Сёння Смаргонь прымае абласны фестываль-ярмарку працаўнікоў сяла “Дажынкі-2019”. Сюды з усіх куточкаў Прынёманскага краю з’язджаюцца лепшыя аграрыі, сярод якіх і прадстаўнікі Мастоўшчыны.
Дэлегацыю Мастоўскага раёна ўзначаліў старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Валяваты.
Удзельнікамі фестывалю сельскіх працаўнікоў таксама сталі першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Генадзь Шатуеў, намеснік начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці райсельгасхарчу Аляксандр Прэдка, дырэктар ЗАТ “Гудзевічы” Андрэй Санько, жывёлавод і камбайнер гэтай жа гаспадаркі Андрэй Даўгаполік і Андрэй Мешка, кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Мара” Віктар Кандратовіч, былы галоўны бухгалтар ААТ “Чарлёна” Гелена Каляда, аператар машыннага даення МТФ “Лунна” ААТ “Чарлёна” Алена Белянкова, аператар машыннага даення КСУП “Азяранскі” Анжаліка Уманчук.
Абноўленая і па-святочнаму прыбраная Смаргонь вітае залаты фонд аграпрамысловага комплексу Гродзеншчыны гасцінна і сардэчна, з шырока адкрытаю душой. Горад літаральна ззяе свежымі фарбамі, паўсюль гучыць музыка, працуюць гандлёвыя рады. А пасмурнае і халаднаватае надвор’е кампенсуюць шчырыя ўсмешкі, адкрытасць і прыветлівасць жыхароў аднаго з самых паўночных раёнаў вобласці.
Гаспадары з гонарам дэманструюць добраўпарадкаваныя аб’екты і сваю творчасць – гарадскі парк і вуліцы райцэнтра нагадваюць горад майстроў.
Тут размясціліся выстава-ярмарка “Беларускія дзівосы” майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, музейна-этнаграфічная экспазіцыя пад адкрытым небам “Ад сявенькі да хлеба”, выстава мастацкіх работ навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў Смаргонскага раёна і самадзейных мастакоў “Дажыначны вернісаж”, выстава тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гродзенскай вобласці і многае іншае.
Да слова, сваімі адмысловымі рукатворнымі работамі здзіўляюць і захапляюць гасцей свята і мастаўчане – майстры Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў.
А на вуліцы Савецкай сталіцы абласных “Дажынак” з самай раніцы працуюць стылізаваныя падворкі раёнаў “Скарбы малой радзімы”. У гэтым годзе наш раён прадстаўляе камунальнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Імя Адама Міцкевіча”. Гасцей працавітыя і гасцінныя вяскоўцы сустракаюць песнямі, забавамі і шчодра накрытым сталом, дзе ганаровае месца займае хлеб – сімвал жыцця, еднасці і велічы нялёгкай працы.
Галоўнымі героямі цырымоніі ўшанавання перадавікоў сёлетняга сельскагаспадарчага года сталі пераможцы абласнога спаборніцтва, якія занялі першыя месцы ў яго шматлікіх намінацыях. Яны пад гукі музыкі і апладысменты выходзілі на сцэну, атрымоўвалі дыпломы, прэміі і каштоўныя падарункі. Былі адзначаны лепшыя раёны, сельгаспрадпрыемствы, перадавікі з ліку камбайнераў, вадзіцеляў на адвозцы зерня, спецыялістаў і кіраўнікоў гаспадарак.
Сярод узнагароджаных – і нашы землякі. Так, Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь адзначаны дырэктар закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы” А. А. Санько. Падзяка Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь уручана жывёлаводу фермы “Радзявічы” гэтай жа гаспадаркі А. І. Даўгаполіку. Камбайнер ЗАТ “Гудзевічы” А. В. Мешка атрымаў узнагароду як пераможца спаборніцтва на ўборцы зерня.
За высокую культуру земляробства адзначаны кіраўнік фермерскай гаспадаркі В. А. Кандратовіч. Як ветэран працы ўзнагароджана былы бухгалтар ААТ “Чарлёна” Г. І. Каляда. Па выніках спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у галіне жывёлагадоўлі сярод лепшых названа аператар машыннага даення ААТ “Чарлёна” А. А. Белянкова.
За шматгадовую плённую працу ў галіне сельскай гаспадаркі Гродзенскім абкамам прафсаюза работнікаў АПК адзначаны намеснік начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці райсельгасхарчу А. М. Прэдка. Аператар машыннага даення КСУП “Азяранскі” А. А. Уманчук атрымала ўзнагароду ад грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.
Свой музычны падарунак лепшыям аграрыям Гродзеншчыны падрыхтавалі творчыя калектывы раёнаў вобласці і г. Гродна. Задушэўныя песні прагучалі ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Ярыца”. Цёпла сустракалі ўдзельнікі свята і выканаўцаў Струбніцкага цэнтра вольнага часу і культуры.
Н. ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад