвесь Лунін 6 кароў. У суседнім Палескім — 2. Для параўнання: дзесяць гадоў таму іх было каля 170. Куды яны падзеліся? — задаецца пытаннем пенсіянер Мікалай Наварыч, а падумаўшы, сам на яго адказвае: — Сёння фермы даюць малака ў разы больш, чым раней. Хатняя скацінка проста не вытрымала канкурэнцыі з боку буйных гаспадарак.
Дарэчы, у архіве сельвыканкама захоўваюцца пагаспадарчыя кнігі з сярэдзіны 1940-х гадоў да нашых дзён. Яны ўтрымліваюць звесткі пра ўсіх жыхароў вёсак, іх домаўладанні, прысядзібныя ўчасткі і падсобную гаспадарку. Фактычна гэты «сельскі перапіс» праводзіцца штогод з пасляваенных часоў. Пытанні ў ім застаюцца амаль нязменнымі. Так, звычайная лунінская сям’я ў 1950-х гадах — маці і двое дзяцей (вайна пазабірала мужыкоў) — трымала каня, карову і цяля, свінаматку і дваіх парасят, пару авечак, дзясятак кур. Мела 0,3 гектара зямлі пад агарод і сад з чатырма яблынямі, чатырма грушамі, вінаграднікам і некалькімі кустамі парэчак.
Якую ж сітуацыю маем сёння? У лепшым выпадку сям’я з двума дзецьмі трымае парсючка, кур і невялічкі агародзік з садам, дзе часта расце газонная трава.
Умовы не горшыя за гарадскія
Усяго ў Лунінскім сельвыканкаме, якому падначальваецца 4 аграгарадкі і 2 вёскі, крыху менш за дзве тысячы жылых дамоў. Навасёлы за гэты год заехалі ў чатыры новыя хаты.
— Аднак нельга скідваць з рахунку старыя дамы. Ахвотнікаў прыдбаць маёмасць на вёсцы хапае. Як сярод сваіх, так і сярод чужых, — запэўнівае старшыня сельвыканкама Аляксандр Якавец. — Умовы не горшыя за гарадскія — газ, вадаправод, каналізацыя, хуткасны інтэрнэт.
Некалькі гадоў таму тут набыла дом грамадзянка Украіны. Дарослыя дзеці пераехалі ў горад, а яна — у вёску. Працуе, праўда, у Мінску вахтавічкай. Два тыдні ў сталіцы праводзіць, два — у палескай глушы. Абраў наш куточак для пастаяннага месца жыхарства і расіянін. І сваякоў у гэтых людзей тут няма. Узялі ды прыехалі самі па сабе.
— Сюрпрызаў наконт колькасці жыхароў у нашых вёсках не будзе. Гэтую статыстыку мы і самі вядзём. Узяць хаця б мінулы год. Памерла 66 чалавек, нарадзілася 39. Затое 8 пар пажанілася, таму будзем чакаць прыбаўлення, — расказвае старшыня. — Што да перапісу, то цікава ўбачыць агульную карціну па краіне. Колькі нас, напрыклад, вясковых беларусаў?
infong@sb.by
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад